ПО́ПЕЛ,

незгаральныя рэшткі, што застаюцца пасля поўнага згарання паліва. Утвараецца з мінер. прымесей паліва. Колькасць П. ў розных палівах розная, напр., у каменным і бурых вуглях ад 1 да 45% і больш, у торфе ад 2 да 30%, у дрывах звычайна менш за 1%, у мазуце часцей да 0,15%. Памяншае цеплату згарання, зніжае інтэнсіўнасць цеплаабмену, выклікае знос труб і дымасосаў, забруджвае атмасферу пры выкідах з дымавымі газамі. Выкарыстоўваюць для вытв-сці некаторых відаў бетону, з П. некаторых відаў вугалю атрымліваюць рэдкія і рассеяныя элементы (напр., германій); у сельскай гаспадарцы як мясцовае мінер. ўгнаенне, якое мае калій (у форме лёгкарастваральнага карбанату калію K2CO3), фосфар, кальцый, магній, мікраэлементы.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)