Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУТКО́ЎСКІ Павел Макаравіч

(25.1.1893, в. Забелы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 13.10.1962),

бел. графік. Вучыўся ў іканапіснай майстэрні П.Курбатава ў Мінску, Варшаўскай маст. школе. Сярод твораў: партрэты У.І.Леніна (1924), Я.Купалы (1925), А.К.Сержпутоўскага (1929); «Нацюрморт», «Беларускія сяляне» (абодва 1925), «Сыты галоднага не разумее» (1929), ілюстрацыі да кніг «Першыя крокі» Я.Коласа (1925), «Працавітая дзяўчынка» А.Якімовіча (1959) і інш.

Л.Дз.Налівайка.

т. 5, с. 550

ГУТЛЯ́НКА,

Балатнянка, рака ў Кармянскім і Рагачоўскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Дняпра. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 378 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад в. Бярозаўка Кармянскага р-на. Цячэ па паўд. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, супясчаная і тарфяністая, шыр. 50—100 м, у верхнім і ніжнім цячэнні забалочаная. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае.

т. 5, с. 550

ГУ́ТМАН Наталля Рыгораўна

(н. 14.9.1942, Казань, Татарстан),

расійская віяланчэлістка. Нар. арт. Расіі (1989), нар. арт. СССР (1991). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1964), у 1967—77 выкладала ў ёй. З 1964 салістка Масканцэрта, з 1976 — Маскоўскай філармоніі. Адна з буйнейшых рас. выканальніц віяланчэльнай класікі і сучаснай музыкі. Выступае і як ансамблістка (у т. л. з С.Рыхтэрам, да 1990 з мужам А.Каганам). З 1992 праф. Вышэйшай школы музыкі ў г. Штутгарт (Германія). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1961), міжнар. конкурсаў віяланчэлістаў імя А.Дворжака (Прага, 1961), імя П.І.Чайкоўскага (Масква, 1962), камерных ансамбляў (Мюнхен, 1967; разам з А.Наседкіным).

т. 5, с. 550

ГУ́ТНІК Васіль Васілевіч

(10.12.1921, в. Каменск Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 5.8.1994),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Удзельнік абароны Сталінграда, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Польшчы. Наводчык гарматы сяржант Гутнік вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні Віслы ў раёне г. Сандамір, у 1945 у час ліквідацыі варожай групоўкі і вулічных баёў у г. Брэслаў (Вроцлаў, Польшча).

т. 5, с. 550

ГУТУ́ЗА

(Guttuso) Рэната (2.1.1912, г. Багерыя, Італія — 18.1.1987),

італьянскі жывапісец і графік. Акадэмік АМ у Рыме (1960), ганаровы чл. АМ СССР (1962). Удзельнік італьян. Руху Супраціўлення (1943—45). Аўтар шэрагу антыфаш. твораў («Расстрэл», 1938; «Распяцце», 1940—41; серыя малюнкаў «З намі Бог!», 1944—45). У работах канца 1940—60-х г. стварыў шматгранную карціну жыцця пасляваен. Італіі. Значнае месца ў яго творчасці займала сац.-паліт. тэма (карціны «Пляж», «Чалавек, які есць спагеці», «Дыскусія», «Натоўп», «Навіны» і інш.). Для ўзмацнення эмацыянальнага ўздзеяння сваіх работ часта выкарыстоўваў рэзка кантрастнае гучанне колераў, востра дынамічны малюнак. Пісаў таксама партрэты, пейзажы, нацюрморты, вулічныя сцэнкі, буйнамаштабныя палотны на алегарычныя сюжэты.

т. 5, с. 550

ГУ́ТФРОЙНД

(Gutfreund) Ота (3.8.1889, Двур-Кралаве, Чэхія — 2.6.1927),

чэшскі скульптар. Вучыўся ў Мастацка-прамысл. школе (Прага, 1906—09) і акадэміі Гранд-Шам’ер у Парыжы (1909—10). Чл. маст. суполак «Група мастакоў» (з 1911) і т-ва «Манэс» (з 1920). Аўтар скульпт. кампазіцый і партрэтаў, у якіх спалучаў тэндэнцыі экспрэсіянізму і кубізму («Гамлет», 1911; «Жаночая галава», «Канцэрт», абедзве 1912; «Дзяўчына з вялікімі вейкамі», 1924, і інш.).

Я.Ф.Шунейка.

