Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́НЕ́КА (Луцый Аней) (Lucius Annaeus Seneca; каля 4 да н.э., г. Кордава, Іспанія — 65 н.э.),

старажытнарымскі філосаф, пісьменнік і дзярж. дзеяч. У 49—54 выхоўваў Нерона, пасля ўзыходу якога на прастол у 54 аказваў уплыў на праўленне імперыяй. Абвінавачаны Неронам у змове супраць імператара і па яго загадзе скончыў жыццё самагубствам. Філасофія С. эклектычная: заснавана на сінтэзе стаіцызму і вучэнняў Эпікура, кінікаў і інш. У асн. філас. працах «Маральныя лісты да Луцылія», «Аб дабрадзействах», «Аб міласэрнасці» прапанаваў праграму маральнага самаўдасканалення асобы, дасягнення стану незалежнасці ад знешніх абставін. Лічыў, што для дасягнення асабістага шчасця неабходна валодаць маральнай мудрасцю і такімі якасцямі, як пагарда да смерці і ўстрыманне. Прызнаваў наяўнасць дабратворнай божай волі і лічыў пакуты чалавека пры жыцці выпрабаваннямі Бога. Адстойваў ідэю роўнасці ўсіх людзей, у т. л. і рабоў. Верыў у бязмежны прагрэс чалавечых ведаў. У аснове натурфілас. поглядаў С. вучэнні стоікаў пра цялеснасць усяго існага і сусв. пажар як пакаранне за зямное зло. Яго светапогляд адлюстраваны ў 9 трагедыях («Медэя», «Эдып», «Фіест», «Федра», «Геркулес Вар’яцкі», «Агамемнан», «Траянкі», «Фінікіянкі», «Геркулес Этэйскі») на міфалагічныя сюжэты, дзе праводзіў думкі аб згубнасці моцных пачуццяў, вар’яцкім свавольстве дэспатыі, смерці як сродку выратавання ад зямнога зла. Трагедыі С. паўплывалі на далейшае развіццё драматургіі (У.​Шэкспір, франц. класіцызм). На Беларусі ідэі С. развівалі Ф.​Скарына, М.​Гусоўскі, С.​Будны, Сімяон Полацкі і інш. Сугучныя С. ідэі выказвалі Г.​Каніскі, які прызнаваў магчымасць дасягнення шчаслівага жыцця на зямлі, М.​К.​Сарбеўскі, С.​Лаўксмін, Т.​Брылевіч, якія гал. задачу філасофіі бачылі ў фарміраванні высокамаральнай асобы.

Тв.:

Рус. пер. — Трагедии. М., 1991;

Нравственные письма к Луцилию. М., 2000.

Т.​І.​Адула.

т. 14, с. 328

СЕ́НІЁР ((Senior) Насаў Уільям) (26.9.1790, г. Комптан, Вялікабрытанія — 4.6.1864),

англійскі вучоны-эканаміст. Скончыў юрыд. ф-т Оксфардскага ун-та (1815), у 1825—30 і 1847—52 праф. эканомікі у гэтым ун-це. Працаваў у шэрагу ўрадавых камісій па пытаннях працы ў прам-сці. Гал. твор — «Асноўныя пачаткі палітычнай эканоміі» (1836). Аўтар тэорыі «ўстрымання», паводле якой прыбытак з’яўляецца ўзнагародай за адмаўленне ад расходавання сродкаў на непрадукц. мэты. Аналізуючы сцвярджэнні Р.​Мальтуса, даказваў, што рост дабрабыту павінен аўтаматычна забяспечваць кантроль росту насельніцтва.

т. 14, с. 329

СЕ́НІЦА, Сенніца,

вёска ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Мінск—Слуцк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 2 км на Пд ад ускраіны Мінска, 3 км ад чыг. ст. Калядзічы. 203 5 ж., 601 двор (2001). Мінскі аграрна-камерцыйны каледж, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, паліклініка, аптэка, дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Свята-Петрапаўлаўская царква (1861—65).

