МАГРЫ́Т ((Magritte) Рэне) (21.11.1898, г. Лесінь, Бельгія — 15.8.1967),
бельгійскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сюррэалізму. Вучыўся ў Брусельскай АМ (1916). Зазнаў уплыў Дж. Дэ Кірыка. З 1927 у Парыжы. У ранні перыяд працаваў у рэчышчы футурызму і кубізму («Конніца», 1922; «Жанчына», 1923, і інш.). Пазней выпрацаваў індывідуальны кірунак у сюррэалізме, у творах камбінаваў выявы з несупастаўляльных элементаў рэальных прадметаў, істот і краявідаў, што напаўняла іх таямнічасцю і містычным сэнсам і набліжала да метафіз. жывапісу. Жывапісная манера адметная гладкасцю пісьма, гарманічным спалучэннем чыстых колераў, строгім лінейным ладам: «Цяжкая працягласць» (1926), «Двайная таямніца» (1927), «Закаханыя» (1928), «Чорная магія» (1935), «Прыступкі лета» (1937), «Настальгія па ўласнай краіне» (1940), «Хлеб штодзённы» (1942), «Балкон» (1950), «Царства святла» (1954), «Урок цемры» (1955), «Замак у Пірэнеях» (1959), «Вялікая вайна» (1964) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Сюррэалізм.