ГЕРАНТАФІЛІ́Я
[ад грэч. gerōn (gerontos) стары + ...філія],
палавая цяга да асоб старэчага ўзросту; своеасаблівая форма фетышызму. На схільнасць маладых людзей да герантафіліі могуць уплываць першыя сексуальныя перажыванні, звязаныя з дарослымі. У маладой жанчыны прычыну герантафіліі часцей тлумачаць яе незадаволенасцю палавымі кантактамі з маладым чалавекам; зрэдку прычынай герантафіліі могуць быць яе садамазахісцкія схільнасці. Цяга маладых мужчын да жанчын пажылога і старэчага ўзросту можа выклікацца іх няўпэўненасцю ў сваіх здольнасцях пры кантактах з маладымі жанчынамі.
т. 5, с. 168
ГЕРА́НЬ,
журавельнік (Geranium), род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (у тропіках — толькі ў гарах). На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца 17 відаў, з іх 7 мясцовых — герань балотная (G. palustre), крывава-чырвоная (G. sanguineum), лугавая (G. pratense), лясная (G. sylvaticum), маленькая (G. pusillum), Роберта (G. robertianum) і цёмная (G. phaeum), занесеная ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, і 10 занесеных — герань багемская (G. bohemicum), бліскучая (G. lucidum), галубковая (G. columbinum), круглалістая (G. rotundifolium), мяккая (G. molle), пірэнейская (G. pyrenaicum), раскідзістая (G. divaricatum), рассечаная (G. dissectum), сібірская (G. sibiricum) і ўзгоркавая (G. collinum). Растуць у лясах, на лугах і балотах, каля рэк, азёр, дарог і інш. У Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукавана герань прамая (G. rectum).
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом выш. да 1,5 м. Лісце супраціўнае або чаргаванае, з прылісткамі, амаль сядзячае або на доўгіх чаранках, лопасцевае, пальчата-раздзельнае ці, зрэдку, перыстае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі правільныя, па 1—2 на пазушных кветаносах, утвараюць парасонікі: вяночак з 5 свабодных пялёсткаў рознага колеру (ад белаватых, ружовых і бэзавых да чырвона-бурых, амаль чорных), звычайна буйны. Плод — стэрыгма, якая распадаецца на 5 плодзікаў (мерыкарпіяў). Лек., меданосныя, дубільныя і пахучыя дэкар. расліны. Геранню называюць таксама віды роду пеларгонія.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 168
ГЕРА́СІМ
(? — 26.7.1435),
праваслаўны царкоўны дзеяч ВКЛ. З 1417 епіскап смаленскі. У 1432—35 мітрапаліт літоўскі. Паводле некат. летапісаў, меў тытул «мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі». Аднак улада Герасіма абмяжоўвалася тэр. ВКЛ і некаторых суседніх усх.-слав. зямель (напр., Пскова), бо ў 1433 галавой правасл. царквы Маскоўскай дзяржавы з такім жа тытулам «мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі» быў абраны разанскі епіскап Іона. Пасвячоны ў мітрапаліты ў Канстанцінопалі патрыярхам Іосіфам паводле просьбы вял. кн. ВКЛ Свідрыгайлы. Працягваў жыць у Смаленску. Рымскі папа Яўген IV спадзяваўся з дапамогай Герасіма падпісаць унію з правасл. царквой ВКЛ. З пачаткам у 1432 вайны паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам Герасім быў на баку Свідрыгайлы, аднак у 1435 абвінавачаны апошнім у тайных зносінах з Жыгімонтам, арыштаваны і спалены на вогнішчы ў Віцебску. Расправа з Герасімам падарвала аўтарытэт Свідрыгайлы ў войску і садзейнічала яго паражэнню.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 5, с. 169
ГЕРА́СІМАЎ Аляксандр Міхайлавіч
(12.8.1881, г. Мічурынск, Расія — 23.7.1963),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). З 1947 правадз. чл. АМ СССР (у 1947—57 прэзідэнт). Вучыўся ў маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1903—15) у А.Я.Архіпава і К.А.Каровіна. Аўтар пейзажаў («Тройка. Зімовая дарога», 1912, «Пасля дажджу», 1935), партрэтаў (В.В.Лепяшынскай, 1939, групавога партрэта мастакоў І.М.Паўлава, В.М.Бакшэева, В.К.Бялыніцкага-Бірулі і В.М.Мяшкова, 1944), жанравых карцін («Лазня», 1940), ілюстрацый (да «Тараса Бульбы» М.Гогаля, 1947, і інш.), нацюрмортаў, тэатр. дэкарацый. Работы Герасімава прасякнуты аптымізмам, вызначаюцца выразнай кампазіцыяй, маляўнічасцю. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1949. У Нац. маст. музеі Беларусі 5 работ Герасімава (сямейны партрэт, 1934, «Чаромха», 1955, і інш.).
