Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІПАМАРФО́З

(ад гіпа... + марф... + ...оз),

1) спрашчэнне арганізацыі (страта спецыялізацыі) арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Звычайна абумоўлівае захаванне тых адносін арганізма з асяроддзем, якія характэрны для лічынкі ці маладой асобіны (напр., неатэнія хвастатых амфібій).

2) Рэдукцыя органа або яго часткі ў працэсе эвалюцыі, што прыводзіць да прагрэсіўных змен арганізма (напр., страта продкам сучаснага каня 2-га і 4-га пальцаў).

т. 5, с. 253

ГІПАМЕНАРЭ́Я

(ад гіпа... + аменарэя),

гіпаменструальны сіндром, аслабленне менструальнага цыкла. Праяўляецца мізэрнымі менструацыямі (10—20 мл крыві), апсаменарэяй (працягласць менструацыі 1—2 дні) і алігаменарэяй (менструацыі праз 40—60 дзён); заканчваецца, як правіла, аменарэяй. Бывае пры хваробах, якія пашкоджваюць адно ці некалькі звёнаў, што рэгулююць менструальны цыкл: ц. н. с. (гіпаталамус — гіпофіз — яечнікі), шчытападобная залоза, наднырачнікі — матка.

т. 5, с. 253

ГІПАНА́КТ

(Hippōnax; каля 540 да н.э., г. Эфес, Грэцыя — ?),

старажытнагрэчаскі паэт. Выгнаны тыранамі з Эфеса, пасяліўся ў Клазаменах. Жыў у галечы. Яго вершы (захаваліся фрагменты) адлюстроўвалі жыццё гар. нізоў, беднаты. Мова вершаў блізкая да жывой народнай. Уся творчасць Гіпанакта прасякнута іроніяй і самаіроніяй; іранічна гучыць і сам верш, які нібыта «прыпадае» на апошнюю стапу: гэты вершаваны памер атрымаў назву халіямб (кульгавы ямб). Гіпанакт лічыцца яго вынаходцам.

Г.В.Сініла.

т. 5, с. 253

ГІПАПАТА́М,

гл. Бегемот.

т. 5, с. 253

ГІПАПЛАЗІ́Я

(ад гіпа... + грэч. plasis утварэнне),

недаразвіццё тканкі, органа, часткі цела ці ўсяго арганізма; анамалія развіцця. У аснове гіпаплазіі, як і аплазіі, ляжыць прыроджаная адсутнасць органа ці часткі цела. Прычыны ўзнікнення гіпаплазіі: эндагенныя (анамаліі першаснай закладкі зародкавых клетак) і экзагенныя (прамянёвая энергія, траўмы, ціск на цяжарную матку, уздзеянні тэмпературы, алкаголю, наркотыкаў на арганізм маці, анамальны аб’ём і інш.) фактары, што неспрыяльна ўплываюць на фарміраванне і рост зародка і плода, а таксама хваробы, у т. л. інфекцыі (краснуха, грып, поліяміэліт і інш.), што перадаюцца ад маці плоду.

т. 5, с. 253

ГІПА́РХ

(Hipparchos; каля 180—190 да н.э., г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — 125 да н.э.),

старажытнагрэчаскі астраном, адзін з заснавальнікаў астраноміі. У выніку сістэматычных астр. назіранняў склаў каталог становішчаў 850 зорак і падзяліў іх паводле ступеней яркасці на 6 велічынь. Адкрыў з’яву прэцэсіі; даследаваў бачны рух Сонца і Месяца і склаў табліцы гэтага руху; вызначыў адлегласць ад Зямлі да Месяца; вылічыў працягласць трапічнага года; распрацаваў тэорыю зацьменняў; увёў геагр. каардынаты — шырату і даўгату. Звесткі аб працах Гіпарха прыведзены ў творы К.Пталамея «Альмагест».

Літ.:

Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Пер. с англ. [Т. 2]. М., 1991.

т. 5, с. 253

ГІПАРЫЁН

(Hipporion),

род вымерлых трохпальцых коней атр. няпарнакапытных. Больш за 50 відаў. Існавалі з верхняга міяцэну да ранняга плейстацэну. Сфарміраваліся ў Паўн. Амерыцы, потым засялілі ўсе мацерыкі, акрамя Паўд. Амерыкі і Аўстраліі. Жылі вял. табунамі (да некалькіх тысяч галоў) на травяністых раўнінах тыпу саваннаў.

Былі памерам з невял. каня (выш. ў карку да 1,5 м). Мелі карэнныя зубы больш нізкія, чым у сучасных коней. Бакавыя пальцы (2-і і 4-ы) невял., маглі шырока рассоўвацца ў бакі. Гіпарыёна змянілі аднапальцыя коні, якія лепш прыстасаваліся да жыцця ў стэпах і рассяліліся з Паўн. Амерыкі на інш. Кантыненты.

П.Ф.Каліноўскі.

т. 5, с. 253

ГІПАСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ

(ад гіпа... + сексуальнасць),

зніжэнне сексуальнай схільнасці пры адсутнасці якіх-небудзь адхіленняў у здароўі чалавека. Адзначана залежнасць сексуальных праяўленняў ад палавой канстытуцыі мужа і жонкі, якая ў значнай ступені вызначае ўстойлівасць арганізма да ўздзеяння патагенных фактараў на палавую функцыю. Адны і тыя ж фактары па-рознаму дзейнічаюць на розных асоб. У мужчын выражаная і працяглая гіпасексуальнасць трапляецца вельмі рэдка. Прычынай гіпасексуальнасці часцей бываюць неўратычная рэакцыя на няўдачы ў палавым жыцці, авітаміноз, ператамленне, недасыпанне, страхі, інтаксікацыя алкаголем або наркотыкамі і інш. Да гіпасекскальнасці могуць прыводзіць і парушэнні псіхасексуальнага развіцця. Гіпасексуальнасць звычайна з’яўляецца часовым або сезонным станам.

т. 5, с. 253

ГІПАСПАДЫ́Я

(ад гіпа... + грэч. spaō адцягваю ўніз, адрываю знізу),

ніжняя шчыліна мочаспускальнага канала, прыроджаны недахоп развіцця мочаспускальнага канала ў мужчын, калі вонкавая адтуліна канала адкрываецца на ніжняй паверхні палавога члена, машонцы ці на прамежнасці. Гіпаспадыя — самая частая анамалія развіцця органаў мочапалавой сістэмы. Прычыны гіпаспадыі: лішак жаночых палавых гармонаў, хваробы, што ўплываюць на развіццё плода (таксікоз і інш.). Пры гіпаспадыі бывае парушэнне мочавыдзялення і палавога жыцця. Лячэнне хірургічнае.

Літ.:

Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;

Русаков В.И. Лечение гипоспадии. Ростов н/Д, 1988.

т. 5, с. 253

ГІПАСПЕРМІ́Я,

тое, што алігаспермія.

т. 5, с. 253