ГУТУ́ЗА ((Guttuso) Рэната) (2.1.1912, г. Багерыя, Італія — 18.1.1987),
італьянскі жывапісец і графік. Акадэмік АМ у Рыме (1960), ганаровы чл.АМСССР (1962). Удзельнік італьян. Руху Супраціўлення (1943—45). Аўтар шэрагу антыфаш. твораў («Расстрэл», 1938; «Распяцце», 1940—41; серыя малюнкаў «З намі Бог!», 1944—45). У работах канца 1940—60-х г. стварыў шматгранную карціну жыцця пасляваен. Італіі. Значнае месца ў яго творчасці займала сац.-паліт. тэма (карціны «Пляж», «Чалавек, які есць спагеці», «Дыскусія», «Натоўп», «Навіны» і інш.). Для ўзмацнення эмацыянальнага ўздзеяння сваіх работ часта выкарыстоўваў рэзка кантрастнае гучанне колераў, востра дынамічны малюнак. Пісаў таксама партрэты, пейзажы, нацюрморты, вулічныя сцэнкі, буйнамаштабныя палотны на алегарычныя сюжэты.