Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАСЛА́ЎСКІЯ, Жаслаўскія, Яўнуцьевічы,

княжацкі род у ВКЛ. Паходзілі ад вял. кн. ВКЛ Яўнута, які ў 1345 быў скінуты братамі Альгердам і Кейстутам і атрымаў ад іх г. Заслаўе (адсюль прозвішча). Найб. вядомыя:

Іван Юр’евіч (? — 1499?), праўнук Яўнута, намеснік мінскі ў 1468—73, віцебскі (каля 1484). Меў вотчыны на Смаленшчыне. Міхаіл Іванавіч (каля 1460—1529), сын Івана Юр’евіча, намеснік віцебскі ў 1492—95. У 1499 атрымаў у вотчыну частку Мсціслаўскага княства, тытулаваўся князем Мсціслаўскім. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ і меў статус удзельнага князя. У 1526 падараваў Мсціслаўскае княства вял. князю ВКЛ. Ад яго сына Фёдара (каля 1500—40) пайшоў род князёў Мсціслаўскіх у Расіі. Багдан Іванавіч (каля 1465—1530), намеснік мінскі з 1499. Фёдар Іванавіч (каля 1470—1539?), намеснік віцебскі ў 1492, бранскі ў 1494—99, аршанскі і аболецкі з 1501. Адзіны з братоў валодаў Заслаўем.

В.Л.Насевіч.

т. 6, с. 547

ЗАСЛА́ЎСКІЯ КУРГА́ННЫЯ МО́ГІЛЬНІКІ,

група археал. помнікаў на тэр. і ў ваколіцах г. Заслаўе Мінскага р-на. Захаваліся рэшткі 8 могільнікаў. Даследаваны 142 курганы (большасць 2-й пал. 10—1-й пал. 11 ст.), належаць пераважна крывічам, таксама дрыгавічам, невял колькасць інш. усх.-слав. плямёнам, фіна-уграм і балтам. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце, зрэдку ў падкурганных ямах і насыпе, у 5 курганах — трупаспаленне. Пахавальны інвентар — зброя (коп’і, суліцы, сякеры, булава), упрыгожанні (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, каралі, бранзалеты), рэчы хатняга ўжытку (кераміка, нажы, грабяні і інш.), манеты.

т. 6, с. 548

ЗАСЛА́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНЫ ЗАПАВЕДНІК, Дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік «Заслаўе». Створаны ў 1986 у г. Заслаўе Мінскага р-на на базе гіст.-археал. запаведніка (засн. ў 1967). Уключае Заслаўскі замак, гарадзішча «Вал», «Замэчак» 10—11 ст., заслаўскія курганныя могільнікі, Заслаўскі фарны касцёл, рэшткі сядзібы 17—19 ст. На тэр. запаведніка музеі «Млын», «Хата завознікаў», «Кузня», «Свіран» (усе пач. 20 ст.), музейна-выставачны комплекс, у якім размешчаны выстаўкі муз. інструментаў (177 экз.), дываноў «Мара аб Заслаўі», габеленаў. Пл. запаведніка 1,13 км2, пл. экспазіцыі 375 м², 9,4 тыс. экспанатаў (1997), у т.л. 256 твораў жывапісу, 196 — графікі, 1,81 тыс. прадметаў этнаграфіі, каля 3,9 тыс. археалогіі, 612 тамоў друк. выданняў. У 1978—90 на тэр. запаведніка дзейнічаў музей рамёстваў і нар. промыслаў (размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы 16 ст.). Удзельнік міжнар. руху «За новую музеялогію».

А.М.Каўбаска.

Млын 1910 на тэрыторыі Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка.

т. 6, с. 546

ЗАСЛА́ЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 11—18 ст. у г. Заслаўе Мінскай вобл. Размяшчаўся на беразе р. Свіслач. Меў форму прамавугольніка (пл. каля 1,5 га). Першапачатковыя ўмацаванні пабудаваны на рубяжы 11—12 ст. Найб. значныя перабудовы праводзіліся ў 2-й пал. 13, у 14, 16 і, магчыма, у пач. 17 ст. Зафіксаваны сляды аднаўленчых работ пасля нападаў на горад у 1127 і 1434. У выніку ўсіх перабудоў вышыня вала да канца 16 ст. дасягала 8—9,5 м. Па вуглах замка размяшчаліся 4 бастыёны, 5-ы, паўкруглай формы, захаваўся каля паўд. курціны. Ад горада замак аддзяляўся шырокім ровам. З канца 16 ст. тэр. вакол замка была заліта вадой штучнага возера, утворанага з дапамогай плацін на рэках Свіслач і Чарніца, і замак ператварыўся ва ўмацаванне астраўнога тыпу. З 16 ст. тут размяшчалася рэзідэнцыя ўладальнікаў горада. У 1676 зах. палова замка перададзена Заслаўскаму кляштару дамініканцаў. У 18 ст. З.з. страціў сваё ваен. значэнне.

Ю.А.Заяц.

Заслаўскі замак. Рэканструкцыя В.Сташчанюка.

т. 6, с. 546

ЗАСЛА́ЎСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у Заслаўі ў 1676—1832. Засн. тагачаснымі ўладальнікамі горада Казімірам і Крыстынаю (з Глябовічаў) Сапегамі. У 1678 асвячоны віленскім біскупам. Размяшчаўся на замчышчы пры касцёле архангела Міхаіла, перабудаваным з кальвінскага збору. Пабудаваны ў 1772 корпус жылога будынка з часанага дрэва быў 2-павярховы, на каменным падмурку, франтонам звернуты на У. Б-ка ў 1818 мела 422 тамы. Пасля скасавання кляштара касцёл некат. час быў парафіяльным, у 1840 асвячоны як Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква. А.А.Ярашэвіч.

