Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІСАКРА́Т (436 да н.э., Афіны — 338 да н.э.),

старажытнагрэчаскі прамоўца, настаўнік рыторыкі і публіцыст. Стваральнік тэорыі класічнай антычнай прозы, увёў падзел на мовы паэтычную і празаічную. Каля 390 да н.э. заснаваў у Афінах школу рыторыкі — прататып агульнаадук. школы; яе праграму выклаў у прамовах супраць сафістаў. Прыхільнік прамакедонскай партыі і прапагандыст яе праграмы («Панегірык», 386; «Арэапагітык», 355; «Панафінейская прамова», 342—339). Лічыў манархію лепшай формай дзярж. кіравання. Пасля разгрому грэкаў у 338 да н.э. каля Херанеі македонцамі на чале з Філіпам II І. скончыў самагубствам. Захавалася 21 яго прамова (у т. л. 6 судовых) і 9 лістоў.

т. 7, с. 328

ІСА́НІН (Мікалай Мікітавіч) (22.4.1904, Масква — 1990),

савецкі вучоны ў галіне механікі. Акад. АН СССР (1970). Двойчы Герой Сац. Працы (1963, 1974). Скончыў Ленінградскі караблебудаўнічы ін-т (1935). Асн. навук. працы па суднабудаванні. Дзярж. прэмія СССР 1942, Ленінская прэмія 1959.

т. 7, с. 328

ІСАЎРЫ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

ці Сірыйская, дынастыя візантыйскіх імператараў (717—802). Заснавальнік — выхадзец з Сірыі Леў III, якога памылкова лічылі родам з Ісаўрыі (паўд. вобласць М. Азіі). Пры І.д. становішча Візантыі ўмацавалася, сфарміравалася фемная сістэма ўпраўлення (гл. Фемы), заснаваная на падатковых павіннасцях і ваен. службе свабодных сялян. Імператары І.д. паспяхова ваявалі з арабамі і балгарамі, імкнуліся замацаваць адзінства шматплемянной імперыі, у ходзе барацьбы супраць т. зв. абразашанавання канфіскоўвалі царк. і манастырскія багацці. Прадстаўнікі дынастыі: Леў III [717—741], Канстанцін V [741—775], Леў IV [775—780], Канстанцін VI [780—797], Ірына, жонка Льва IV [797—802].

т. 7, с. 328

ІСА́ЧАНКА (Аляксандр Васілевіч) (21.12.1910, С.-Пецярбург — 19.3.1978),

рускі і аўстр. славіст. Чл.-кар. Германскай (1964) і Чэхаславацкай (1968) АН. Скончыў Венскі ун-т (1937). Праф. Браціслаўскага (з 1941), Каліфарнійскага (з 1964), Клагенфурцкага (Аўстрыя; з 1971) ун-таў. Асн. працы па пытаннях лексікі, фанетыкі і граматыкі сучасных слав. моў, праблемах агульнага мовазнаўства: «Мова і паходжанне фрэзінгенскіх помнікаў» (1943), «Фанетыка рускай мовы» (1947), «Граматычны лад рускай мовы ў супастаўленні са славацкай. Марфалогія» (т. 1—2, 1954—60), «Славацка-рускі слоўнік» (т. 1—2, 1950—57), «Гісторыя рускай мовы» (т. 1—2, 1980—83). Быў старшынёй камісіі па лінгвістычнай тэрміналогіі Міжнар. к-та славістаў. Пераклаў на славацкую мову «Слова пра паход Ігаравы».

Э.К.Германовіч.

т. 7, с. 328

ІСА́ЧАНКА (Аляксандр Лаўрынавіч) (14.3.1919, в. Хоўхла Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 8.10.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Гомельскага камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху ў Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Рэчыцкае пед. вучылішча. Да вайны сакратар Гомельскага гаркома ЛКСМБ. Са жн. 1941 падрыўнік, разведчык у партыз. атрадзе «Бальшавік», адначасова сакратар Гомельскіх падп. абкома і гаркома ЛКСМБ, чл. Гомельскага падп. гаркома КП(б)Б. Група падрыўнікоў на чале з І. пусціла пад адхон 58 эшалонаў ворага, знішчыла 87 аўтамашын, танкаў, браневікоў. Загінуў пры падрыхтоўцы да задання. У в. Хоўхла яму пастаўлены помнік.