Літ.:
Осипов Д.М. Александр Герасимов: [Альбом]. М., 1981.
т. 5, с. 169
ГЕРА́СІМАЎ Віталь Анатолевіч
(н. 17.11.1957, г. Сінельнікава, Украіна),
бел. жывапісец. Скончыў Днепрапятроўскае маст. вучылішча (1977), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1990). Выкладае ў Бел. АМ (з 1990). Сярод твораў: «Дарога на Крывічы» (1987), «Хутар» (1989), дыптых «Алегорыя сну» (1990), «Дзяўчына з папугаем» (1992), «Сівы дзьмухавец» (1993), «Прывідны звон», «Царства ціхіх гукаў» (абедзве 1994), «Блакітная птушка» (1996) і інш. Своеасаблівая колеравая гама, экспрэсія, фактурная плоскаснасць палотнаў сведчаць пра пошукі дакладнай псіхалагічнай характарыстыкі вобразаў.
Літ.:
Русские ботаники: Биографо-библиогр. словарь. Т. 2. М., 1947.
Л.Ф.Салавей.
т. 5, с. 169
ГЕРА́СІМАЎ Інакенцій Пятровіч
(22.12.1905, г. Кастрама, Расія — 30.3.1985),
савецкі геолаг, геамарфолаг, глебазнавец. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Чл. Балгарскай АН (1962), акадэміі «Леапальдзіна» (1965), Акадэміі с.-г. навук ГДР (1968) і Германскай АН у Берліне (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). У 1936—56 у Глебавым ін-це імя В.В.Дакучаева, з 1945 у Ін-це геаграфіі АН СССР (з 1951 дырэктар). Удзельнік экспедыцый у Казахстан, Сярэднюю Азію, на Д.Усход, Урал. Падарожнічаў па Індыі, Кітаі, Японіі, Аўстраліі, краінах Паўн. і Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Зах. Еўропы. Навук. працы па генезісе і геаграфіі глеб, фіз. геаграфіі, палеагеаграфіі і геамарфалогіі. Аўтар (разам з К.К.Маркавым) першай зводкі «Ледавіковы перыяд на тэрыторыі СССР» (1939). Распрацаваў новыя прынцыпы класіфікацыі рэльефу Зямлі. Узначальваў рэдкалегію «Фізіка-геаграфічнага атласа Свету» (1964). Дзярж. прэмія СССР 1973.
т. 5, с. 169
ГЕРА́СІМАЎ Мікалай Васілевіч
(2.12.1940, в. Хачэні Наўгародскай вобл., Расія — 18.4.1989),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1983). Скончыў БДУ (1967). З 1970 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. Даследаваў метадалагічныя і тэарэт. праблемы вытв. адносін.
Тв.:
Общественные фонды потребления: необходимость, сущность, направление развития. Мн., 1978;
Совершенствование соцобеспечения семьи, здравоохранения, распределения и оплаты жилья. Мн., 1981;
Экономическая система: генезис, структура, развитие. Мн., 1991.
