Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІ́ДСКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры сталага барока ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1765 ці 1747—70 (арх. І.К.Глаўбіц). Храм з прамавугольнай алтарнай часткай, якая прадаўжае цэнтр. неф, і 2 квадратнымі ў плане сакрысціямі. Гал. фасад завершаны фігурным шчытом з трохвугольным франтонам, расчлянёны слаістымі пілястрамі. Бакавыя фасады апяразаны прафіляваным карнізам і рытмічна члянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер упрыгожаны фрэскавай размалёўкай, скульптурай і арнаментальнай лепкай. У ім 3 мураваныя алтары, цэнтральны раскрапаваны 4 калонамі карынфскага ордэра, размаляванымі пад мармур, і спаранымі пілястрамі гэтага ж ордэра.

В.В.Церашчатава, А.М.Кулагін.

Лідскі Крыжаўзвіжавскі касцёл.

т. 9, с. 251

ЛІ́ДСКІ ЛАКАФА́РБАВЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1963—65 ў г. Ліда Гродзенскай вобл. У 1966 здадзены ў эксплуатацыю цэхі полівінілацэтатнай эмульсіі і алкідных смол, у 1970 — цэх эмаляў, у 1971 — цэх лакаў на кандэнсацыйных смолах, у 1972 — доследна-прамысл. ўстаноўка па вытв-сці лакаў, у 1973 — цэх лакаў і эмаляў на полімерызацыйных смолах, у 1976 — цэх фталевага ангідрыду. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Лакафарба». Асн. прадукцыя (1999): лакафарбавыя матэрыялы на аснове полімерызацыйных і кандэнсацыйных смол, алкідныя лакі, полівінілацэтатныя эмульсіі, фталевы ангідрыд, водна-дысперсійныя фарбы, клеявая насычальная смала.

т. 9, с. 251

ЛІ́ДСКІ МАЛОЧНАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1950—52 у г. Ліда Гродзенскай вобл. У 1976 здадзены ў эксплуатацыю цэх цэльнамалочнай прадукцыі. Асн. вырабы (1999): сухія малако і вяршкі, сметанковае масла, цэльнамалочныя прадукты, марожанае, ёгурт, маянэз.

т. 9, с. 251

ЛІ́ДСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 16—20 ст. у ВКЛ, Рас. імперыі, Польскай Рэспубліцы. Цэнтр — г. Ліда. Папярэднікам Л.п. было Лідскае намесніцтва, вядомае з 1382. З 1413 уваходзіла ў Віленскае ваяв., часам Лідскае намесніцтва называлі паветам. Пасля адм. рэформы 1565—66 да Лідскага намесніцтва далучаны суседнія Васілішскае і Эйшышкскае намесніцтвы (са складу Трокскага ваяв.), а іх агульная тэр. ўтварыла ўласна Л.п. з фіксаванымі межамі. Л.п. увайшоў у Віленскае ваяв., меў павятовую харугву чырв. колеру з выявай «Пагоні». Пасля далучэння да Рас. імперыі ў 1794 уключаны ў Віленскае, у 1795 — у Слонімскае намесніцтвы, у 1796 — у Літоўскую, у 1801 — у Віленскую губ. Межы павета пры гэтым практычна не мяняліся. Пасля рэформы 1861 падзелены на 24 воласці: Аляксандраўскую, Арлянскую, Астрынскую, Беліцкую, Беняконскую, Васілішскую, Вялікамажэйкаўскую (скасавана ў пач. 20 ст.), Ганчарскую, Дакудаўскую, Дубіцкую, Жалудскую, Жырмунскую, Забалацкую, Каняўскую, Лебядскую, Лідскую, Ляцкую, Мытлянскую, Пакроўскую, Радунскую, Ражанкаўскую, Тарноўскую, Шчучынскую, Эйшышкскую. Тэр. больш за 4,9 тыс. кв. вёрст. У 1864 нас. каля 110 тыс. ж., у т.л. больш за 75 тыс. католікаў, каля 30 тыс. праваслаўных, каля 6 тыс іудзеяў, 31 касцёл, 19 цэркваў, 18 яўр. малітоўных дамоў; 15 мястэчак, 15 сёл, 866 вёсак, 876 інш. паселішчаў (калоній, фальваркаў, аколіц, хутароў і інш.). У 1910 дзейнічалі 244 ф-кі і з-ды з 2160 рабочымі. У 1913—252,5 тыс. ж. З 2.2.1919 у складзе ЛітБел, неўзабаве заняты польскім войскам. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у Польшчы, у Навагрудскім ваяв. Пазней Дубіцкая, Ляцкая і Пакроўская вол. перайменаваны адпаведна ў Навадворскую, Дамброўскую і Сабакінцкую гміны. З 1939 Л.п. у БССР, яго паўн. частка (Каняўская і Эйшышкская вол.) адышла да Літвы, а астатняя тэр. 2.12.1939 уключана ў Баранавіцкую вобл. 15.1.1940 Л.п. скасаваны.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 251

