МАРТЫ́НАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 29.3.1947, г.Радвілішкіс, Літва),
бел. артыст балета, педагог. Скончыў Рыжскае харэаграфічнае вучылішча (1966), з 1972 выкладаў у ім. З 1964 саліст Рыжскага т-ра оперы і балета. З 1976 саліст, з 1985 педагог-рэпетытар Нац. акад. т-ра балета Беларусі, з 1978 (з перапынкам) адначасова педагог Дзярж. харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. Яго танцу ўласцівы высокая тэхніка, эмацыянальнасць, сцэн. абаяльнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Прынц, Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт, Алі («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Базіль, Кавалер («Дон Кіхот», «Пахіта» Л.Мінкуса), Франц («Капелія» Л.Дэліба), Кален («Ліза і Кален» Ф.Герольда), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Кароль Філіп («Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча) і інш. Лаўрэат VII Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (Балгарыя, 1974).
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 106, 107, 109.
Л.І.Вішнеўская.
т. 10, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)