Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАРТЫ́НАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 29.3.1947, г.Радвілішкіс, Літва),

бел. артыст балета, педагог. Скончыў Рыжскае харэаграфічнае вучылішча (1966), з 1972 выкладаў у ім. З 1964 саліст Рыжскага т-ра оперы і балета. З 1976 саліст, з 1985 педагог-рэпетытар Нац. акад. т-ра балета Беларусі, з 1978 (з перапынкам) адначасова педагог Дзярж. харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. Яго танцу ўласцівы высокая тэхніка, эмацыянальнасць, сцэн. абаяльнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Прынц, Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт, Алі («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Базіль, Кавалер («Дон Кіхот», «Пахіта» Л.Мінкуса), Франц («Капелія» Л.Дэліба), Кален («Ліза і Кален» Ф.Герольда), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Кароль Філіп («Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча) і інш. Лаўрэат VII Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (Балгарыя, 1974).

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 106, 107, 109.

Л.І.Вішнеўская.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Аляксандр Яўстаф’евіч) (20.7.1816, С.-Пецярбург — 28.8.1860),

расійскі акцёр; адзін з заснавальнікаў рэалізму ў рус. тэатры. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1835). З 1836 у трупе Александрынскага т-ра. Ролі вызначаліся псіхалагізмам, віртуозным майстэрствам пераўвасаблення, шырокім творчым дыяпазонам — ад вострай сатырычнасці, часам парадыйна-гратэскнага камізму, да трагедыйнасці: Хлестакоў, Падкалёсін («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Мошкін («Халасцяк» І.Тургенева), Мітрафан («Недаростак» Дз.Фанвізіна), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Сінічкін («Леў Гурыч Сінічкін» Дз.Ленскага) і інш.

А.Я.Мартынаў.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Віктар Уладзіміравіч) (н. 25.1.1924, г. Адэса, Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Адэскі ун-т (1948), з 1952 працаваў у ім. З 1960 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1994—96 у Мінскім лінгвістычным ун-це. З 1998 у Еўрап. гуманітарным ун-це (Мінск). Даследуе агульнае, слав. і прыкладное мовазнаўства. Аўтар кніг: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне найстаражытнейшай пары: (Да праблемы прарадзімы славян)» (1963), «Кібернетыка. Семіётыка. Лінгвістыка» (1966), «Славянская і індаеўрапейская акамадацыя» (1968), «Семіялагічныя асновы інфарматыкі» (1974), «Катэгорыі мовы» (1982), «Мова ў прасторы і часе: Да праблемы глатагенезу славян» (1983), «Універсальны семантычны код: УСК-3» (1984), «Этнагенез славян: Мова і міф» (1993), «Прарадзіма славян. Лінгвістычная верыфікацыя» (1998), сааўтар «Лексікі Палесся ў прасторы і часе» (1971), «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93) і інш.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Георгій Раманавіч) (н. 28.8.1925, г. Іванава, Расія),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1954). З 1948 у Іванаўскім т-ры муз. камедыі. З 1952 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1963 2-і балетмайстар Дзярж. ансамбля танца Беларусі; у 1967—75 саліст балета Бел. філармоніі. Выконваў пераважна партыі характарнага плана: Хмель («Палымяныя сэрцы» В.Залатарова), Мацей і бацька Анежкі («Падстаўная нявеста» і «Святло і цені» Г.Вагнера), Блазан і Кот у ботах («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага) і інш. Танец М. вызначаўся пластычнай выразнасцю і артыстызмам. Паставіў шэраг эстр. харэаграфічных нумароў, у т.л. «Паўлінка», «Лявоніха», «Перапёлачка»; танцы да драм. спектакляў, у т.л. «Эдзіт Піяф» В.Легентава ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Іван Аляксеевіч) (19.9. 1923, с. Нікола-Сергіеўка Тамбоўскай вобл., Расія — 25.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Хабараўскае кулямётна-мінамётнае вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з вер. 1943 на 1-м Прыбалт. фронце. Старшы лейт. М. вызначыўся 23—25 чэрв. ў баях пры фарсіраванні Зах. Дзвіны каля в. Дворышча Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. Загінуў у баі.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Іван Платонавіч) (н. 12.8.1938, в. Антонаўка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1961). З 1965 у Гродзенскім ун-це (з 1997 прарэктар). Навук. працы па аналіт. тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Распрацаваў новыя метады даследавання аналіт. уласцівасцей рашэння дыферэнцыяльных сістэм вышэйшых парадкаў.

