Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕТРА́РКА ((Petrarca) Франчэска) (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),

італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян. літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.​Баршчэўскі, Ю.​Гаўрук, М.​Дуброўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты. Мн., 1996;

У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974;

Сонеты. Мн., 1982;

Эстетические фрагменты. М., 1982;

Лирика. М., 1989;

Африка: Поэма. М., 1992;

Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;

Сочинения философские и полемические. М., 1998.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;

Франческо Петрарка: Библиогр. указ. М., 1986.

Ф.Петрарка.

т. 12, с. 333

ПЕТРАТЭКТО́НІКА,

мікраструктурны (петраструктурны) аналіз горных парод; дысцыпліна на мяжы тэктонікі і петраграфіі, вывучае структуры дынамаметамарфізаваных парод (тэктанітаў), інтрузіўных масіваў і дэфармаваных асадкавых тоўшчаў. Распрацавана ням. вучоным Б.​Зандэрам у 1930. У шліфах пад мікраскопам у вял. колькасці зерняў аднаго або некалькіх мінералаў вымяраюць арыенціроўку іх спайнасці, аптычныя восі або інш. крышталеграфічныя элементы. Вынікі аналізу наносяць на стэрэаграфічную сетку. Атрыманыя дыяграмы дазваляюць вызначаць характар тэктанічных рухаў, што абумовілі дэфармацыі і метамарфізм горных парод.

т. 12, с. 334

ПЕТРАФІ́ЗІКА,

раздзел петралогіі, які вывучае сувязь фіз. уласцівасцей горных парод з іх саставам, структурай і гісторыяй фарміравання.

т. 12, с. 334

ПЕТРАФІ́ТЫ,

тое, што літафіты.

т. 12, с. 334

ПЕТРАХІ́МІЯ,

раздзел петралогіі, які вывучае размеркаванне хім. элементаў у горных пародах і пародаўтваральных мінералах.

т. 12, с. 334

ПЕТРАЧКО́ВА (Валянціна Цімафееўна) (н. 21.5.1939, г. Рудня Смаленскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Пасля сканчэння студыі Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1958) працуе ў гэтым т-ры. Выканаўца драм., камедыйных, вострахарактарных роляў. Створаныя ёй вобразы адметныя яркім знешнім малюнкам, пластычнай выразнасцю і псіхал. дакладнасцю характарыстык. Сярод роляў: Еўга Бабук («Званы Віцебска» У.​Караткевіча), Ганна («Вечар» А.​Дударава), Марфа («Улада цемры» Л.​Талстога), Цыепа («Вей, ветрык!» Я.​Райніса), Смеральдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Сойка («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча) і інш. Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні.

Г.​П.​Маркіна.

т. 12, с. 334

ПЕТРАЧЭ́НКА (Галіна Гаўрылаўна) (20.1.1924, в. Бярозаўка Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 12.2.1993),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Канд. пед. н. (1954), праф. (1983). Скончыла Астраханскі (1945) і Ленінградскі (1948) пед. ін-ты. З 1948 у Мін-ве асветы БССР. У 1953—93 у Бел. пед. ун-це (з 1966 заг. кафедры). Навук. працы па псіхолага-пед. асновах дашкольнага выхавання і праблемах адукацыі дашкольнікаў.

Тв.:

Задачи и упражнения по дошкольной педагогике. 2 изд. М., 1970 (разам з Т.​М.​Курыленка);

Развитие детей 6—7 лет и подготовка их к школе. 2 изд. Мн., 1982;

Педагогические ситуации в дошкольной педагогике. Мн., 1984;

Aufgaben und Übungen zur Vorschulpadagogik. 5 Aufl. Berlin, 1986 (разам з Т.​М.​Курыленка);

Ситуативные задачи в педагогике. Мн., 1990.

