Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПОНТ ЭЎКСІ́НСКІ (Pontos Euxenos літаральна гасціннае мора),

старажытнагрэчаская назва Чорнага м. Да 6 ст. да н.э. яго называлі Понтам Аксінскім (негасціннае мора). Пераназвана пасля пашырэння рэгулярных эканам. і культ. сувязей грэкаў з мясц. насельніцтвам прыпантыйскіх абласцей. Плаванне па моры лічылася цяжкім і небяспечным, да 4 ст. да н.э. плавалі недалёка ад берагоў. Шмат ант. пісьменнікаў і географаў складалі перыплы (падрабязнае апісанне ўзбярэжжа П.Э.). Феакрыт, Сенека, Лукіян называлі П.Э. Скіфскім морам. У 9 ст. н.э. яго называлі яшчэ Рускім морам.

т. 12, с. 508

ПО́НЦІ ((Ponti) Джо) (Джавані; 18.11.1891, г. Мілан, Італія — 16.9.1979),

італьянскі архітэктар, дызайнер. Скончыў Міланскі політэхн. ін-т (1921), у 1936—72 выкладаў у ім. Асн. ідэя П. — існаванне «супермастацтва», якое аб’ядноўвае ўсе віды чалавечай дзейнасці ў стварэнні штучнага навакольнага асяроддзя. Яго дызайнерскія распрацоўкі адметныя тэхн. і эксплуатацыйнай эканамічнасцю, лаканізмам знешняга вырашэння. Як архітэктар зазнаў уплыў неакласіцызму і некат. палажэнні функцыяналізму (канторскі будынак фірмы «Пірэлі» ў Мілане, 1955—59, з арх. А.​Раселі і П.​Л.​Нерві). Вядомы таксама як жывапісец-манументаліст, графік, кераміст, мастак т-ра і кіно.

т. 12, с. 509

ПО́НЦІЙ ПІЛА́Т (Pontius Pilatus),

рымскі пракуратар (намеснік) Іудзеі ў 26—36 г. Яго праўленне было адзначана насіллем і смяротнымі пакараннямі без суда. Зняважлівыя адносіны да рэліг. вераванняў і звычаяў іудзеяў, паборы і падатковы ўціск выклікалі шматлікія паўстанні, якія ён жорстка душыў. Паводле Іосіфа Флавія і новазапаветнай традыцыі П.П. зацвердзіў рашэнне сінедрыёна (вышэйшы іудзейскі орган самакіравання і суда) аб прыгаворы да распяцця Ісуса Хрыста. У евангельскім апавяданні аб судзе над Хрыстом П.П. «узяў вады і вымыў рукі перад народам», каб зняць з сябе віну за праліццё крыві (адсюль выраз «умыць рукі»). У 36 пасля скаргі самарыцян на крывавую расправу над імі П.П. адхілены ад пасады і адпраўлены ў Рым. Паводле Яўсевія Кесарыйскага (4 ст.) П.П. скончыў самагубствам у 39, паводле інш. крыніц забіты Неронам. П.П. — герой шэрагу твораў апакрыфічнай л-ры, выяўл. мастацтва.

т. 12, с. 509

ПО́НЯ,

рака ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. і Вілейскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 44,9 км. Вадазбор (пл. 503 км²) раўнінны, месцамі дробнаўзгорысты. Пачынаецца на паўд. ускраіне в. Крыпулі, вусце ў межах в. Бераспонне (абедзве ў Докшыцкім р-не). Цячэ ў скразной даліне на Пн Мінскага ўзвышша. Даліна ў вярхоўі трапецападобная, шыр. 1,5—2,5 км, на астатнім працягу невыразная, пры ўпадзенні ў Бярэзіну зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма асушаная, парэзаная густой сеткай меліярац. каналаў. Рэчышча каналізаванае, шыр. ад 6 м да 30 м. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 12, с. 509

ПОП, Поўп (Pope) Аляксандр (21.5.1688, Лондан —30.5.1744), англійскі пісьменнік; прадстаўнік Асветніцтва. Дэбютаваў у жанры вершаванай пастаралі, прадоўжыў традыцыі «Буколік» Вергілія (зб. «Пастаралі», 1704; паэма «Віндзорскі лес», 1713). Паэма «Спроба пра крытыку» (1711) — маніфест. англ. асветніцкага класіцызму. Майстар сатыры і лёгкай, іранічнай, вытанчанай паэзіі ракако (іроікамічныя паэмы «Выкраданне кудзеру», 1712; «Дунсіяда», 1728; «Новая Дунсіяда», 1742). Вяршыня творчасці — філас. паэма «Спроба пра чалавека» (1732—34) — вершаванае выкладанне ідэй Дж.​Лока і А.​Шэфтсберы. Аўтар сатыр і эпіграм, перакладаў «Іліяды» і «Адысеі» Гамера.