т. 5, с. 169
ГЕРА́СІМАЎ Міхаіл Міхайлавіч
(15.9.1907, г. С.-Пецярбург — 21.7.1970),
савецкі антраполаг, археолаг і скульптар. Д-р гіст. н. (1956). У 1950—70 у Ін-це этнаграфіі АН СССР. Адкрыў і даследаваў верхнепалеалітычную стаянку Мальта (за 85 км ад Іркуцка, Расія). Распрацаваў метад узнаўлення твару чалавека па чэрапе і зрабіў рэканструкцыі прадстаўнікоў пітэкантрапаў, сінантрапаў, неандэртальцаў і інш. стараж. людзей, партрэты гіст. дзеячаў Яраслава Мудрага, Андрэя Багалюбскага, Івана Грознага, Цімура, Улугбека, Рудакі і інш. Метад Герасімава шырока выкарыстоўваецца ў крыміналістыцы. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Тв.:
Раскопки палеолитической стоянки в с. Мальте // Палеолит СССР. М.; Л., 1935;
Восстановление лица по черепу. М., 1955;
Люди каменного века. М., 1964.
т. 5, с. 170
ГЕРА́СІМАЎ Сяргей Апалінарыевіч
(21.5.1906, г. Екацярынбург, Расія — 28.11.1985),
рускі кінарэжысёр, педагог, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1948). Акад. АПН СССР (1978), Герой Сац. Працы (1974). Д-р мастацтвазнаўства (1967). Праф. (1946). Скончыў Ленінградскі ін-т сцэн. мастацтва (1928). Творчую дзейнасць пачаў у 1924 акцёрам, з 1930 выступаў як рэжысёр і педагог. Яго рэжысёрскае майстэрства праявілася ўжо ў першых фільмах: «Сямёра смелых» (1936), «Камсамольск» (1938), «Настаўнік» (1939), «Маскарад» (1941). У фільмах, прысвечаных сучаснасці, — шматгранны паказ жыцця, псіхал. паглыбленыя вобразы, філас. роздум, высокае майстэрства рэжысуры і акцёрскага ансамбля: «Людзі і звяры» (1962), «Журналіст» (1967), «Каля возера» (1970), «Кахаць чалавека» (1973). Значнае месца ў творчасці Герасімава займаюць экранізацыі літ. твораў: «Маладая гвардыя» (1948, паводле А.Фадзеева), «Ціхі Дон» (1957—58, паводле М.Шолахава), «Чырвонае і чорнае» (1976, паводле Стэндаля), «Юнацтва Пятра» і «У пачатку слаўных спраў» (1981, паводле А.Талстога). У 1984 паставіў фільм «Леў Талстой», дзе выканаў гал. ролю. Аўтар сцэнарыяў амаль усіх сваіх фільмаў. З 1931 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (цяпер носіць яго імя), кіраваў аб’яднанай акцёрска-рэжысёрскай майстэрняй. Ленінская прэмія 1984, Прэмія Ленінскага камсамола 1970, Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951, 1971.
Л.І.Паўловіч.
т. 5, с. 170
ГЕРА́СІМАЎ Сяргей Васілевіч
(26.9.1885, г. Мажайск, Расія — 20.4.1964),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1958), правадз. чл. АМ СССР (1947), д-р мастацтвазнаўства (1956), праф. (1931). Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы (1901—07) і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1907—12) у С.В.Іванава і К.А.Каровіна. Пісаў простыя па кампазіцыі, стрыманыя па каларыце партрэты («Сялянка з пеўнем», 1924, «Калгасны вартаўнік», 1933), гіст. палотны («Клятва сібірскіх партызан», 1933, «Маці партызана», 1943—50), жанравыя карціны («Калгаснае свята», 1937), пейзажы; ілюстрацыі да твораў М.А.Някрасава, М.Горкага і інш. Ленінская прэмія 1966. У Нац. маст. музеі Беларусі 6 работ Герасімава, сярод якіх «Сялянка-дэлегатка», 1935, «Ранняя вясна», 1956, «Мажайск. Масква-рака», 1960, і інш.
т. 5, с. 170