МАНАЛО́Г (ад мана... + грэч. logos слова, мова),

маналагічнае маўленне, форма (тып) маўлення, разлічаная на пасіўнае і апасродкаванае ўспрыняцце (у адрозненне ад дыялогу). М. ўласцівы значныя па памеры адрэзкі тэксту, якія складаюцца са структурна і змястоўна звязаных паміж сабой выказванняў, маюць індывід. кампазіцыйную будову і адносную сэнсавую завершанасць. Ступень праяўлення гэтых прыкмет залежыць ад жанравай (маст. М., аратарская прамова, быт. апавяданне і інш.) і ад функцыянальна-камунікатыўнай (апавяданне, разважанне, перакананне і інш.) прыналежнасці. Стылістычныя асаблівасці М. абумоўліваюць унутрыжанравыя адрозненні (аўтарская і простая мова персанажаў, навук. даклад і агітацыйнае выступленне) і вуснае ці пісьмовае ажыццяўленне маўленчага акта: пабудова сказаў, сінтакс. спосабы іх спалучэння, лексічны адбор і інш. М. можа быць у пэўнай ступені «дыялагізаваны»: уключаць звароткі, рытарычныя пытанні і інш. М. у літаратуры і тэатры — кампанент маст. твора ці самаст. жанр, аформлены пры дапамозе маналагічнага маўлення. У драме (спектаклі, кінафільме) — выказванне персанажа, звернутае да самога сябе або да інш. асоб, але фармальна не звязанае з іх рэплікамі.

Характэрны для трагедыі антычнасці, барока, Адраджэння, класіцызму, драмы рамантызму, сучаснай нерэалістычнай драмы, манадрамы (п’есы ў форме М.). Своеасаблівым М.-споведдзю ці М.-цропаведдзю з’яўляецца лірыка (пераважна т.зв. суб’ектыўная). Маналагічная форма ў эпасе — апавяданне ад першай асобы, у т. л. сказ. Асаблівая разнавіднасць М. — унутраны М. («плынь свядомасці»). Найб. часта М. карыстаюцца для выяўлення інтымных перажыванняў, абгрунтавання пэўнай ідэі, матывацыі ўчынкаў і паводзін, растлумачэння ранейшых падзей (пралогавая інфармацыя).

т. 10, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)