ЛІ́ДСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ,

навучальная ўстанова ў 1756—1834 у Лідзе Гродзенскай вобл. 12.1.1756 пераведзены з мяст. Воранава ў Ліду па прапанове лідскага старосты І.Сцыпіёна. Мясц. шляхта ахвяравала піярам фальварак Пастаўшчызна і юрыдыку ў Лідзе. З 1783 уваходзіў у Гродзенскую навуч. акругу, з 1790 — у Піярскую навуч. акругу, падпарадкаваную Адукацыйнай камісіі. Пры калегіуме былі 2 канвікты (пансіёны) для дзяцей збяднелай шляхты. З 1795 падначалены ведамству літ. ген.-губернатара. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 4-класнае павятовае вучылішча з 5 выкладчыкамі. У 1805—07 часова закрыты. У выніку рэформы мясц. навуч. устаноў 9.9.1834 калегіум канфіскаваны ў піяраў і рэарганізаваны ў 5-класнае дваранскае павятовае вучылішча.

А.Ф.Самусік.

т. 9, с. 252

ЛІ́ДСКІ РАЁН.

На Пн Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (з 1962 у сучасных межах). Пл. 1,6 тыс. км2. Нас. 47,3 тыс. чал. (1998, без г. Ліда), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км2. Цэнтр — г. Ліда. Уключае г. Бярозаўка, рабочы пас. Першамайскі, 276 сельскіх нас. пунктаў, 15 сельсаветаў: Беліцкі, Бердаўскі, Ваверскі, Ганчарскі, Гасцілаўскі, Голдаўскі, Дакудаўскі, Дварышчанскі, Дзітвянскі, Дубровенскі, Крупаўскі, Пескаўскі, Тарноўскі, Траццякоўскі, Хадаравецкі.

Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Лідскай раўніны і Нёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 130—180 м, найвыш. пункт 207 м (за 8 км на Пн ад г. Ліда). Карысныя выкапні: торф, пясок, жвір, гліна, мел. Сярэдняя т-ра студз. -5,7 °C, ліп. 17,6 С. Ападкаў 604 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. З ПнУ на ПдЗ уздоўж мяжы з Навагрудскім і Дзятлаўскім р-намі працякае р. Нёман з прытокамі Гаўя (з Жыжмай), Дзітва (з Лідзеяй), Лебяда, Нарва. Азёры Вялічкаўскае і Глухава. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (50,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,5%), тарфяна-балотныя (14,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,7%) і інш. Пад лесам 27% тэрыторыі. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, найб. масівы на У (частка Нёманскіх лясоў). Балоты займаюць 13,4% тэр. раёна, з іх асушана каля 7,2 тыс. га, найб. вял. Дакудаўскае балота, Жыжма. Заказнікі: рэсп. значэння біял. Дакудаўскі, мясцовага — гідралагічныя Хвалькоўшчына, Тарноўскі, Бярэзіна. Помнікі прыроды: рэсп. значэння парк «Бальцінікі» і ўрочышча Гаік каля в. Крупава, насаджэнне (дуб, асіна, елка) ва ўрочышчы «Аступ» каля в. Мінойты; мясцовага — парк «Гарні» ў в. Гарні (закладзены ў 1881).

