МАРТЫ́НАЎ (Уладзімір Якаўлевіч) (23.8.1916, г. Саратаў, Расія — 9.10.1998),
бел. ваенны дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1941). З 1945 дырыжор Групы сав. войск у Германіі, з 1950 нач., з 1959 маст. кіраўнік аркестра штаба БВА (адначасова нач. ваенна-арк. службы акругі), з 1962 нач. ваен.-арк. службы Паўд. групы сав. войск. У 1967—86 выкладаў у Бел. акадэміі музыкі (з 1981 дацэнт). Аўтар маршаў, апрацовак бел. нар. песень і танцаў для духавога аркестра; аранжыраваў для яго 3-і фп. канцэрт Дз.Кабалеўскага, сцэну пісьма Таццяны з оперы П.Чайкоўскага «Яўген Анегін», творы У.Алоўнікава, Я.Глебава, Р.Пукста, Н.Сакалоўскага.
Дз.М.Жураўлёў.
т. 10, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)