А.Л.Ісачанка.

т. 7, с. 328

ІСА́ЧАНКА (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 16.5.1925, г. Гомель),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1998). Скончыў БПІ (1958). З 1951 працаваў гал. архітэктарам Ваенпраекта БВА, Гродзенскай вобл., з 1974 — БелНДІП горадабудаўніцтва. Асн. работы: адм. будынак у Барысаве (1957), дамы афіцэраў у Лідзе (1956), Баранавічах (1960), Мінску (Уручча; 1968), Мазыры (1969), Гродне (1974), лёгкаатлетычны манеж ва Уруччы (1976, у сааўт.), прафілакторый у Наваполацку (1982), Палац культуры ў Лідзе (1994), ген. планы гарадоў Ліда, Ваўкавыск, Слонім, Шчучын (1991—98) і інш.

т. 7, с. 329

ІСАЧО́Ў (Аляксандр Анатолевіч) (11.1.1955, г.п. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 5.12.1987),

бел. жывапісец. Прафесійнай маст. адукацыі не атрымаў. Жыў пераважна ў г. Рэчыца Гомельскай вобл. У 1973 працаваў у Ленінградзе, дзе склаўся як мастак пад уплывам нефармальнага маст. асяроддзя. Працаваў у сюррэалістычнай манеры. Аўтар карцін на біблейскія («Рахіль», «Майсей», абодва 1976; «Укрыжаванне»,1977; «Андрэй Першазваны»,1980; «Ісус Хрыстос», 1983; «Іакаў», 1985; «Прарок», 1987) і міфалагічныя («Персефона», 1984—85; «Дрыяда», 1985—87) тэмы, партрэтаў («Аўтапартрэт», 1986—87), нацюрмортаў («Нацюрморт з люстэркам» з серыі «Магія», 1982 і інш.). Работам уласцівы лесіровачная манера пісьма, скрупулёзная прапрацоўка дэталей, імкненне да сімвалічнасці і метафарычнасці («Маленне пра чашу». 1981; «Магія», 1983—84; «Алегорыя мастацтва», 1983—87; «Ля крыніцы», 1987). У 1988 на кінастудыі «Беларусьфільм» пра І. зняты фільм «Не плачце па мне» (рэж. А.Алай).

Літ.:

Алай А.И. Встречи на всю жизнь: Зап. кинооператора. Мн., 1989.

А.Ісачоў. Алегорыя мастацтва. 1983—87.

т. 7, с. 329

ІСАЧЭ́НКА (Анатоль Рыгоравіч) (н. 28.5.1922, г. Гомель),

расійскі географ і картограф. Акад. Расійскай экалагічнай акадэміі (1992). Д-р геагр. н. (1963), праф. Санкт-Пецярбургскага ун-та (1964). Скончыў Ленінградскі ун-т (1947). Навук. працы па ландшафтазнаўстве, фіз.-геагр. раянаванні, складанні ландшафтных картаў (рэдагаваў Ландшафтную карту Беларускай ССР маштабу 1:600 000; 1984), пытаннях экалогіі. Залаты медаль імя П.П.Сямёнава-Цян-Шанскага (1963), Вял. залаты медаль Расійскага геагр. т-ва (1995).

В.А.Ярмоленка.

т. 7, с. 329

ІСАЧЭ́НКА (Барыс Лаўрэнцьевіч) (14.6.1871, С.-Пецярбург — 17.11.1948),

савецкі мікрабіёлаг і батанік; заснавальнік айч. марской мікрабіялогіі. Акад. АН СССР (1946; чл.-кар. 1929). Акад. АН УССР (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1895). У 1917—30 дырэктар Бат. саду АН СССР. З 1937 у Ін-це мікрабіялогіі АН СССР (з 1939 дырэктар). Навук. працы па марской мікрабіялогіі (пераважна палярных мораў), агульнай, с.-г., тэхн. мікрабіялогіі, батаніцы і насеннезнаўстве. Прапанаваў гіпотэзу біягеннага ўтварэння радовішчаў серы, бактэрыяльнага адкладу кальцыю. Прапанаваў бактэрыяльны метад барацьбы са шкоднымі жывёламі, напр., пацукамі.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—3. М.; Л., 1951—57.

т. 7, с. 329