т. 12, с. 334

ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Лявонавіч; н. 1.5.1930, в. Пярэвалачня Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, драматург. Канд. гіст. н. (1967). Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, ЦК КПБ. У 1967—75, 1979—91 адказны сакратар, нам. гал. рэдактара ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». У 1975—76 рэктар Мінскага ін-та культуры. У 1991—98 кіраўнік арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Друкуецца з 1954. Першая камедыя — «Адкуль грэх?» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Купалы, 1969). Камедыі «Укралі кодэкс» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1976), «Злыдзень» (паст. 1973), «Ка-тастро-фа» («Куды ноч, туды сон», паст. 1987, абедзве Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі), драмы «Трывога» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1974), «Соль» (паст. Дзярж. рус. драм. т-рам, 1981), «У спадчыну — жыццё» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача, 1985), «Дагарэла свечачка...» (паст. 1997), гіст. п’есы «Напісанае застаецца» (паст. 1979, абедзве т-рам імя Я.​Купалы), «Русь Кіеўская» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1983), «Прарок для Айчыны» (тэлеспектакль, 1995) і інш. адлюстроўваюць розныя перыяды з жыцця краіны, надзённыя маральныя праблемы. Значнае месца ў творчасці займае распрацоўка гіст. тэматыкі. П’есам ўласцівы канцэптуальнасць, сцэнічнасць, дынамізм, вострая інтрыга, публіцыстычная страснасць, дакладнасць моўнай характарыстыкі вобразаў. Аўтар п’ес «Мост упоперак ракі» (1986), «Дзівак чалавек» (1996), «Інтэлігент» (1999), «Прагноз на паслязаўтра», «Воля на крыжы», «Меч Рагвалода» (усе 2000), апавяданняў, нарысаў, фельетонаў, памфлетаў, сцэнарыяў маст. фільмаў «Уваскрэсная ноч» (1977), «Нас выбраў час» (з У.​Халіпам, 5 серый, 1976—78), дакумент. фільмаў «Францыск, сын Скарынін» (1990), «Гетман найвышэйшы» (1992), радыёспектакляў «Злавеснае рэха» (1984), «Надзвычай цяжкая пасада» (1986), лібрэта оперы «Новая зямля» паводле аднайм. паэмы Я.​Коласа (муз. Ю.​Семянякі, паст. Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, 1982) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

П’есы. Мн., 1976;

Соль: П’есы. Мн., 1988;

Воля на крыжы: Гіст. п’есы. Мн., 2000;

Рус. пер. — Избранное. М., 1986.

Літ.:

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя. Мн., 1985;

Смольскі Р. Тэатр у прасторы часу. Мн., 1998;

Баравік Р. Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 334

ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Альфонс Баляслававіч) (1894, Віленшчына ? — 20.5.1918),

бел. паэт, празаік. Пісаў на польск., бел. і рус. мовах. З 1911 друкаваў (часта пад псеўд. Філафей Калінка) карэспандэнцыі, лірычныя і гумарыст. вершы ў газ. «Наша ніва», пасля вершы і апавяданні ў альманаху «Маладая Беларусь», час. «Лучынка», газ. «Беларус», «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях». Распрацоўваў класічныя паэт. формы трыялета, раманса, элегіі («Трыялет», 1913). У вершах — вобраз роднага краю, роздум пра нядолю і бяспраўе бел. селяніна, асуджэнне сац. несправядлівасці.

Тв.:

У кн. — Анталогія беларускай паэзіі. Мн., 1961. Т. 1;

Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Замоцін І. Творы. Мн., 1991.

І.​У.​Саламевіч.

А.Петрашкевіч.

т. 12, с. 334

ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Ануфрый) (1793, г. Шчучын Гродзенскай вобл. — 7.12.1863),

польскі і бел. паэт. Скончыў пав. школу ў Шчучыне, Віленскі і Варшаўскі ун-ты. Канд. (1816), магістр (1821) філасофіі. У 1822—24 працаваў у архіве Радзівілаў у Вільні. Адзін з заснавальнікаў т-ва філаматаў, распрацаваў структуру арг-цыі «прамяністых». Сасланы ў Маскву (працаваў бібліятэкарам ва ун-це, 1825—31), Табольск (1832—60). У 1860 вярнуўся ў Вільню. Пісаў па-польску. У час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік», 1817) змяшчаў сентыментальныя вершы і гіст. думы ў духу рамантызму («Вёска», «Беспадстаўная скарга», «Роздум ля развалін замка Гедзіміна» і інш.). Аўтар вершаванай фалькл.-этнагр. замалёўкі «Ідылія Купала», засн. на бел. нар. вераваннях і абрадах. Збіраў матэрыялы т-ва філаматаў (выдадзены як архіў філаматаў у 1913—34 і ў 1973). Сябраваў з Я.​Чачотам, падтрымліваў сувязі з А.​Міцкевічам.

У.​І.​Мархель.

т. 12, с. 334