ГЕРА́СІМ
(? — 26.7.1435),
праваслаўны царкоўны дзеяч ВКЛ. З 1417 епіскап смаленскі. У 1432—35 мітрапаліт літоўскі. Паводле некат. летапісаў, меў тытул «мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі». Аднак улада Герасіма абмяжоўвалася тэр. ВКЛ і некаторых суседніх усх.-слав. зямель (напр., Пскова), бо ў 1433 галавой правасл. царквы Маскоўскай дзяржавы з такім жа тытулам «мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі» быў абраны разанскі епіскап Іона. Пасвячоны ў мітрапаліты ў Канстанцінопалі патрыярхам Іосіфам паводле просьбы вял. кн. ВКЛ Свідрыгайлы. Працягваў жыць у Смаленску. Рымскі папа Яўген IV спадзяваўся з дапамогай Герасіма падпісаць унію з правасл. царквой ВКЛ. З пачаткам у 1432 вайны паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам Герасім быў на баку Свідрыгайлы, аднак у 1435 абвінавачаны апошнім у тайных зносінах з Жыгімонтам, арыштаваны і спалены на вогнішчы ў Віцебску. Расправа з Герасімам падарвала аўтарытэт Свідрыгайлы ў войску і садзейнічала яго паражэнню.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 5, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)