т. 5, с. 550

ГУ́ТШМІТ

(Gutschmidt) Карл (н. 12.9.1937, г. Фербелін, Германія),

нямецкі мовазнавец і перакладчык. Д-р філалогіі (1976), праф. (1982). З 1967 выкладае бел. філалогію ў Берлінскім ун-це; заг. аддзялення слав. моў. З 1996 праф. Ін-та славістыкі Дрэздэнскага тэхн. ун-та. Даследуе праблемы бел. фразеалогіі («Стан і праблемы даследавання фразеалогіі ў Беларускай ССР», 1976), запазычанняў («Балтыйскія запазычанні ў беларускай літаратурнай мове», 1974), стылістыкі («Аб развіцці стыляў беларускай прозы», 1983), лексікаграфіі («Дзве новыя працы па беларускай лексікаграфіі», 1969), параўнальнага вывучэння моў («Беларуска-ўкраінскія ізалексы», 1971, «Даследаванні балтыстыкі ў Беларускай ССР», 1978). Аўтар прац па дыяхронным і сінхронным вывучэнні бел. мовы («Стан і значэнне дыяхроннага даследавання ў Беларускай ССР», 1976; «Даследаванне ўсходнеславянскіх моў у дыяхронным і сінхронным аспекце», 1972), гісторыі развіцця і станаўлення бел. мовы («А.Брукнер і беларуская філалогія», 1980; «Мацей Мурко і беларуская філалогія», 1988). Выдаў зб. «Моўная палітыка і літаратурныя мовы ва Усходняй Еўропе ў другой палове 19 — пач. 20 ст.» (1989). Пераклаў на ням. мову творы Ядвігіна Ш., З.Бядулі і інш.

У.Л.Сакалоўскі.

т. 5, с. 551

ГУ́ТЭН

(Hutten) Ульрых фон (21.4.1488, замак Бург-Штэкельберг, каля г. Шлюхтэрн, Германія — 29.8.1523),

нямецкі пісьменнік-гуманіст, публіцыст, ідэолаг рыцарства. З франконскага рыцарскага роду. У 1505—11 і пазней вучыўся ў шэрагу ням. і італьян. ун-таў. З 1519 прыхільнік рэлігійнай Рэфармацыі і М.Лютэра. Пісаў пераважна на лац. мове. Адзін з аўтараў антысхаластычнай і антьшарк. ананімнай сатыры «Пісьмы цёмных людзей» (1515—17). Аўтар памфлетаў, дыялогаў, пісем, у якіх стварыў ідэальны маст. вобраз Армінія, прапагандаваў ант. спадчыну, выступаў за рэформу імперыі (моцная вярх. ўлада імператара), адзінства Германіі, стварэнне незалежнай ад Рыма царквы, развіццё культуры на гуманіст. аснове і інш. Ідэйны правадыр рыцарскага паўстання 1522—23. Пасля яго паражэння ўцёк у Швейцарыю, дзе і памёр.

Тв.:

Рус. пер. — Диалоги. Публицистика. Письма. М., 1959.

т. 5, с. 551

ГУ́ТЭНБЕРГ

(Gutenberg) Іаган [1397 (1400?),

г. Майнц, Германія — 3.2.1468), нямецкі друкар, пачынальнік кнігадрукавання ў Еўропе. Вынаходнік друку з наборнай формы, прыстасавання для стандартнай адліўкі літар, а таксама сплаву, фарбаў і прэса для друкавання. Быў «залатых спраў» майстрам. У 1418—20 вучыўся ў Эрдгірцкім ун-це. Жыў у Страсбуры (Францыя, 1434 і 1436—44) і Майнцы (з 1448). У 1438 заснаваў прыватную друкарню. Выданні, надрукаваныя яго шрыфтам, пачалі з’яўляцца з 1448. Сярод іх т.зв. Майнцкі псалтыр, навукова-папулярныя кнігі павучальнага характару, календары, падручнікі і інш. У 1452—55 выдаў першае поўнааб’ёмнае выданне, шэдэўр ранняга друку — 42-радковую Біблію ў 2 т. (на лац. мове); з 180 экз. Бібліі вядома 48. У 1459—61 выдаў, відаць, у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) на сродкі мясц. епіскапа 36-радковую Біблію. У 1901 у Майнцы засн. музей Гутэнберга.

Літ.:

Варбанец Н.В. Йоханн Гугенберг и начало книгопечатания в Европе: Опыт нового прочтения материала. М., 1980;

500 лет после Гутенберга. М., 1968.

т. 5, с. 551

ГУТЭНБЕ́РГА СЛОЙ,

гл. Астэнасфера.

т. 5, с. 551