МАНАЛІ́Т (ад мана... + ...літ),
1) геалагічны М. — суцэльная каменная глыба; узор горнай пароды, адабраны без парушэння будовы. Памеры ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў. Выкарыстоўваецца для помнікаў, у будаўніцтве, лабараторных даследаваннях.
2) М. глебавы — узор глебавага профілю з непарушанай будовай. Уключае генетычныя гарызонты да мацярынскай пароды і выкарыстоўваецца ў вучэбных мэтах для дэманстрацыі ў музеях і ў лабараторных эксперыментах.
3) М. гляцыялагічны — буйны ўзор снегу (лёду), выпілаваны са снегавой (ледзяной) тоўшчы для лабараторных даследаванняў.
4) М. будаўнічы, гл. ў арт. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.
Р.Р.Паўлавец.
т. 10, с. 58
МАНАЛІ́Т у скульптуры,
твор, пастамент помніка, калона і інш., высечаныя з суцэльнага кавалка каменю.
т. 10, с. 58
МАНАЛІ́ТНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі (пераважна бетонныя і жалезабетонныя), асн. часткі якіх зроблены ў выглядзе адзінага цэлага (маналіту) на месцы ўзвядзення будынка ці збудавання.
Адрозніваюцца ад зборных канструкцый, элементы якіх вырабляюцца на з-дзе або палігоне. Выкарыстоўваюцца пераважна для нестандартных будынкаў, пры асабліва вял, нагрузках і ў збудаваннях, якія цяжка паддаюцца чляненню (напр., фундаменты пад пракатнае абсталяванне). Мэтазгодны пры выкананні іх індустрыяльнымі метадамі з выкарыстаннем інвентарнай апалубкі (слізгальнай, перастаўной, перасоўнай і інш.).
т. 10, с. 58
МАНАЛО́Г (ад мана... + грэч. logos слова, мова),
маналагічнае маўленне, форма (тып) маўлення, разлічаная на пасіўнае і апасродкаванае ўспрыняцце (у адрозненне ад дыялогу). М. ўласцівы значныя па памеры адрэзкі тэксту, якія складаюцца са структурна і змястоўна звязаных паміж сабой выказванняў, маюць індывід. кампазіцыйную будову і адносную сэнсавую завершанасць. Ступень праяўлення гэтых прыкмет залежыць ад жанравай (маст. М., аратарская прамова, быт. апавяданне і інш.) і ад функцыянальна-камунікатыўнай (апавяданне, разважанне, перакананне і інш.) прыналежнасці. Стылістычныя асаблівасці М. абумоўліваюць унутрыжанравыя адрозненні (аўтарская і простая мова персанажаў, навук. даклад і агітацыйнае выступленне) і вуснае ці пісьмовае ажыццяўленне маўленчага акта: пабудова сказаў, сінтакс. спосабы іх спалучэння, лексічны адбор і інш. М. можа быць у пэўнай ступені «дыялагізаваны»: уключаць звароткі, рытарычныя пытанні і інш. М. у літаратуры і тэатры — кампанент маст. твора ці самаст. жанр, аформлены пры дапамозе маналагічнага маўлення. У драме (спектаклі, кінафільме) — выказванне персанажа, звернутае да самога сябе або да інш. асоб, але фармальна не звязанае з іх рэплікамі.
Характэрны для трагедыі антычнасці, барока, Адраджэння, класіцызму, драмы рамантызму, сучаснай нерэалістычнай драмы, манадрамы (п’есы ў форме М.). Своеасаблівым М.-споведдзю ці М.-цропаведдзю з’яўляецца лірыка (пераважна т.зв. суб’ектыўная). Маналагічная форма ў эпасе — апавяданне ад першай асобы, у т. л. сказ. Асаблівая разнавіднасць М. — унутраны М. («плынь свядомасці»). Найб. часта М. карыстаюцца для выяўлення інтымных перажыванняў, абгрунтавання пэўнай ідэі, матывацыі ўчынкаў і паводзін, растлумачэння ранейшых падзей (пралогавая інфармацыя).
т. 10, с. 58
МАНА́МА,
горад, сталіца Бахрэйна, на Пн в-ва Бахрэйн у Персідскім зал. 152 тыс. ж. (1991). Гал. марскі порт краіны. Звязаны шашой (па дамбе) з востравам і г. Мухарак (міжнар. аэрапорт). Рэзідэнцыя шаха, адм. і гандл. ўстановы, банкі. На Пд ад М. — нафтаперапр. і нафтахім. з-ды (нафта паступае з нафтапромыслаў Бахрэйна і Саудаўскай Аравіі). Адзін з гал. цэнтраў саматужна-рамеснай вытв-сці краіны. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу і перламутру. Ун-т.
т. 10, с. 59
МАНАМЕ́РЫ (ад мана... + грэч. meros частка),
нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх здольныя ўзаемадзейнічаць паміж сабой ці з малекуламі інш. рэчыва з утварэннем палімера. Адрозніваюць М. полімерызацыйныя і полікандэнсацыйныя. Пераважную большасць М. полімерызацыйнага тыпу складаюць злучэнні з кратнымі сувязямі (напр., алефіны, дыенавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрылы) ці з цыклічнымі групоўкамі (напр., аксіды алефінаў, лактамы, лактоны). Полікандэнсацыйныя М. — злучэнні, малекулы якіх маюць аднолькавыя (напр., дыаміны, дыкарбонавыя к-ты) ці розныя (напр., аксікіслоты, амінакіслоты) функцыян. групы. Гл. таксама Полімерызацыя, Полікандэнсацыя.
М.Р.Пракапчук.
т. 10, с. 59
МАНАПАДЫЯ́ЛЬНАЕ ГАЛІНАВА́ННЕ,
гл. ў арт. Галінаванне.
т. 10, с. 59
МАНАПАЛІСТЫ́ЧНАЙ КАНКУРЭ́НЦЫІ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная тэорыя, якая даследуе рыначныя ўзаемадзеянні буйных карпарацый у галінах сучаснай масавай вытв-сці. Асн. палажэнні сфармуляваны Э.Чэмберлінам у пач. 1930-х г. Пазней яе распрацоўвалі амер. эканамісты У.Дж.Баўмал, О.Моргенштэрн, Дж.Нейман, У.Фелнер, англ. эканаміст Н.Калдар і інш. М.к.т. зыходзіць з ідэі перапляцення элементаў манаполіі і канкурэнцыі на сучасным рынку, а атрыманне прыбытку разглядае як вызначальную мэту рыначнай стратэгіі фірмы. Тэорыю крытыкавалі тэарэтыкі неалібералізму, у прыватнасці чыкагскай школы паліт. эканоміі.
т. 10, с. 59
МАНАПЛА́Н (ад мана... + лац. planum плоскасць),
самалёт або планёр з адной нясучай паверхняй (крылом), якая размешчана па абодва бакі фюзеляжа.
Адрозніваюць нізкаплан (з нізкім размяшчэннем крыла), сярэдне- і высакаплан. Крыло М. можа быць свабоднанясучым, падкосным ці расчалачным (замацаваным знізу і зверху падкосамі або расчалкамі). У параўнанні з біпланам М. мае лепшую абцякальнасць форм, меншае лабавое супраціўленне, большыя скорасці лёту. Свабоднанясучы М. — асн. тып сучасных самалётаў. Іл. гл. да арт. Авіяцыя.
т. 10, с. 59