Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАГНІ́ЦКІ (Лявонцій Піліпавіч) (19.6.1669, с. Асташкаўскае Цвярской вобл., Расія — 30.10.1739),

расійскі педагог-матэматык. Скончыў Славяна-грэка-лацінскую акадэмію ў Маскве. З 1701 выкладаў матэматыку ў Маскоўскай школе матэм. і навігацкіх навук.

Аўтар першага ў Расіі друкаванага курса матэматыкі і караблеваджэння «Арыфметыка» (1703), дапаможнікаў і даведнікаў па матэматыцы.

Тв.:

Арифметика Магницкого. М., 1914.

Літ.:

Денисов А.П. Л.Ф.Магницкий, 1669—1739. М., 1967.

т. 9, с. 484

МА́ГНІЮ АКСІ́Д, паленая магнезія,

злучэнне магнію з кіслародам; асноўны аксід, MgO. У прыродзе рэдкі мінерал перыклаз.

Бясколернае крышт. рэчыва, tпл 2827 °C, шчыльн. 3580 кг/м​3. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Дробнакрышт. М.а. паглынае вуглякіслы газ і вадзяную пару, лёгка ўзаемадзейнічае з к-тамі. Атрымліваюць абпальваннем магнезіту і даламіту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў, магнезіяльнага цэменту (гл. Магнію злучэнні), пры вулканізацыі гумы, для ачысткі нафтапрадуктаў, у медыцыне (сродак для зніжэння кіслотнасці страўнікавага соку, лёгкае слабіцельнае).

т. 9, с. 485

МА́ГНІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць магній. Найб. пашыраныя М.з. — магнію аксід, солі магнію і магнійарганічныя злучэнні.

Солі магнію ў асн. крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, бязводныя вельмі гіграскапічныя, утвараюць крышталегідраты. Магнію карбанат MgCO3 у прыродзе мінерал магнезіт. Магнезіт і даламіт (змешаны карбанат CaCO3∙MgCO3) выкарыстоўваюць для атрымання магнезіі, магнію і яго злучэнняў, як магніевыя ўгнаенні (напр., даламітавая мука). Магнію перхларат Mg(ClO4)2 — вельмі гіграскапічнае рэчыва. Гідрат саставу Mg(ClO4)2∙2H2O вырабляюць пад назвай ангідрон, выкарыстоўваюць як асушальнік газаў. Магнію сульфат MgSO4 раскладаецца пры т-ры 1100—1200 °C. У прыродзе сустракаюцца мінералы кізерыт MgSO4∙H2O, эпсаміт MgSO4∙7H2O, каініт Ka∙MgSO4∙3H2O і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання аксіду магнію, пратраву пры фарбаванні тканін, напаўняльнік паперы, у медыцыне (горкая соль). Магнію хларыд MgCl2 трапляецца ў выглядзе мінералаў бішафіту MgCl2∙6H2O, карналіту KCl∙MgCl2∙6H2O. Выкарыстоўваюць для атрымання магнію, у вытв-сці магнезіяльнага цэменту — сумесь напаленага MgO, MgCl2 і вады; водны раствор — як холадагент, антыфрыз, сродак супраць абледзянення лётных палёў, чыг. рэек, як антыпірэн для драўніны, дэфаліянт і інш.

А.П.Чарнякова.

т. 9, с. 485

МАГНО́ЛІЯ (Magnolia),

род кветкавых раслін сям. магноліевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, Амерыцы. Культывуецца больш за 15 відаў (лістападныя ва ўмераных, вечназялёныя ў трапічных і субтрапічных зонах).

Дрэвы і кусты з простым, часам буйным (да 1 м) лісцем. Лісце мае ў сабе алкалоіды, эфірны алей і гліказіды. Кветкі верхавінкавыя, адзіночныя, двухполыя. Плод — спіральная шматлістоўка. Лек. і дэкар. расліны.

т. 9, с. 485

МАГНОЛІЯПСІ́ДЫ (Magnoliales),

парадак двухдольных раслін. Найб. прымітыўныя з існуючых кветкавых раслін 8 сям., 174 роды, каля 3 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 2 інтрадукаваныя віды з родаў магнолія і лірыядэндран (гл. Цюльпаннае дрэва) сям магноліевых.

Вечназялёныя і лістападныя дрэвы і кусты. Лісце з прылісткамі або без іх. Кветкі спіральныя, спірацыклічныя, часта з доўгай воссю, адзіночныя ці ў суквеццях. Калякветнік просты або дыферэнцыраваны на чашачку і вяночак. Тычынкі пераважна шматлікія, часта стужкападобныя. Лек., дэкар., тэхн., харч. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5, ч. 1. Цветковые растения. М., 1980.

Магнолія буйнакветная.

т. 9, с. 485

МА́ГНУСА ЭФЕ́КТ,

узнікненне папярочнай сілы, якая дзейнічае на цела, што верціцца ў патоку вадкасці або газу. Адкрыты ў 1892 ням. вучоным Г.Г.Магнусам.

