ЗАСЛО́НАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (партыз. мянушка Дзядзька Косця; 7.1.1910, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія — 14.11.1942),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў прафес.-тэхн. школу ў Вял. Луках (1930). З 1939 нач. паравознага дэпо ст. Орша. У вер. 1941 у Маскве сфарміраваў з чыгуначнікаў партыз. атрад, у кастр. перайшоў з ім лінію фронту, уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо. Стварыў і ўзначаліў некалькі дыверс. груп, якія разам з падп. групамі Аршанскага патрыятычнага падполля паралізавалі работу чыг. вузла. З лют. 1942 камандзір партыз. атрада, з ліп. 1942 — брыгады. Арганізоўваў дыверсіі на чыгунцы, узначальваў баявыя дзеянні супраць ворага на тэр. Аршанскага, Багушэўскага, Лёзненскага, Сенненскага і інш. раёнаў. Загінуў у час Купавацкага бою 1942. У Оршы створаны мемар. музей З., у Оршы, Сянно і на месцы гібелі З. пастаўлены помнікі.