ЛІБРА́ЦЫЯ МЕ́СЯЦА (лац. libratio ваганне),
бачныя з Зямлі перыядычныя ваганні Месяца вакол свайго цэнтра мас. Адрозніваюць аптычную (геаметрычную) і фізічную Л.М.
Аптычная падзяляецца на лібрацыю па даўгаце (бачнае перамяшчэнне плям па паверхні Месяца ўздоўж паралеляў з-за нераўнамернага руху яго па арбіце), лібрацыю па шыраце (бачныя ваганні полюсаў Месяца з-за нахілу яго восі вярчэння да плоскасці арбіты), сутачную лібрацыю (бачнае перамяшчэнне пунктаў па паверхні Месяца з прычыны руху назіральніка пры сутачным вярчэнні Зямлі). Фізічная Л.М. — невялікія рэальныя адхіленні ад раўнамернага вярчэння Месяца, якія выклікаюцца парай гравітацыйных сіл, што ўзнікаюць з прычыны адхілення вял. восі эліпсоіда Месяца ад напрамку на Зямлю пры аптычнай Л.М. Дакладнае вымярэнне гэтых ваганняў дае магчымасць вызначыць моманты інерцыі Месяца. З прычыны Л.М. з Зямлі можна назіраць 59% месяцовай паверхні.
т. 9, с. 237
ЛІБРЫФО́РМ [ад лац. liber (libri) луб, лыка + форма],
выцягнутыя, завостраныя на канцах клеткі драўніны, што забяспечваюць яе трываласць і цвёрдасць; найб. спецыялізаваныя мех. элементы. Клеткі пазбаўлены жывога змесціва (пратапласту), іх адраўнелыя абалонкі патоўшчаныя, маюць невял. колькасць шчылінападобных пораў. У некат. парод (напр., клён, бузіна) пратапласт захоўваецца даўжэй, у ім назапашваюцца пажыўныя рэчывы.
т. 9, с. 237
ЛІБРЭВІ́ЛЬ (Libreville),
горад, сталіца Габона. На ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Адм. ц. прав. Эстуарый. Засн. ў 1849. 462,1 тыс. ж. (1993). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог у глыб краіны. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: лесапілаванне і вытв-сць фанеры, харчасмакавая, тэкстыльная. Суднаверфі. ЦЭС. Ун-т.
т. 9, с. 237
ЛІБРЭ́ТА (італьян. libretto літар. кніжачка),
1) славесны тэкст муз.-драм. твора (оперы, аперэты; раней таксама кантаты і араторыі). Будуецца на паслядоўным сюжэтным развіцці дзеяння, пішацца пераважна вершамі, радзей прозай (часцей у дыялогу). Л. — літ. драм. аснова оперы і не разглядаецца як самаст. маст. твор. Слова ў ім набывае поўную сілу ўздзеяння толькі ў адзінстве з музыкай. Задума Л., а часам і драматургічны сцэнарны план (сцэнарый) часта належаць кампазітару. Некаторыя кампазітары пішуць Л. сваіх твораў. Можа быць арыгінальным паводле тэмы, але часцей грунтуецца на сюжэтах і вобразах маст. л-ры ці нар. творчасці. Муз. інтэрпрэтацыя драм. тэксту абумоўлівае пераасэнсаванне кампазітарам і лібрэтыстам літ. першакрыніцы.
2) Літаратурны сцэнарый балетнага спектакля.
3) Кароткі выклад зместу оперы, аперэты, балета.
Г.Р.Куляшова.
т. 9, с. 237
ЛІБЯДЗІ́НСКІ (Юрый Мікалаевіч) (10.12.1898, г. Адэса, Украіна — 24.11.1959),
расійскі пісьменнік. Адзін з кіраўнікоў Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Аповесці «Тыдзень» (1922), «Камісары» (1925) пра грамадз. вайну. Жыццю і побыту народаў Каўказа, іх мінуламу прысвяціў раман «Баташ і Батай» (1940—41), трылогію «Горы і людзі» (1947), «Зарава» (1952) і «Раніца Саветаў» (1957). Аўтар раманаў «Заўтра» (1923), «Паварот» (1927), «Нараджэнне героя» (1930), аповесцей «Паездка ў Крым» (1957), «Справы сямейныя» (апубл. 1962), мемуараў «Сучаснікі» (1958), «Сувязь часоў», «Выхаванне душы» (абедзве апубл. 1962), п’ес, нарысаў і інш.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1980.
Літ.:
Либединская Л. Зеленая лампа: Воспоминания. М., 1966.
т. 9, с. 237
ЛІБЯРПО́ЛЬ,
вадасховішча ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., за 4,5 км на ПдЗ ад в. Лібярполь. Створана ў 1979 на каналізаваным участку р. Цемра. Пл. 2,9 км2, даўж. 3,1 км, найб. шыр. 2,2 км, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 4,15 млн. м³ Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.
т. 9, с. 237