Вядома з 1567 як сяло. Уласнасць Ж.​С.​Драгачовіча, С.​І.​Дастаеўскага, П.​Р.​Горскага, К.​Друцкага-Горскага, Паўлікоўскага, Тарчынскіх. З 1791 цэнтр маёнтка Каралішчавіцкай парафіі. З 1793 у Рас. імперыі. У 1861 вёска С. — цэнтр Сеніцкай вол. Мінскага пав. У 1897—253 ж., 35 двароў, 2 царквы, нар. вучылішча, дзе ў 1889—90 вучыўся Я.​Купала; у маёнтку 84 ж. З 1924 цэнтр сельсавета Самахвалавіцкага р-на, з 1931 у падпарадкаванні Мінскага гарсавета, з 1935 у Мінскім р-не.

т. 14, с. 329

СЕ́НКАЎ,

ручай у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бабруйка (бас. р. Дняпро). Даўж. 21,6 км. Пачынаецца на паўн.-зах. ускраіне г. Бабруйск, вусце за 500 м на У ад в. Зацішша. Рэчышча перад вусцем на працягу 7,7 км каналізаванае.

т. 14, с. 329

СЕ́ННА,

род кветкавых раслін, тое, што касія.

т. 14, с. 329

СЕ́ННАЯ ПА́ЛАЧКА (Bacillus subtilis),

спораўтваральная бактэрыя сям. бацыл. Пашырана ў глебе, на раслінных рэштках, у паветраным пыле. Часам выклікае псаванне харч. прадуктаў.

Клеткі палачкападобнай формы, грамстаноўчыя, рухомыя. Аэробныя арганізмы, сапратрофы, раскладаюць арган. рэчывы (вугляводы, бялкі). Непатагенныя. Выдзяляюць з настою сена (адсюль назва). Выкарыстоўваюць у мікрабіял. і малекулярна-генет. даследаваннях, у біятэхналогіі.

т. 14, с. 329

СЕ́ННЕНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

другая назва воз. Сянно.

т. 14, с. 329

СЕ́ННЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў 1941—44 на тэр. Сенненскага р-на Віцебскай вобл. пад кіраўніцтвам Сенненскіх падп. райкомаў ЛКСМБ і КП(б)Б. У 1943 налічвала 40 арг-цый і груп (170 чал.): 7 груп у г. Сянно (кіраўнікі Ф.​Я.​Кудрашоў, А.​Я.​Ушацкая, Э.​К.​Гарнакова, Н.​Крылова), у вёсках Асінаўка (М.​П.​Бараноўскі, Я.​Г.​Кучка, Л.​П.​Бараноўская), Буй (Радкевіч), Буйнічкава (Я.​Магера), Бурбін (Л.​І.​Сяліцкі, Ф.​Аўдзееў), Відокі (М.​М.​Каламеец), Воўсішча (Н.​Куляшова, Г.​У.​Ляхоўская), Вял. Сяло (М. і В.​Красоўскія), Вял. Азярэцк (В.​Тарасевіч), Гарывец (Н.​С.​Валадкевіч), Дубнякі (В.​Ляўко), Замошша (У.​Радкевіч, А.​Фіткевіч), Кажамякі (М.​Шаўлік), Каміншчына (А.​Марцінкевіч), Капланы (І.​Ф.​Дунец), Клімавічы (Л.​Мізаўцова), Курэйшына (А.​П.​Лявонаў), Латыгаль (В.​П.​Карпушэнка), Лук’янава (І.​Глякаў), Малешы (К.​Кандрашоў), Маргойцы (Р.​Пракаповіч, Г.​Гаралёва), Міхалполле (М.​Б.​Гарнявецкі), Міцюкова (І.​Казырэўскі), Новая Беліца (П.​Васільеў, У.​Рачонак, Д.​Бурак), Нямойта (М.​Гутарэвіч, Т.​Зайцаў, Н.​Занько), саўгас «Полымя» (Г.​У.​Ляхоўская, А.​Хадорык), Поўзікі (Н.​С.​Валадкевіч, В.​К.​Шыдлоўская), Прыветак (Л.​С.​Кацар, М.​Дзмітраковіч), Пурплева (І.​Жагула), Расходнава (П.​Лябецкі, Н.​Юрша), Рудніца (М.​Тамашэўскі, М.​Воранаў), Савінічы (А.​І.​Стук, Р.​М.​Латышава), Сукрамна (Н.​Мяцеліца), Сычова (М.​В.​Тарасевіч), Тухінка (Л.​Яроменка), Ульянавічы (У.​М.​Бяляеў, П.​В.​Кацар, В.​С.​Блажкоў, У.​Скапа, М.​Дольскі) і інш. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, вопратку, разведданыя, праводзілі дыверсіі. Пад іх уплывам адбыўся масавы пераход паліцэйскіх у партызаны. З набліжэннем фронту падпальшчыкі далучыліся да партызан.

