ГІПАРЫЁН
(Hipporion),
род вымерлых трохпальцых коней атр. няпарнакапытных. Больш за 50 відаў. Існавалі з верхняга міяцэну да ранняга плейстацэну. Сфарміраваліся ў Паўн. Амерыцы, потым засялілі ўсе мацерыкі, акрамя Паўд. Амерыкі і Аўстраліі. Жылі вял. табунамі (да некалькіх тысяч галоў) на травяністых раўнінах тыпу саваннаў.
Былі памерам з невял. каня (выш. ў карку да 1,5 м). Мелі карэнныя зубы больш нізкія, чым у сучасных коней. Бакавыя пальцы (2-і і 4-ы) невял., маглі шырока рассоўвацца ў бакі. Гіпарыёна змянілі аднапальцыя коні, якія лепш прыстасаваліся да жыцця ў стэпах і рассяліліся з Паўн. Амерыкі на інш. Кантыненты.
П.Ф.Каліноўскі.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)