Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРАСЛА́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

другая назва Пляшчэева возера ў Яраслаўскай вобл. Расіі.

т. 12, с. 288

ПЕРАСМЕ́ШКІ (Hippolais),

род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жывуць у мяшаных і лісцевых лясах, хмызняках, парках, садах, скверах. На Беларусі 1 від — П. зялёная, або пеначка-перасмешка (H. icterina). Звычайны пералётны і пралётны від. Гнёзды на дрэвах ці кустах.

Даўж. да 16 см, маса да 15 г. Гукі песень самцоў запазычаны ў інш. птушак (адсюль назва). Кормяцца насякомымі, ягадамі. Адкладваюць да 6 яец.

Перасмешка зялёная.

т. 12, с. 288

ПЕРАСО́ЎНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

пераважна цеплавая электрастанцыя, размешчаная на шасі аўтамабіля, прычэпе, чыг. платформе, судне і інш. Выкарыстоўваецца ў раёнах, аддаленых ад энергасістэм.

Бываюць малой (да 10 кВт), сярэдняй (10—150 кВт) і вял. (больш за 150 кВт) магутнасці; даюць пастаянны, адно- або трохфазны пераменны ток частатой 50, 400 Гц і больш. Найб. пашыраны дызельныя электрастанцыі (магутнасць да 150 кВт) і энергапаязды з дызель-электрычнымі агрэгатамі (5—10 МВт і больш).

т. 12, с. 288

ПЕРАСО́ЎНІКІ,

мастакі-рэалісты, якія ўваходзілі ў рас. маст. аб’яднанне Т-ва перасоўных маст. выставак (1870—1923). Т-ва створана ў Пецярбургу па ініцыятыве І.​Крамскога (ідэйны кіраўнік), Р.​Мясаедава, М.​Ге, В.​Пярова ў працэсе барацьбы за дэмакр. мастацтва супраць акадэмізму і ў процівагу Пецярбургскай АМ. У розны час у яго ўваходзілі таксама А.​Архіпаў, В.​Бялыніцкі-Біруля, А. і В. Васняцовы, С.​Жукоўскі, С.​Іванаў, С.​Каровін, М.​Касаткін, А.​Куінджы, І.​Левітан, У.​Макоўскі, В.​Паленаў, І.​Пранішнікаў, І.​Рэпін, А.​Саўрасаў, К.​Савіцкі, В.​Сурыкаў, В.​Сяроў, І.​Шышкін, М.​Ярашэнка і інш. Т-ва ставіла задачу прапагандаваць рус. рэаліст. мастацтва праз арганізацыю перасоўных выставак у гарадах Рас. імперыі (адбылося 48, у т. л. ў Вільні і Мінску). Ў сваёй дзейнасці П. апіраліся на прынцыпы грамадскіх і эстэт. поглядаў В.​Бялінскага і М.​Чарнышэўскага. Вял. ролю ў развіцці т-ва адыграла маст.крытычная дзейнасць У.​Стасава, матэрыяльная падтрымка П.​Траццякова.

П. сцвярджалі прынцып народнасці мастацтва, які выяўляўся праз адлюстраванне з пазіцый крытычнага рэалізму шматграннасці жыцця народа: выкрыццё сац. праблем грамадства («Земства абедае» Мясаедава, 1872; «Бурлакі на Волзе» Рэпіна, 1873; «Сустрэча абраза» Савіцкага, 1878; «У дарозе. Смерць перасяленца» Іванава, 1889; «На людзях» Каровіна, 1893; «Вуглякопы. Змена» Касаткіна, 1895), рэв.-вызв. рух («Адмова ад споведзі», 1885; «Не чакалі», 1884—88; «Арышт прапагандыста», 1892, усе Рэпіна; «Расстрэл» Іванава, 1905), прыгажосць нар. побыту («Прыход ведзьмака на сялянскае вяселле» В.​Максімава, 1875), багацце і веліч роднай прыроды (пейзажы Саўрасава, Шышкіна, Левітана), гераічныя старонкі рас. гісторыі (карціны Сурыкава), вобразы рус. нар. казак і паданняў (творчасць В.​Васняцова). У творах на евангельскія сюжэты ўздымаліся складаныя філас., псіхал. і маральныя пытанні («Хрыстос у пустыні» Крамскога, 1872; «Што ёсць ісціна?» Ге, 1890). Творы П. адметныя псіхалагізмам, майстэрствам тыпізацыі і сац. абагульнення. У 1870—80-я г. жывапіс П. эвалюцыянаваў ад некаторай скаванасці і сухасці пісьма цёмнымі фарбамі да свабоднай, шырокай манеры, перадачы святлопаветранага асяроддзя з дапамогай светлай палітры, рэфлексаў, каляровых ценяў, свабоднай і разнастайнай кампазіцыі. Спадчына П. — адна з асн. традыцый развіцця рэаліст. мастацтва.

