ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Лявонавіч; н. 1.5.1930, в. Пярэвалачня Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік, драматург. Канд. гіст. н. (1967). Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, ЦК КПБ. У 1967—75, 1979—91 адказны сакратар, нам. гал. рэдактара ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». У 1975—76 рэктар Мінскага ін-та культуры. У 1991—98 кіраўнік арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Друкуецца з 1954. Першая камедыя — «Адкуль грэх?» (паст. Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1969). Камедыі «Укралі кодэкс» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1976), «Злыдзень» (паст. 1973), «Ка-тастро-фа» («Куды ноч, туды сон», паст. 1987, абедзве Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі), драмы «Трывога» (паст. Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1974), «Соль» (паст. Дзярж. рус. драм. т-рам, 1981), «У спадчыну — жыццё» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача, 1985), «Дагарэла свечачка...» (паст. 1997), гіст. п’есы «Напісанае застаецца» (паст. 1979, абедзве т-рам імя Я.Купалы), «Русь Кіеўская» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1983), «Прарок для Айчыны» (тэлеспектакль, 1995) і інш. адлюстроўваюць розныя перыяды з жыцця краіны, надзённыя маральныя праблемы. Значнае месца ў творчасці займае распрацоўка гіст. тэматыкі. П’есам ўласцівы канцэптуальнасць, сцэнічнасць, дынамізм, вострая інтрыга, публіцыстычная страснасць, дакладнасць моўнай характарыстыкі вобразаў. Аўтар п’ес «Мост упоперак ракі» (1986), «Дзівак чалавек» (1996), «Інтэлігент» (1999), «Прагноз на паслязаўтра», «Воля на крыжы», «Меч Рагвалода» (усе 2000), апавяданняў, нарысаў, фельетонаў, памфлетаў, сцэнарыяў маст. фільмаў «Уваскрэсная ноч» (1977), «Нас выбраў час» (з У.Халіпам, 5 серый, 1976—78), дакумент. фільмаў «Францыск, сын Скарынін» (1990), «Гетман найвышэйшы» (1992), радыёспектакляў «Злавеснае рэха» (1984), «Надзвычай цяжкая пасада» (1986), лібрэта оперы «Новая зямля» паводле аднайм. паэмы Я.Коласа (муз. Ю.Семянякі, паст. Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, 1982) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
П’есы. Мн., 1976;
Соль: П’есы. Мн., 1988;
Воля на крыжы: Гіст. п’есы. Мн., 2000;
Рус. пер. — Избранное. М., 1986.
Літ.:
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя. Мн., 1985;
Смольскі Р. Тэатр у прасторы часу. Мн., 1998;
Баравік Р. Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000.
І.У.Саламевіч.
т. 12, с. 334