ЗАВІТНЕ́ВІЧ (Уладзімір Зянонавіч) (14.4.1853, в. Ліцвяны Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — сак. 1927),
бел. археолаг, гісторык. Д-р царк. гісторыі (1897), праф. (1904). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1875), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1879). У 1879—83 выкладчык у Варшаўскім духоўным вучылішчы. З 1884 дацэнт, з 1899 экстраардынарны праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі. У 1880—90-я г. ўваходзіў у групу бел. інтэлігенцыі, што гуртавалася вакол газ. «Минский листок»; член гіст. т-ва Нестара-летапісца, Маск. археал. і царк.-архіўнага т-ваў, камісіі па зборы стараж. актаў і інш. Даследаваў каля 700 курганоў дрыгавічоў пераважна ў Бабруйскім, Мазырскім, Рэчыцкім пав., вызначыў межы іх рассялення і этнавызначальныя прадметы. Шэраг прац прысвяціў пытанням царк. гісторыі, дзейнасці першых славянафілаў і інш. У 1918 чытаў лекцыі на курсах беларусазнаўства ў Кіеве. Звесткі пра далейшую дзейнасць адсутнічаюць.
У.В.Ляхоўскі.
т. 6, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)