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 76,7 тыс. га, з іх асушаных 29,1 га. На 1.1.1999 у раёне 14 калгасаў, 5 саўгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), шкляной (шклозавод «Нёман» ў г. Бярозаўка), харч. прам-сці, першаснай апрацоўкі лёну. Ветсанутыльзавод па вырабе мяса-касцявой мукі (у в. Даржы). Лясгас (вытв-сць піламатэрыялаў). Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Маладзечна—Ліда—Гродна, Вільнюс—Баранавічы; аўтадарогі на Гродна, Вільнюс, Іўе, Слонім, Навагрудак; газаправод Івацэвічы—Вільнюс з адгалінаваннямі на гарады Шчучын і Бярозаўку. У раёне 22 сярэднія, 12 базавых, 7 пач., 3 муз., 1 спарт. школы, дзіцяча-юнацкі цэнтр, 27 дашкольных устаноў, 32 дамы культуры і клубы, 48 б-к, 7 бальніц, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, пункт хуткай дапамогі. Музеі: гісторыі і прыроды (в. Бердаўка), этнаграфіі (в. Дзітва), музей Ігната Дамейкі (в. Крупава). Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (1810) у в. Бабры, Міхайлаўскі касцёл (пач. 20 ст.) у в. Белагруда, капліца (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (пач. 20 ст.) у в. Беліца, Пакроўская царква (1774) у в. Ганчары, царква Раства Багародзіцы (1795) у в. Голдава, Пакроўская царква (пач. 20 ст.) у в. Збляны, сядзіба (жылы дом, маслабойня, стайня, парк, 19 ст.) у в. Малое Мажэйкава, касцёл (19 ст.) у в. Няцеча, сядзіба (жылы дом, стайня, лядоўня, ветраны млын, сквер, канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Тарнова. Старажытны цэнтр ручнога маст. ткацтва ў в. Збляны. Выдаецца «Лідская газета».

Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 252

ЛІ́ДЫЯ (грэч. Lydia),

старажытная дзяржава на 3 М. Азіі ва ўрадлівай даліне р. Герм. Насялялі індаеўрап. плямёны лідыйцаў. Каля 7 ст. да н.э., багатая радовішчамі золата, Л. ўпершыню ў гісторыі пачала чаканку манет; развіваліся ювелірнае, ткацкае, гарбарнае рамёствы. У пач. 1-га тыс. да н.э. ў складзе Фрыгіі. У пач. 7 ст. да н.э. незалежная дзяржава са сталіцай у г. Сарды. Правячая яе дынастыя — Мермнады (цары Гугу, Аліят, Крэз) усталявала сваю ўладу амаль на ўсёй тэр. М. Азіі. У 546 да н.э. Л. заваявана перс. царом Кірам II; у 4 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. падпарадкавана Селеўкідамі, пазней у складзе Пергамскай дзяржавы. У 133 да н.э. частка рым. правінцыі Азія.

т. 9, с. 253

ЛІ́ДЭР (ад англ. leader вядучы, кіраўнік),

аўтарытэтны член арг-цыі або групы, асабістыя якасці якога істотна ўплываюць на жыццядзейнасць і маральна-псіхал. клімат у калектыве. Л. валодае найб. ярка выяўленымі і карыснымі якасцямі для групы, дзякуючы чаму яе дзейнасць становіцца больш эфектыўнай, за ім прызнаецца права прымаць найб. значныя рашэнні. Аўтарытэт Л. заснаваны на псіхал. феномене адлюстраванай суб’ектыўнасці, на здольнасці згуртоўваць і аб’ядноўваць інш. людзей. Ён рэгулюе ўзаемаадносіны ў групе, адстойвае яе інтарэсы, уплывае на фарміраванне ўнутрыгрупавых каштоўнасцей. Да сац. фактараў, што дэтэрмінуюць сутнасць Л., адносяцца: асобасныя якасці Л.; характэрныя рысы сац. груп і індывідаў, Л. якіх з’яўляецца дадзены суб’ект; характар узаемаадносін паміж Л. і яго паслядоўнікамі; сац.-эканам. і паліт. ўмовы, у якіх Л. ажыццяўляе сваю дзейнасць. Псіхал. якасці Л. можна падзяліць на змястоўныя (матывы, мэты, каштоўнасці, перакананні, веды і ўяўленні) і працэсуальныя (тэмперамент, здольнасць, сіла волі, асаблівасці эмацыянальнай сферы). Адрозніваюць Л. фармальных (іх дзейнасць звязана з пэўнымі бюракратычнымі працэдурамі, прадугледжвае канкрэтныя функцыян. адносіны і абавязкі) і нефармальных (фарміруюцца на аснове асобасных узаемаадносін, істотна ўплываюць на членаў групы сваімі асобаснымі якасцямі і паводзінамі). Ад мэты, матываў і дзеянняў Л. ў многім залежыць далейшае развіццё грамадства. Гл. таксама Лідэрства.