Тв.:

Об уравнениях третьего порядка без подвижных критических особенностей // Дифференц. уравнения. 1985. Т. 21, № 6;

О классификации дифференциальных уравнений в частных производных третьего порядка типа Пенлеве (разам з Н.С.Бярозкінай, В.А.Пранько) // Там жа. 1994. Т. 30, № 10.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Леанід Мікалаевіч) (22.5. 1905, г. Омск, Расія — 21.6.1980),

расійскі паэт. Друкаваўся з 1921. У паэмах «Табольскі летапісец», «Шукальнік раю» (абедзве 1937), «Саматканая Венера» (1939) і інш. маляўнічыя карціны побыту старой Сібіры, маштабнасць гісторыка-філас. фону, сімвалізацыя гіст. дэталей. Своеасаблівы каментарый да паэм — маст.-гіст. нарысы ў прозе «Крэпасць на Омі» (1939) і «Аповесць пра Табольскае ваяводства» (1945). Рамант. матывы ў зб. «Лукамор’е» і «Эрцынскі лес» (абодва 1945) звязаны з Лукамор’ем — вобразам-сімвалам рэальнай паўн. радзімы паэта і адначасова легендарнай краіны шчасця. У паэт. зб-ках «Першародства» (1965; Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Голас прыроды» (1966), «Гіпербалы» (1972; Дзярж. прэмія СССР 1974), «Вузел бур» (1979), «Залаты запас» (1981) і інш. тэмы натхнёнага служэння мастацтву, прыгажосці, роздум пра час і сэнс жыцця. Аўтар зб-каў нарысаў «Грубы корм» (1930), перакладаў «Паэты розных краін» (1964), кн. пра паэзію «Паветраныя фрэгаты» (1974), успамінаў «Знак бясконцасці» (1980) і інш. Творчасці М. ўласцівы складана-асацыятыўнае мысленне, міфалагізм, майстэрства гукапісу. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Э.Агняцвет, А.Каско.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1976—77;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1990.

Літ.:

Дементьев В. Леонид Мартынов: Поэт и время. 2 изд. М., 1986;

Художественная индивидуальность писателя и литературный процесс: (Творчество Л.Мартынова). Омск, 1989;

Воспоминания о Леониде Мартынове. М., 1989.

А.В.Спрынчан.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Уладзімір Кірылавіч) (17.3.1919, с. Дальнавідава Арлоўскай вобл., Расія — 24.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з ліп. 1941. Камандзір роты старшы лейт. М. вызначыўся ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.: рота на чале з ім прарвала абарону каля в. Лудчыцы, авалодала вышынёй, 19 гадзін адбівала атакі праціўніка; загінуў у гэтым баі. Яго барэльеф і імя высечаны на стэле Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні.

т. 10, с. 140

МАРТЫ́НАЎ (Уладзімір Якаўлевіч) (23.8.1916, г. Саратаў, Расія — 9.10.1998),

бел. ваенны дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1941). З 1945 дырыжор Групы сав. войск у Германіі, з 1950 нач., з 1959 маст. кіраўнік аркестра штаба БВА (адначасова нач. ваенна-арк. службы акругі), з 1962 нач. ваен.-арк. службы Паўд. групы сав. войск. У 1967—86 выкладаў у Бел. акадэміі музыкі (з 1981 дацэнт). Аўтар маршаў, апрацовак бел. нар. песень і танцаў для духавога аркестра; аранжыраваў для яго 3-і фп. канцэрт Дз.Кабалеўскага, сцэну пісьма Таццяны з оперы П.Чайкоўскага «Яўген Анегін», творы У.Алоўнікава, Я.Глебава, Р.Пукста, Н.Сакалоўскага.

Дз.М.Жураўлёў.

т. 10, с. 140

МАРТЫ́НАЎ (Юрый Сямёнавіч) (н. 29.5.1937, г. Кіраў, Расія),

бел. вучоны ў галіне прамысл. буд-ва. Канд. тэхн. н. (1970), праф. (1994). Скончыў БПІ (1961). З 1966 у БПА (у 1978—99 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні і выкарыстанні буд. канструкцый.

Тв.:

Сталежелезобетонные конструкции в промышленном и гражданском строительсгве Белорусской ССР. Мн., 1989.

т. 10, с. 140