Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУ́ЛІЯ Георгій Дзмітрыевіч

(н. 14.3.1913, г. Сухумі, Абхазія),

рускі пісьменнік. Засл. дз. маст. Грузіі (1943) і Абхазіі (1971). Сын Дз.І.Гулія. Друкуецца з 1930. Трылогія «Сябры з Сакена» («Вясна ў Сакене», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949; «Добры горад», 1949; «Кама», 1951) пра побыт і працу людзей Абхазіі. Гіст. мінуламу абх. народа прысвечаны «Апавяданні каля кастра» (1937), аповесць «Чорныя госці» (1950), раман «Водаварот» (1959). Аўтар гіст. рамана «Цар Эхнатон» (1968), «Чалавек з Афінаў» (1969), «Сула» (1971), «Сказанне пра Умара Хаяма» (1975).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1974.

т. 5, с. 527

ГУ́ЛІЯ Дзмітрый Іосіфавіч

(21.2.1874, в. Уарча, Абхазія — 7.4.1960),

абхазскі пісьменнік. Зачынальнік абх. л-ры. Нар. паэт Абхазіі (1937). Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў г. Горы. Настаўнічаў, выкладаў абх. мову ў Тбіліскім ун-це (1924—26). У 1892 склаў абх. азбуку (з К.Д.Мачаварыяні). Рэдактар першай абх. газеты «Апсны» («Абхазія», 1919—20). У 1921 стварыў і ўзначаліў першую абх. тэатр. трупу. Першы паэт. зборнік выдаў у 1912. У яго творах — гіст. мінулае і сучаснае роднага краю (навела «Пад чужым небам», 1919; паэмы «Песня пра Абхазію», 1940; «Восень у вёсцы», 1946; раман «Камачыч», 1940; драма «Прывіды», 1946, і інш.). Аўтар даследаванняў па гісторыі, фальклоры, мове і этнаграфіі («Гісторыя Абхазіі», т. 1, 1925, і інш.), тэрміналагічнага слоўніка па л-ры і мовазнаўстве, падручнікаў і хрэстаматый. Перакл. на абх. мову творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, І.Чаўчавадзе, Ш.Руставелі («Віцязь у тыгравай шкуры»), «Слова пра паход Ігаравы». На бел. мову асобныя творы Гулія пераклалі А.Бачыла, І.Калеснік, У.Паўлаў.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—4. М., 1974—76.

Літ.:

Гулиа Г. Дмитрий Гулиа: Повесть о моем отце. М., 1962.

т. 5, с. 527

ГУЛЬ

(Hull),

горад у Вялікабрытаніі, гл. Хал.

т. 5, с. 528

ГУЛЬБЕ́ЗА,

Губіза, возера ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас р. Страча, за 33 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Пл. 0,23 км², даўж. 940 м, найб. шыр. 390 м, найб. глыб. 12,9 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 6 км². Схілы катлавіны выш. 8—11 м, параслі лесам і хмызняком, на У разараныя. Берагі супадаюць са схіламі, на Пн сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. На Пд выцякае ручай у воз. Вераб’і, злучана пратокай з воз. Ёдзі.

т. 5, с. 528

ГУ́ЛЬБІШЧА,

вонкавая адкрытая тэраса ці закрытая галерэя, якая абкружае будынак на ўзроўні перакрыццяў падклецця. Выкарыстоўвалася ў культавых будынках 16—17 ст., часам у пабудовах свецкага характару. У драўляным дойлідстве існавала ў выглядзе стоек з укосінамі ў верхняй частцы (Троіцкая царква Маркава манастыра ў Віцебску), у мураваным — у выглядзе аркадных і ордэрных галерэй, глухіх прыбудоў да асн. будынка (храм-пахавальня ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры).

Г.А.Лаўрэцкі.

т. 5, с. 528

ГУ́ЛЬДЭН

(ням. Gulden ад Gold золата),

фларын, 1) грашовая адзінка Нідэрландаў, роўная 100 цэнтам. Уведзена ў 1816.

2) Залатая, потым сярэбраная манета ў некат. еўрап. краінах у 14—19 ст. (Аўстрыі, Германіі і інш.). У 17 ст. быў пашыраны на Беларусі.