І.В.Катляроў.

т. 9, с. 253

ЛІ́ДЭР,

баявы карабель тыпу эскадранага мінаносца (эсмінца), але з павялічанымі водазмяшчэннем і скорасцю, узмоцненым узбраеннем, які прызначаўся для вываду эсмінцаў у тарпедную атаку і прыкрыцця іх агнём у баі. Як тып карабля існаваў у канцы 1910 — пач. 1970-х г. у шэрагу краін, у т.л. ў ВМФ СССР, дзе адным з Л. быў «Мінск».

т. 9, с. 253

ЛІ́ДЭРСТВА,

уплыў чалавека ці сац. групы на інш. людзей з мэтай арганізацыі сумеснай дзейнасці. Існуе некалькі тэорый Л. Прыхільнікі тэорыі рыс тлумачаць прыроду Л. выдатнымі якасцямі пэўнай асобы; лідэрам лічаць чалавека з асаблівым комплексам псіхал. якасцей. Прыхільнікі тэорыі Л. як функцыі пэўнай сітуацыі зыходзяць з таго, што тыя або інш. рысы лідэра мяняюцца ў залежнасці ад канкрэтных сітуацый. У тэорыі, якая вызначае ролю паслядоўнікаў, на першае месца ставіцца не сам лідэр, а яго паслядоўнікі, іх сац., псіхал. патрэбнасці, інтарэсы і запатрабаванні. Прыхільнікі інтэрактыўнай тэорыі Л. сцвярджаюць, што лідэрам можа стаць любы чалавек, які займае адпаведнае месца ў сістэме міжасобасных узаемаадносін. У сучасным грамадстве Л. ўяўляе сабой спосаб асобасных узаемадзенняў, заснаваных на інтэграцыі розных сац. слаёў (груп) з дапамогай дзеянняў спецыфічных механізмаў вакол праграмы (канцэпцыі) лідэра па вырашэнні розных сац. праблем і задач грамадскага развіцця. На ўзроўні малой групы лідэр кіруе дзеяннем групы, бярэ на сябе адказнасць, знаходзіць аптымальныя спосабы задавальнення групавых інтарэсаў і г.д. На ўзроўні вял. сац. груп лідэр абавязаны найперш выражаць інтарэсы дадзенай сац. групы, прадстаўляць іх у розных структурах. На ўзроўні грамадства існуе асаблівы тып Л. — палітычнае, калі лідэр інтэгрыруе інтарэсы вял. груп людзей у паліт. праграмы, каардынуе іх намаганні па рэалізацыі патрэбнасцей і ператварае мэты і задачы ў канкрэтныя дзеянні. Ням. сацыёлаг М.Вебер адзначаў 3 тыпы Л.: традыцыйнае, заснаванае на веры ў непарушнасць традыцый, калі фармальнае Л. пераходзіць ад бацькі да сына, па сваяцкай лініі і г.д.; рацыянальна-легальнае, або бюракратычнае, якое базіруецца на законах, правілах, нормах; харызматычнае Л., заснаванае на веры мас у свайго лідэра, у незвычайныя здольнасці правадыроў; некаторыя лічаць, што харызма ідзе ад Бога і што яна надае магічную сілу тым, хто ёю валодае. Ад канкрэтных праяў Л. ў многім залежыць развіццё грамадства, жыццё і дабрабыт людзей.

І.В.Катляроў.

т. 9, с. 253