Дзейнасць П. паўплывала і на развіццё бел. мастацтва. Падзеяй у культ. жыцці Беларусі была выстаўка П. 1899 у Мінску, дзе экспанаваліся творы Рэпіна, Макоўскага, Касаткіна і інш. На Беларусі ў канцы 19 ст. працавалі Шышкін (стварыў шмат пейзажаў Палесся), Савіцкі (працаваў над карцінай «Сустрэча абраза»). У Здраўневе пад Віцебскам у 1892—1900 жыў Рэпін і намаляваў там палотны «Беларус», «Восеньскі букет», шэраг пейзажаў, партрэтаў бел. сялян. З Беларуссю звязана дзейнасць Бялыніцкага-Бірулі і Жукоўскага, М.​В.​Неўрава.

Літ.:

Бурова Г., Гапонова О., Румянцева В. Товарищество передвижных художественных выставок. Т. 1—2. М., 1952—59;

Гомберг-Вержбинская Э.П. Передвижники. 2 изд Л., 1970;

Орлова МА Передвижники и развитие реалистического искусства в Белорусии // Художники-передвижники. М., 1975;

Минченков А.Д. Воспоминания о передвижниках. 6 изд. Л., 1980.

Л.​Ф.​Салавей.

Да арт. Перасоўнікі. В.​Сурыкаў. Баярыня Марозава. 1887.

т. 12, с. 288

ПЕРАСТАНО́ЎКА, з n элементаў,

размяшчэнне гэтых элементаў у якім-н. парадку. Усяго існуе n! = 1∙2∙3∙ ... ∙n розных П. Гл. таксама Камбінаторны аналіз.

т. 12, с. 288

ПЕРАСТО́ЙНЫЯ ЛЯСЫ́,

узроставая група, якая перайшла стан спеласці лясоў. Характарызуецца слабым ростам дрэў верхняга яруса, невял. прыростам масы драўніны. У Пл. часцей распаўсюджваюцца хваробы, узнікаюць бураломы. Узрост, у якім лес адносяць да Пл., залежыць ад пароды дрэў і знешніх умоў. На Беларусі перастойнымі лясамі лічацца дубовыя, кляновыя, ясянёвыя — са 140 гадоў, хваёвыя і яловыя — са 120, бярозавыя — з 80, асінавыя, альховыя — з 60 гадоў.

т. 12, с. 288

«ПЕРАСТРАХО́ВАЧНЫ ДАГАВО́Р» 1887,

тайны дагавор паміж Расіяй і Германіяй (18.6.1887, Берлін), паводле якога абодва бакі абавязваліся захоўваць дружалюбны нейтралітэт у выпадку вайны адной з дзяржаў з трэцяй дзяржавай (акрамя Францыі і Аўстра-Венгрыі) і не дапускаць тэр. змен на Балканах без узаемнай дамоўленасці. У 1890 ўрад Германіі адмовіўся аднавіць дагавор.

т. 12, с. 288

ПЕРАСУ́ХА,

адна з назваў р. Чарняўка.

т. 12, с. 288

ПЕРАСЫХА́ННЕ РЭК,

спыненне сцёку ў рэчышчы ракі ў перыяды працяглай засухі ў выніку інтэнсіўнага расходавання вады на інфільтрацыю і выпарэнне. Можа наступаць таксама пры празмерным заборы вады на арашэнне. Больш буйныя рэкі ў перыяд перасыхання нярэдка разбіваюцца на адасобленыя плёсы. П.р. уласціва для арыдных абласцей.

