Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛІСІ́ЦЫН (Уладзімір Сяргеевіч) (13.4.1944, канцлагер Флігенорт, Германія — 12.7.1973),

бел. паэт. Дзіцячыя гады правёў у в. Пагосцішча Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. Скончыў Лісічанскае горнапрамысл. пед. вучылішча (Украіна, 1965), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў шахцёрам, журналістам, настаўнічаў. Апошнія гады жыў у Джанкоі (Украіна), працаваў дырэктарам Палаца культуры, настаўнікам. Друкаваўся з 1964. Пісаў на рус. і бел. мовах. Зб. «Жураўлінае вясло» (выд. 1974) пра родны край, прыроду, каханне. Паэма «Дзірваны» (1974) пра цяжкі лёс бел. хлопчыка ў вайну. Творам ўласціва філас. заглыбленасць, афарыстычнасць, песеннасць.

Тв.:

У кн: Дзень паэзіі — 1981 Мн.,1981;

Беларусь — мая калыска. Мн., 1990.

т. 9, с. 283

ЛІСІЦЫЯ́Н (Павел Герасімавіч) (н. 6.11.1911, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція),

расійскі і арм. спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1960), у 1967—73 выкладаў у ёй (з 1970 праф.). На опернай сцэне з 1935. У 1940—66 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Яго выкананне вылучалася высакароднасцю, бездакорнай інтанацыяй, дасканаласцю дыкцыі. Сярод партый: Казбіч («Бэла» А.​Аляксандрава), Аршак II («Аршак II» Т.​Чухаджана), Андрэ («Джаліль» Н.​Жыганава), Татул («Алмаст» А.​Спендыярава), Ялецкі, Анегін, Мазепа, Раберт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Мазепа», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Жэрмон, Аманасра («Травіята», «Аіда» Дж.​Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ).

Літ.:

Яковенко С.Б. П.​Г.​Лисициан: Уроки одной жизни. М., 1989.

П.Г.Лісіцыян.

т. 9, с. 283

ЛІСІЧА́НСК,

горад на Украіне, у Луганскай вобл., на р. Северскі Данец. Засн. ў 1795 як пас. Лісічая Балка, з 1938 горад. 121 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя. Адзін са старэйшых цэнтраў Данецкага вугальнага басейна. Здабыча каменнага вугалю. Прам-сць машынабуд. і металаапр., хім., нафтаперапр., шкляная, лёгкая, харчовая. Краязнаўчы музей.

т. 9, с. 284

ЛІСІ́ЧКА (лац. Vulpecula),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Адсутнічаюць зоркі ярчэй 4,4 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць круглы год, найлепш у ліпені. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Лісічка.

т. 9, с. 284

ЛІСІ́ЧКІ (Cantharellus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. лісічкавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі 2 віды: Л. сапраўдная, або жоўтая (C. cibarius), і Л. трубкападобная (C. tubaeformes). Трапляюцца ў хваёвых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—кастрычніку.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. да 10 см, пукатая або плоская, потым лейкападобная з тонкім хвалістым краем, жоўтая, жаўтаватая ці белаватая. Складкі пласціністыя, тоўстыя, зыходзяць на ножку. Ножка цыліндрычная, суцэльная, аднаго колеру са шляпкай з шапкай*. Мякаць шчыльная, белаватая, з прыемным пахам. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ядомыя.

С.​І.​Бельская.

Лісічкі.

т. 9, с. 284

ЛІ́СКІ,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Ведрыч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПдЗ ад г. Рэчыца, 80 км ад Гомеля, 1 км ад чыг. ст. Ліскі. 687 ж., 290 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі гарадзішча мілаградскай культуры, курганны могільнік дрыгавічоў, селішча бронзавага і жал. вякоў.

т. 9, с. 284

«ЛІ́СКІ»,

бел. нар. гульня. Ад 6 да 20 чал. выбіраюць вядучага «ліса», строяцца ў круг і кладуць каля сябе Л. (невял. прадмет, які павінен быць у кожнага гульца). «Ліс» падыходзіць да аднаго з гульцоў і просіць «ліску», а той адказвае, што аддасць, калі «ліс» абгоніць яго. Пасля гэтага «ліс» бяжыць у адзін, а гаспадар «ліскі» ў процілеглы бок круга. Хто раней зойме свабоднае месца, той гаспадар Л., а «лісам» становіцца той, хто адстаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 9, с. 284

ЛІ́СНА,

возера на мяжы Верхнядзвінскага і Расонскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна (цячэ праз возера), за 42 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск, каля в. Лісна. Пл. 15,7 км², даўж. 7,8 км, найб. шыр. 3,1 км, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 25,3 км. Пл. вадазбору 943 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м (на ПдЗ да 30 м), параслі лесам, на У і Пн невыразныя. Берагі выш. да 0,3 (на У да 0,5 м), пад хмызняком. На У і Пн забалочаная пойма, парослая рэдкім хваёвым лесам. Дно плоскае, у паўн. частцы пераважаюць глыбіні 3—4 м, у паўд. — да 6 м. 3 астравы агульнай пл. 0,74 км². Ложа выслана сапрапелямі, уздоўж берагоў і вакол астравоў — апясчаненымі адкладамі. Зарастае да глыб. 2,6 м. Шыр. паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці да 200 м, уздоўж усх. берага да 400 м. У возера ўпадаюць канал Дзегцяроўка і 7 ручаёў, у т. л. з азёр Малы Тучок і без назвы. Адзначана гнездаванне звычайнага гогаля — птушкі, занесенай у Чырв. кнігу Беларусі.

т. 9, с. 284

ЛІСНЕ́ЎСКІ (Віктар Пятровіч) (21.1.1908, в. Чарцёж Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 9.10.1987),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір стралк. аддзялення мал. сяржант Л. вызначыўся: у 1943 пры ліквідацыі пашкоджання тэлефоннай лініі (Украіна), у 1944 пры фарсіраванні Зах. Буга і захопе варожай траншэі (Польшча), у 1945 пры прарыве абароны праціўніка каля г. Лебус (Германія). Пасля вайны на гасп. рабоце.

т. 9, с. 284

ЛІ́СНІК,

кветкавая расліна, тое, што паслён.

т. 9, с. 284