В.​В.​Бандарэвіч.

т. 14, с. 329

СЕ́ННЕНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918.

Адбылося 8—10 жн. як працяг Аршанскага паўстання 1918, найб. арганізаванае ў ланцугу леваэсэраўскіх мяцяжоў 1918. Кіравала паўстаннем мясц. арг-цыя левых эсэраў на чале з А.​Закрэўскім. У ім удзельнічалі чырвонаармейцы 2-га Смаленскага і Стайкаўскага палкоў, якія паходзілі з мясц. сялян і гал. задачай лічылі барацьбу супраць ням. акупантаў. У пач. жніўня пав. з’езд саветаў, дзе большасць належала эсэрам, прыняў рэзалюцыю аб непадпарадкаванні сенненскіх саветаў сав. ўраду. Непасрэдным повадам да паўстання паслужыла спроба чырв. камандавання змяніць камандзіра 2-га Смаленскага палка (эсэр Дз.​Ф.​Прышчэпаў), які дыслацыраваўся ў зоне дэмаркацыйнай лініі за 10 км ад Сянно. Паўстанне задушыў сфарміраваны спецыяльны атрад на чале з В.​Даўбэ з дапамогай 1-га Латышскага кавалерыйскага палка.

Літ.:

Дзядзенка З. Аршанскае й сеньненскае паўстаньні // Спадчына. 1999. №4.

Н.​І.​Стужынская.

т. 14, с. 329

СЕ́ННЕНСКА-АРША́НСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя на Пд Віцебскай вобл. ў міжрэччы Зах. Дзвіны, Дняпра, Улы, Лукомкі, Бабра, якую кантралявалі партызаны ў Вял. Айч. вайну. Склалася да жн. 1942, уключала да 70% Аршанскага, Сенненскага, Багушэўскага і Талачынскага р-наў. Да вер. 1943 займала пл. каля 1500 км². Абаранялі зону 13 партыз. брыгад (каля 12 тыс. чал.), таксама спецгрупы, закінутыя з Вял. зямлі. Кіраўніцтва абаронай і ўнутр. жыццём зоны ажыццяўлялі БШПР, падп. Віцебскі абком КП(б)Б, Аршанскія, Багушэўскія, Дубровенскія, Сенненскія, Талачынскія райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся падп. раённыя газеты. Партыз. фарміраванні зоны ўзаемадзейнічалі з падпальшчыкамі Оршы, Віцебска, пас. Асінторф і інш., у складаныя перыяды барацьбы з карнікамі на дапамогу ім прыходзілі партыз. фарміраванні Магілёўшчыны. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі ліквідаваць зону, правялі 8 карных аперацый, у час апошняй ворагу ўдалося пацясніць абаронцаў зоны, але пачатак Беларускай аперацыі 1944 перашкодзіў яму выкарыстаць перавагу. У памяць аб баявых дзеяннях фарміраванняў зоны пастаўлены помнікі ў месцах іх базіравання, на брацкіх магілах партызан.

У.​С.​Пасэ.

т. 14, с. 329