ГЕРА́СІМАЎ (Сяргей Васілевіч) (26.9.1885, г. Мажайск, Расія — 20.4.1964),

рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1958), правадз. чл. АМ СССР (1947), д-р мастацтвазнаўства (1956), праф. (1931). Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы (1901—07) і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1907—12) у С.​В.​Іванава і К.​А.​Каровіна. Пісаў простыя па кампазіцыі, стрыманыя па каларыце партрэты («Сялянка з пеўнем», 1924, «Калгасны вартаўнік», 1933), гіст. палотны («Клятва сібірскіх партызан», 1933, «Маці партызана», 1943—50), жанравыя карціны («Калгаснае свята», 1937), пейзажы; ілюстрацыі да твораў М.​А.​Някрасава, М.​Горкага і інш. Ленінская прэмія 1966. У Нац. маст. музеі Беларусі 6 работ Герасімава, сярод якіх «Сялянка-дэлегатка», 1935, «Ранняя вясна», 1956, «Мажайск. Масква-рака», 1960, і інш.

т. 5, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)