т. 5, с. 528

ГУЛЬКЕ́ВІЧ Юрый Валянцінавіч

(25.1.1905, ст. Стрэльна Ленінградскай вобл., Расія — 1.4.1974),

бел. вучоны ў галіне паталагічнай анатоміі. Чл.-кар. АМН СССР (1969), д-р мед. н. (1949), праф. (1950). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў Іркуцкі ун-т (1930). З 1955 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па паталогіі баявых траўмаў, уплыву ахалоджвання на арганізм жывёл і чалавека, гісторыі паталагічнай анатоміі, перынатальнай паталогіі, тэраталогіі і генетыцы.

Тв.:

Патология последа человека и ее влияние на плод. Мн., 1968 (разам з М.Ю.Макавеевай, Б.І.Нікіфаравым).

т. 5, с. 528

ГУЛЬКО́ Іван Сцяпанавіч

(н. 25.12.1924, в. Войская Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне мед. рэабілітацыі. Д-р мед. н. (1970), праф. (1972). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953) і з 1957 працаваў у ім. З 1993 у Мін-ве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З 1995 кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра пры Ін-це экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў. Навук. працы па распрацоўцы немедыкаментозных сродкаў аздараўлення хворых з лёгачнай і сардэчна-сасудзістай паталогіяй, сродкаў і метадаў запавольвання старэння арганізма.

т. 5, с. 528

ГУ́ЛЬНЯЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел матэматыкі, які вывучае мадэлі канфліктных сітуацый (калі сутыкаюцца інтарэсы двух ці больш бакоў) і распрацоўвае метады аптымальных паводзін у такіх сітуацыях. Як навука сфарміравалася ў 1940-я г. пераважна на аснове работ амер. матэматыкаў Дж.Неймана і О.Моргенштэрна па развіцці матэм. падыходу да з’яў канкурэнтнай эканомікі. Асн. праблематыка: матэм. мадэлі канфліктаў, існаванне і прынцыпы аптымальных рашэнняў, метады іх пошуку. Выкарыстоўваецца ў сац.-эканам. даследаваннях, ваен. справе, матэм. статыстыцы, метадах аптымізацыі паводзін ва ўмовах неакрэсленасці і інш.

Матэм. мадэль канфлікту (гульня) апісвае ўдзельнікаў канфлікту (гульцоў), магчымыя дзеянні бакоў (стратэгія), вынікі гульні, зацікаўленыя бакі і іх перавагі на мностве вынікаў (перавагі часта выражаюцца лікавымі функцыямі выйгрышу). Класіфікацыя гульняў вызначаецца ўласцівасцямі мадэлі. Прыняцце рашэння ў гульнях тэорыі складаецца з дэтэрмінаванага (або выпадковага) выбару стратэгіі кожным з гульцоў; як правіла, ніводзін з бакоў не ведае загадзя, якія будуць дзеянні праціўніка. У многіх выпадках стратэгія кожнага гульца раскрываецца толькі ў працэсе пакрокавага (як у шахматах) прыняцця рашэнняў. Фармальным выражэннем інтуітыўнага паняцця найлепшага рашэння з’яўляецца прынцып аптымальнасці, выводзіцца з папярэдне прынятых аксіём (распрацавана некалькі такіх прынцыпаў, якія выкарыстоўваюцца ў розных класах гульняў) і грунтуецца ў большасці выпадкаў на спалучэнні ідэй экстрэмальнасці і ўстойлівасці рашэнняў. Прынцып ажыццявімасці мэты прыводзіць да стратэгій, індывідуальныя адхіленні ад якіх не павялічваюць выйгрыш; асобны выпадак — прынцып максіміну, адлюстроўвае імкненне максімізаваць мінімальна магчымы выйгрыш. Гл. таксама Аптымізацыі задачы і метады.

Літ.:

Нейман Дж., Моргенштерн О. Теория игр и экономическое поведение: Пер. с англ. М., 1970;

Вилкас Э.И. Оптимальность в играх и решениях. М., 1990;

Воробьев Н.Н. Основы теории игр: Бескоалиционные игры. М., 1984.

Г.М.Левін.

т. 5, с. 528

Гульстранд Альвар

т. 18, кн. 1, с. 375