т. 12, с. 289

ПЕРАСЯЛЕ́НСТВА,

перамяшчэнне сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. на пастаяннае жыхарства ў маланаселеныя ўскраінныя рэгіёны, выкліканае агр. перанасяленнем і аграрным крызісам; адзін з відаў міграцыі насельніцтва і асн. сродак унутр. каланізацыі. У познім феадалізме адбывалася пераважна стыхійна, без афіц. дазволу ўлад. Значную частку перасяленцаў складалі збеглыя прыгонныя. З сярэдзіны 18 ст. да засялення пустуючых зямель прыцягваліся замежныя каланісты, гал. ч. немцы, балгары, малдаване, грэкі, армяне. З канца 18 ст. ўрад прымаў захады да рэгулявання П. У 1-й пал. 19 ст. П. дзярж. сялян займалася Мін-ва дзярж. маёмасцей, якое перасяліла каля 170 тыс. рэвізскіх душ (400 тыс. чал.). Пасля паўстання 1830—31 на казённыя землі Паўн. Каўказа і Пд Украіны пераселены тысячы аднадворцаў зах. губерняў. Пасля адмены прыгону мабільнасць сялянства павялічылася. Паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні рэшткаў прыгонніцтва (панскія латыфундыі, цераспалосіца, адработкі, выкупныя плацяжы і інш.) вяло да пралетарызацыі і паўперызацыі масы сялян, якія складалі асн. кантынгент губерняў Еўрап. Расіі са слабаразвітой прамысловасцю. З другога боку, захаванне часоваабавязаных адносін у былой панскай вёсцы большасці рэгіёнаў Еўрап. Расіі ў 1860—70-я г. тармазіла П. Зыходзячы з інтарэсаў памешчыкаў, царскі ўрад імкнуўся ўтрымаць сялян на месцы, каб забяспечыць землеўладальнікаў таннай рабочай сілай або кантынгентам арандатараў. На Беларусі і ў Літве гэта палітыка праводзілася асабліва паслядоўна ў сувязі з імкненнем царызму захаваць т.зв. «рускі элемент» — карэннае правасл. насельніцтва. На Беларусі ў 1860—90-я г. і першыя гады 20 ст. мясц. ўлады, як правіла, выступалі супраць П. У такіх умовах сяляне вымушаны былі перасяляцца гал. ч. самавольна. Рост сял. руху, рэв. сітуацыя ў краіне на мяжы 1870—80-х г. прымусілі ўрад прызнаць П. як непазбежную сац. з’яву. 10.7.1881 зацверджаны «Часовыя правілы» аб П., паводле якіх перасяленцаў вызвалялі ад неабходнасці падачы прыёмных прыгавораў сельскай грамады. а нядоімкі падаткаў пераводзілі на новае іх месца жыхарства. Закон ад 13.7.1889 ускладніў выдачу дазволаў на перасяленне. Аднак у сувязі з ростам стыхійнага П. і неабходнасцю каланізацыі рэгіёна Сібірскай чыгункі, што будавалася, 15.4.1896 уведзены закон, які спрашчаў парадак выдачы дазволаў па перасяленне і прадугледжваў ільготны праезд перасяленцаў па чыгунцы. Быў узаконены інстытут хадакоў, створана Перасяленчае ўпраўленне. Усё гэта рэзка павялічыла прыток перасяленцаў у Сібір, на Д. Усход і ў Сярэднюю Азію; у 1883—1905 сюды перасялілася 1,6 млн. чал. Бел. сяляне ў 1860-я г. перасяляліся пераважна на вольныя землі Паўд. Украіны, Кубані, стэпавага Заволжа, Паўд. Урала. Перасяленчы рух паскораны неўраджаямі 1865, 1867, 1868. У 1870-я г. маштабы П. скараціліся. Паводле прыменшаных афіц. звестак у гэты перыяд перасяленцы адыходзілі пераважна з Магілёўскай і Віцебскай губ. — адпаведна да 200 і 50 чал. за год. Паводле перапісу насельніцтва 1897 з 5 зах. губерняў налічвалася 511,2 тыс. перасяленцаў, 89,6% іх перасялілася ў еўрап. рэгіёны.

Беларусь належала да рэгіёнаў, дзе ўзровень П. быў ніжэйшы за сярэднія паказчыкі, што тлумачылася палітыкай асобага стрымлівання перасяленняў. У 1897 перасяленцы з 5 зах. губерняў складалі 6% народанасельніцтва, а па краіне гэты паказчык быў 9,4%. На долю перасяленцаў зах. губерняў прыпадала 7% перасяленцаў па Еўрап. Расіі і 4,3% — па ўсёй імперыі. З пачаткам сталыпінскай аграрнай рэформы перасяленні сталі свабоднымі. Урад заахвочваў П. беззямельных і малазямельных сялян на ўскраіны дзяржавы, спадзеючыся такім чынам згладзіць вастрыню малазямелля ў цэнтры і ўзмацніць землеўладанне кулакоў за кошт надзелаў перасяленцаў. У 1906—14 іх колькасць у Сібіры, на Д. Усходзе і ў Сярэдняй Азіі дасягнула (без зваротных перасяленцаў) 3,3 млн. чал. Усяго з Еўрап. Расіі за 1861—1917 за Урал выехала (без тых, хто вярнуўся) каля 5,3 млн. чал. У 1907—14 з 5 зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс. чал., з іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. Аднак за 1907—14 у 5 зах. губернях назад вярнулася 36,5 тыс. чал., ці 10,9% перасяленцаў. П. садзейнічала скарачэнню кабальных форм найму і адпрацовак у панскай гаспадарцы на месцах выхаду, паскарэнню яго перабудовы на капіталіст. пачатках, а таксама развіццю капіталізму ў рэгіёнах прыходу, вяло да абвастрэння барацьбы паміж сялянствам і памешчыкамі, вясковай беднатой і сял. буржуазіяй. Пасля Кастр. рэв. 1917 П. саступіла месца дзярж. планаваму асваенню аддаленых і малазямельных рэгіёнаў краіны.

Літ.:

Скляров Л.Ф. Переселение и землеустройство в Сибири в годы столыпинской аграрной реформы. Л., 1962;

Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (вторая половина XIX в.). Мн., 1978;

Сямейных З.М. Міграцыя беларускага сялянства ў гады сталыпінскай аграрнай рэформы (1906—1914 гг.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 4;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​П.​Панюціч.

т. 12, с. 289