мастакі-рэалісты, якія ўваходзілі ў рас.маст. аб’яднанне Т-ва перасоўных маст. выставак (1870—1923). Т-ва створана ў Пецярбургу па ініцыятыве І.Крамскога (ідэйны кіраўнік), Р.Мясаедава, М.Ге, В.Пярова ў працэсе барацьбы за дэмакр. мастацтва супраць акадэмізму і ў процівагу Пецярбургскай АМ. У розны час у яго ўваходзілі таксама А.Архіпаў, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і В. Васняцовы, С.Жукоўскі, С.Іванаў, С.Каровін, М.Касаткін, А.Куінджы, І.Левітан, У.Макоўскі, В.Паленаў, І.Пранішнікаў, І.Рэпін, А.Саўрасаў, К.Савіцкі, В.Сурыкаў, В.Сяроў, І.Шышкін, М.Ярашэнка і інш.Т-ва ставіла задачу прапагандаваць рус.рэаліст. мастацтва праз арганізацыю перасоўных выставак у гарадах Рас. імперыі (адбылося 48, у т. л. ў Вільні і Мінску). Ў сваёй дзейнасці П. апіраліся на прынцыпы грамадскіх і эстэт. поглядаў В.Бялінскага і М.Чарнышэўскага. Вял. ролю ў развіцці т-ва адыграла маст.крытычная дзейнасць У.Стасава, матэрыяльная падтрымка П.Траццякова.
П. сцвярджалі прынцып народнасці мастацтва, які выяўляўся праз адлюстраванне з пазіцый крытычнага рэалізму шматграннасці жыцця народа: выкрыццё сац. праблем грамадства («Земства абедае» Мясаедава, 1872; «Бурлакі на Волзе» Рэпіна, 1873; «Сустрэча абраза» Савіцкага, 1878; «У дарозе. Смерць перасяленца» Іванава, 1889; «На людзях» Каровіна, 1893; «Вуглякопы. Змена» Касаткіна, 1895), рэв.-вызв. рух («Адмова ад споведзі», 1885; «Не чакалі», 1884—88; «Арышт прапагандыста», 1892, усе Рэпіна; «Расстрэл» Іванава, 1905), прыгажосць нар. побыту («Прыход ведзьмака на сялянскае вяселле» В.Максімава, 1875), багацце і веліч роднай прыроды (пейзажы Саўрасава, Шышкіна, Левітана), гераічныя старонкі рас. гісторыі (карціны Сурыкава), вобразы рус.нар. казак і паданняў (творчасць В.Васняцова). У творах на евангельскія сюжэты ўздымаліся складаныя філас., псіхал. і маральныя пытанні («Хрыстос у пустыні» Крамскога, 1872; «Што ёсць ісціна?» Ге, 1890). Творы П. адметныя псіхалагізмам, майстэрствам тыпізацыі і сац. абагульнення. У 1870—80-я г. жывапіс П. эвалюцыянаваў ад некаторай скаванасці і сухасці пісьма цёмнымі фарбамі да свабоднай, шырокай манеры, перадачы святлопаветранага асяроддзя з дапамогай светлай палітры, рэфлексаў, каляровых ценяў, свабоднай і разнастайнай кампазіцыі. Спадчына П. — адна з асн. традыцый развіцця рэаліст. мастацтва.
Дзейнасць П. паўплывала і на развіццё бел. мастацтва. Падзеяй у культ. жыцці Беларусі была выстаўка П. 1899 у Мінску, дзе экспанаваліся творы Рэпіна, Макоўскага, Касаткіна і інш. На Беларусі ў канцы 19 ст. працавалі Шышкін (стварыў шмат пейзажаў Палесся), Савіцкі (працаваў над карцінай «Сустрэча абраза»). У Здраўневе пад Віцебскам у 1892—1900 жыў Рэпін і намаляваў там палотны «Беларус», «Восеньскі букет», шэраг пейзажаў, партрэтаў бел. сялян. З Беларуссю звязана дзейнасць Бялыніцкага-Бірулі і Жукоўскага, М.В.Неўрава.
Літ.:
Бурова Г., Гапонова О., Румянцева В. Товарищество передвижных художественных выставок. Т. 1—2. М., 1952—59;