Напр., пры абцяканні бясконца доўгага кругавога цыліндра, які верціцца, безвіхравым патокам, накіраваным перпендыкулярна да яго ўтваральных, з прычыны вязкасці вадкасці скорасць цячэння з таго боку, дае напрамкі скарасцей патоку і вярчэння цыліндра супадаюць, павялічваецца, а дзе яны процілеглыя — памяншаецца. У выніку ціск на адным баку памяншаецца, а на другім павялічваецца, што прыводзіць да ўзнікнення папярочнай сілы. Аналагічная сіла ўзнікае і пры абцяканні патокам паветра шара, які верціцца, чым тлумачыцца непрамалінейны палёт закручанага тэніснага ці футбольнага мяча.

Да арт. Магнуса эфект: v — скорасць патоку вадкасці або газу; F — папярочная сіла.

т. 9, с. 485

МАГО́ЛЬСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,

найбуйнейшая дзяржава на тэр. Індыі ў 16—18 ст. Назва ад кіруючай дынастыі Вялікіх Маголаў. Заснаваў Бабур у 1527, фактычны стваральнік — падзішах Акбар [1556—1605], які ўсталяваў сваю ўладу над Паўдн. Індыяй ад Гуджарата да Бенгаліі і ч. Афганістана. Пры ім М.і. дасягнула найб. росквіту. Джахангір [1605—27] і Шах-Джахан [1627—58] прадоўжылі заваяванне Дэкана. Пры Аўрангзебе [1658—1707] М.і. значна пашырылася і ўключала амаль усю Індыю (без крайняга поўдня). З гэтага часу пачаўся заняпад дзяржавы. Цяжкія падаткі і бясконцыя войны прывялі да паўстанняў сікхаў у Пенджабе, джатаў каля Дэлі, маратхаў на чале з Шываджы ў Дэкане, што падарвала ваен. магутнасць М.і. У 1739 іранскі шах Надзір разбіў армію Вял. Маголаў і разрабаваў Дэлі, пасля чаго М.і. канчаткова распалася. З яе вылучыліся дзяржавы Хайдарабад, Ауд, Бенгалія; амаль увесь Дэкан увайшоў у склад маратхскіх княстваў. У 1803 англічане авалодалі Дэлі і ператварылі падзішаха Шах-Алама II у пенсіянера Ост-Індскай кампаніі. Апошні магольскі падзішах Бахадур-шах II пазбаўлены свайго тытула пасля задушэння Індыйскага народнага паўстання 1857—59.

т. 9, с. 485

МАГО́Н (Эрман Якаўлевіч) (15.10.1899, Гольдынгенскі пав., Латвія — 11.8.1941),

удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1941). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). Удзельнік грамадз. вайны на тэр. Беларусі. У Вял. Айч. вайну на чале 45-га стралк. корпуса 13-й арміі Зах. фронту 25 дзён вёў абарончыя баі на Дняпры, Проні, Сажы ў раёне Быхава, Прапойска (Слаўгарада), Крычава. 7—9 ліп. ў баі каля Быхава воіны пад яго камандаваннем знішчылі 8 танкаў, пераправіліся на правы бераг Дняпра, разграмілі праціўніка і прымусілі адступіць; у жн. пад Клімавічамі М. без страт вывеў свой корпус з акружэння. Загінуў у баі ў в. Малашкавічы Клімавіцкага р-на. Пахаваны ў Клімавічах. На месцы гібелі пастаўлены абеліск.

т. 9, с. 485

МА́ГРЫБ (араб. захад),

1) уласна М. — агульная назва ў геагр. і гіст. л-ры з часоў Араб. халіфата групы краін у Паўн. Афрыцы на 3 ад Лівіі (Туніс, Алжыр, Марока).

2) Вялікі М., або Араб. Захад (у адрозненне ад Араб. Усходу — Машрык), уключае дадаткова тэр. Лівіі, Маўрытаніі і Зах. Сахары. У сярэднія вякі ў паняцце М. ўключаліся таксама мусульманская Іспанія (Андалусія) і інш. ўладанні былога Араб. халіфата ў зах. ч. Міжземнага мора.

т. 9, с. 485

МАГРЫ́Т ((Magritte) Рэне) (21.11.1898, г. Лесінь, Бельгія — 15.8.1967),

бельгійскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сюррэалізму. Вучыўся ў Брусельскай АМ (1916). Зазнаў уплыў Дж. Дэ Кірыка. З 1927 у Парыжы. У ранні перыяд працаваў у рэчышчы футурызму і кубізму («Конніца», 1922; «Жанчына», 1923, і інш.). Пазней выпрацаваў індывідуальны кірунак у сюррэалізме, у творах камбінаваў выявы з несупастаўляльных элементаў рэальных прадметаў, істот і краявідаў, што напаўняла іх таямнічасцю і містычным сэнсам і набліжала да метафіз. жывапісу. Жывапісная манера адметная гладкасцю пісьма, гарманічным спалучэннем чыстых колераў, строгім лінейным ладам: «Цяжкая працягласць» (1926), «Двайная таямніца» (1927), «Закаханыя» (1928), «Чорная магія» (1935), «Прыступкі лета» (1937), «Настальгія па ўласнай краіне» (1940), «Хлеб штодзённы» (1942), «Балкон» (1950), «Царства святла» (1954), «Урок цемры» (1955), «Замак у Пірэнеях» (1959), «Вялікая вайна» (1964) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Сюррэалізм.

В.Я.Буйвал.

Р.Магрыт. Настальгія па ўласнай краіне. 1940.

т. 9, с. 485