МАНАЛІ́Т (ад мана... + ...літ),

1) геалагічны М. — суцэльная каменная глыба; узор горнай пароды, адабраны без парушэння будовы. Памеры ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў. Выкарыстоўваецца для помнікаў, у будаўніцтве, лабараторных даследаваннях.

2) М. глебавы — узор глебавага профілю з непарушанай будовай. Уключае генетычныя гарызонты да мацярынскай пароды і выкарыстоўваецца ў вучэбных мэтах для дэманстрацыі ў музеях і ў лабараторных эксперыментах.

3) М. гляцыялагічны — буйны ўзор снегу (лёду), выпілаваны са снегавой (ледзяной) тоўшчы для лабараторных даследаванняў.

4) М. будаўнічы, гл. ў арт. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 10, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)