ЗАВІТНЕ́ВІЧ (Уладзімір Зянонавіч) (14.4.1853, в. Ліцвяны Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — сак. 1927),
бел. археолаг, гісторык. Д-р царк. гісторыі (1897), праф. (1904). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1875), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1879). У 1879—83 выкладчык у Варшаўскім духоўным вучылішчы. З 1884 дацэнт, з 1899 экстраардынарны праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі. У 1880—90-я г. ўваходзіў у групу бел. інтэлігенцыі, што гуртавалася вакол газ. «Минский листок»; член гіст. т-ва Нестара-летапісца, Маск. археал. і царк.-архіўнага т-ваў, камісіі па зборы стараж. актаў і інш. Даследаваў каля 700 курганоў дрыгавічоў пераважна ў Бабруйскім, Мазырскім, Рэчыцкім пав., вызначыў межы іх рассялення і этнавызначальныя прадметы. Шэраг прац прысвяціў пытанням царк. гісторыі, дзейнасці першых славянафілаў і інш. У 1918 чытаў лекцыі на курсах беларусазнаўства ў Кіеве. Звесткі пра далейшую дзейнасць адсутнічаюць.
У.В.Ляхоўскі.
т. 6, с. 493
ЗАВІТО́К,
1) суквецце, у якім спіральна закручана больш маладая частка з нераспушчанымі кветкамі. У З. ад гал. восі (галінкі), якая нясе адну кветку, ніжэй адыходзіць другая аднакветкавая вось, ад яе ў гэты ж бок — вось 3-га парадку і г.д. З. характэрны для сям. бурачнікавых (святаяннік, шчамяліца, жывакост).
2) Абароты спіралі ракавіны ў некат. беспазваночных жывёл (напр., у бруханогіх малюскаў).
т. 6, с. 493
ЗАВІТО́К АНЬЕ́ЗІ,
плоская алгебраічная крывая 3-га парадку. Ураўненне ў прамавугольных каардынатах
, дзе a — дыяметр утваральнай акружнасці з цэнтрам у пункце (0; a/2). Мае асімптоту — вось Ox; максімум дасягаецца ў пункце (0; a); плошча паміж крывой і асімптотай S = Πa2. Назва ад прозвішча італьян. матэматыка М.Аньезі, які вывучаў яе (1748).
т. 6, с. 493
ЗАВІ́ША (Канстанцін Іванавіч) (20.10.1904, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 28.2.1984),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Працаваў пераважна ў жанрах пейзажа і нацюрморта. Творам характэрны лірычны настрой. Аўтар карцін: «Асенні матыў» (1937), «Стары Мінск» і «Мінскі дворык» (да 1940), «Дняпро» (1945), «Раніца ў вёсцы» (1956), «Астры» (1958), «Кветкі і Венера», «Старонка лясная» (абодва 1960), «Восень. Баяры» (1978). Сярод сюжэтна-тэматычных карцін: «Пасля работы» (1957), «Юныя рыбаловы» (1963), «Лесараспрацоўка. Першы рэйс» (1967) і інш.
т. 6, с. 493
ЗАВІ́ША (Ян Казімір) (1820, маёнтак Кухціны, цяпер пас. Першамайск Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 1887),
бел. археолаг. Чл. Маскоўскага археал. т-ва. Скончыў Мінскую гімназію. Даследаваў гарадзішчы і курганы каля в. Чурылава (Міёрскі р-н), гарадзішчы і каменныя магілы каля воз. Свіцязь, стаянкі каменнага веку каля в. Валеўка (Навагрудскі р-н). Вывучаў пытанні засялення стараж. чалавекам берагоў Віліі, Дняпра, Нёмана, міграцыю і культ. сувязі славян. На міжнар. кангрэсах археолагаў у Венецыі (1871) і Будапешце (1876) выступіў па праблемах вывучэння каменнага веку, пачынальнік даследавання гэтай эпохі на тэр. Беларусі. Заснаваў і выдаваў «Wiadomosci archeologiczne» «Археалагічныя ведамасці»; 1873—82).
Г.А.Каханоўскі.
т. 6, с. 493
ЗАВІШЧА́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Завішчоўскае возера,
у Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Піна, за 18 км на ПдУ ад г. Іванава. Пл. 1,3 км2, даўж. 1,7 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 10,7 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км. Схілы катлавіны выш. да 2 м, пясчаныя, пад лесам і хмызняком. Берагі выш. да 1 м, месцамі забалочаныя. На ПнУ выцякае Завішчанскі канал.
т. 6, с. 493
ЗАВІ́ШЫ,
дзяржаўныя дзеячы герба «Лебедзь» у ВКЛ. Магчыма, іх род з’яўляецца адным са шматлікіх адгалінаванняў літоўскага баярскага роду, які прыняў герб «Лебедзь» у час заключэння Гарадзельскай уніі 1413. Родапачынальнік Завіша ўпамінаецца ў 1443—86. Найб. вядомыя:
Мельхіёр (1525?—1592), маршалак гаспадарскі ў 1578—88, кашталян віцебскі з 1588. Ян (каля 1550—1626), падкаморы лідскі ў 1593—96, ваявода мсціслаўскі ў 1596—99, ваявода віцебскі і староста суражскі з 1599. Ян Мікалай (каля 1585—1647), кашталян віцебскі з 1626. Андрэй (каля 1557—1604), ваявода мінскі ў 1596—98, падскарбі земскі ВКЛ з 1598. Крыштоф (каля 1600—70), лоўчы ВКЛ у 1629—37, пісар вялікі ВКЛ у 1637—49, староста мінскі ў 1631—45 і браслаўскі з 1645, маршалак надворны ў 1649—54, маршалак вялікі ў 1654—69, кашталян віленскі з 1669. Крыштоф Станіслаў (20.4.1666—15.8.1721), староста чачэрскі з 1684, мінскі з 1685, ваявода мінскі з 1720. У мемуарах апісаў паліт. падзеі і шляхецкі побыт Рэчы Паспалітай. Ігнацы (каля 1690—16.8.1738), мечнік ВКЛ у 1730—34, падкаморы ВКЛ у 1734—36, маршалак надворны з 1736, староста мінскі, чачэрскі, хаславіцкі, сумілішскі і індурскі, ген.-маёр кавалерыі. Ян Казімір (1820—87), гл. Завіша Я.К.
В.Л.Насевіч.
т. 6, с. 493
ЗАВО́Д,
1) прамысл. прадпрыемства; у палітэканоміі тое, што фабрыка. Першапачаткова розніца паміж імі была ў характары апрацоўкі: механічная — на заводах, хімічная — на ф-ках. З развіццём навукі і тэхнікі на З. і на ф-ках выкарыстоўваецца мех. і хім. апрацоўка. Але па традыцыі адны прамысл. прадпрыемствы, пераважна машынабудавання і металаапрацоўкі, называюць З., другія, у асноўным лёгкай прамысловасці, — ф-камі.
2) Прадпрыемствы па гадоўлі пародзістай жывёлы.
т. 6, с. 493