т. 6, с. 547

ЗАСЛА́ЎСКІ МУЗЕ́Й РАМЁСТВАЎ І НАРО́ДНЫХ ПРО́МЫСЛАЎ.

Існаваў у 1978—90 у г. Заслаўе Мінскага р-на як філіял Дзярж. музея Беларусі. З 1986 уваходзіў у склад Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка, размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы. Меў 2 выставачныя залы (пл. 346,5 м²). Матэрыялы адной залы знаёмілі з гісторыяй Беларусі і гарадоў: карта Беларусі, выявы стараж. гербаў бел. гарадоў, якія мелі магдэбургскае права. У экспазіцыі другой залы было больш за 900 твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва і нар. рамёстваў 10 — пач. 20 ст., у т.л. знойдзеныя пры археал. раскопках. Сярод экспанатаў наканечнікі стрэл 10—12 ст., прадметы побыту з рогу і косці 10—17 ст., кап’ё 11 ст., ганчарны (12—13 ст.) і шкляны (18—20 ст.) посуд, упрыгожанні 10—13 ст. з металу, шкла, сердаліку (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, падвескі і інш.), паліхромная кафля 16—17 ст., дэталі збруі 16—17 ст., вырабы бел. злотнікаў (пацір 16 ст., напрастольны крыж 1625 з Навагрудка), разныя царскія вароты 18 ст. з Давыд-Гарадоцкай Георгіеўскай царквы, скульпт. выявы святых з Віцебскай і Гродзенскай абл., слуцкія паясы, неглюбскія ручнікі і інш. Расфарміраваны ў сувязі з перадачай храма правасл. абшчыне. Большая частка экспанатаў захоўваецца ў фондах Нац. маст. музея Беларусі.

А.Л.Гурбо.

т. 6, с. 547

ЗАСЛА́ЎСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка БССР у 1924—59. Утвораны 17.7.1924 у складзе Мінскай акругі. Цэнтр — г.п. Заслаўе. У 1925 пл. 834 км2, 34 819 ж., 444 нас. пункты. Падзяляўся на 12 сельсаветаў, на 1.1.1941—10. З 20.2.1938 у Мінскай вобл. 8.8.1959 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Мінскага р-на.

т. 6, с. 547

ЗАСЛА́ЎСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Марыі,

помнік архітэктуры стылю барока. Пабудаваны ў 1774 у цэнтры г. Заслаўе (Мінскі р-н) на месцы драўлянага храма. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём з паўцыркульнай апсідай і 2 бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад, аздоблены пілястрамі і круглымі блендамі, завяршаўся франтонам. У 1868 касцёл перабудаваны пад царкву Раства Багародзіцы. Быў разбураны франтон, у цэнтры гал. фасада пабудавана чацверыковая вежа-званіца, над гал. аб’ёмам узведзены вял. купал на светлавым барабане. Сцены на 2 узроўнях прарэзаны вял. аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Да гал. ўвахода вядзе мураваная лесвіца з тэрасай. Інтэр’ер зальны, сцены ўпрыгожаны пілястрамі карынфскага ордэра. Дэкар. афармленне інтэр’ера не захавалася. З 1989 касцёл на рэстаўрацыі.

Заслаўскі фарны касцёл. Здымак пач. 20 ст.
Заслаўскі фарны касцёл. Сучасны выгляд.

т. 6, с. 547

ЗАСЛО́НА стратэгічная,

аператыўнае аб’яднанне вайск. атрадаў Сав. Расіі ў 1918. Уведзена Вышэйшым ваен. саветам у сак. 1918 для абароны дэмаркацыйнай лініі, устаноўленай паводле Брэсцкага міру 1918 (ад Фінскага зал. да Курска). Падзялялася на ўчасткі атрадаў. Атрады, што займалі лінію на тэр. Беларусі, уваходзілі ў Заходні ўчастак атрадаў заслоны. У канцы 1918 — пач. 1919 участкі атрадаў сталі базай для ўтварэння армій і франтоў.

т. 6, с. 548

ЗАСЛО́НАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (партыз. мянушка Дзядзька Косця; 7.1.1910, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія — 14.11.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў прафес.-тэхн. школу ў Вял. Луках (1930). З 1939 нач. паравознага дэпо ст. Орша. У вер. 1941 у Маскве сфарміраваў з чыгуначнікаў партыз. атрад, у кастр. перайшоў з ім лінію фронту, уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо. Стварыў і ўзначаліў некалькі дыверс. груп, якія разам з падп. групамі Аршанскага патрыятычнага падполля паралізавалі работу чыг. вузла. З лют. 1942 камандзір партыз. атрада, з ліп. 1942 — брыгады. Арганізоўваў дыверсіі на чыгунцы, узначальваў баявыя дзеянні супраць ворага на тэр. Аршанскага, Багушэўскага, Лёзненскага, Сенненскага і інш. раёнаў. Загінуў у час Купавацкага бою 1942. У Оршы створаны мемар. музей З., у Оршы, Сянно і на месцы гібелі З. пастаўлены помнікі.

К.С.Заслонаў.

т. 6, с. 548