Тв.:

Рус. пер. — Поэмы. М., 1988.

Літ.:

Сидорченко Л.В. Александр Поуп: В поисках идеала. Л., 1987.

Г.​В.​Сініла.

т. 12, с. 509

ПО́ПАЎЗЕНЬ звычайны

(Sitta europaea),

птушка атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах, парках, старых садах, трапляецца ў населеных пунктах. Гнёзды ў дуплах. Трымаецца паасобку або парамі. На Беларусі гняздоўны, часткова аселы і вандроўны від.

Даўж. да 16 см, маса да 26 г. Шчыльны склад цела і моцныя лапы з учэпістымі кіпцюрамі прыстасаваны для перамяшчэння па ствалах і галінах дрэў. Корміцца насякомымі, лічынкамі, павукамі, насеннем. Адкладвае да 8 яец, двойчы за лета.

Э.​Р.​Самусенка.

Попаўзень звычайны.

т. 12, с. 509

ПО́ПЕЛ,

незгаральныя рэшткі, што застаюцца пасля поўнага згарання паліва. Утвараецца з мінер. прымесей паліва. Колькасць П. ў розных палівах розная, напр., у каменным і бурых вуглях ад 1 да 45% і больш, у торфе ад 2 да 30%, у дрывах звычайна менш за 1%, у мазуце часцей да 0,15%. Памяншае цеплату згарання, зніжае інтэнсіўнасць цеплаабмену, выклікае знос труб і дымасосаў, забруджвае атмасферу пры выкідах з дымавымі газамі. Выкарыстоўваюць для вытв-сці некаторых відаў бетону, з П. некаторых відаў вугалю атрымліваюць рэдкія і рассеяныя элементы (напр., германій); у сельскай гаспадарцы як мясцовае мінер. ўгнаенне, якое мае калій (у форме лёгкарастваральнага карбанату калію K2CO3), фосфар, кальцый, магній, мікраэлементы.

т. 12, с. 510

ПО́ПЕЛЬ (Popiel),

легендарны велікапольскі князь, папярэднік дынастыі Пястаў, які правіў у г. Гнезна. Паводле найстараж. версіі, пададзенай у хроніцы Гала Ананіма (12 ст.), П. быў выгнаны з Гнезна і з’едзены мышамі. Больш познія храністы, пачынаючы з Вінцэнты Кадлубака, гавораць аб двух П. «Хроніка Велікапольская» пераносіць дзеянне падання аб П. з Гнезна ў Крушвіцу.

т. 12, с. 510

ПО́ПЕЛЬНІК,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Салянка.

т. 12, с. 510

ПО́ПЕР ((Popper) Давід) (18.6.1843, Прага —7.8.1913),

чэшскі віяланчэліст, кампазітар, педагог. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1861). У 1868—73 саліст аркестра Венскай прыдв. оперы. З 1886 праф. Акадэміі музыкі ў Будапешце. Выступаў (да 1886) у ансамблях з Ф.​Лістам, І.​Брамсам, А.​Рубінштэйнам і інш. Для яго манеры выканання былі ўласцівы рамантычная ўзнёсласць, усхваляванасць, віртуозная і адначасова элегантная тэхніка. Аўтар п’ес для віяланчэлі, частка з якіх захавалася ў рэпертуары сучасных выканаўцаў («Калаўрот», «Паляванне», «Танец эльфаў», «Тарантэла» і інш.). Сярод інш. твораў: 4 канцэрты для віяланчэлі з арк., рэквіем для 3 віяланчэлей з арк., 2 стр. квартэты, 4 сюіты для віяланчэлі. Аўтар папулярных у пед. практыцы 40 эцюдаў значнай цяжкасці.

т. 12, с. 510