Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІНКО́ЛЬН,

парода даўгашэрсных паўтанкарунных скараспелых авечак мяса-шэрснага кірунку. Выведзена ў Англіі (графства Лінкальншыр) у 18—19 ст. скрыжаваннем мясц. авечак з лейстэрскімі баранамі. Пашыраны ў многіх краінах (Аргенціна, Аўстралія, ЗША, Канада, Новая Зеландыя і інш.). Патрабавальныя да ўмоў кармлення і ўтрымання.

Маса барана да 160 кг, аўцаматкі да 120 кг. Воўна белая, аднародная, моцная, буйназвівістая, мае бляск (люстра), даўж. да 30 см, на галаве і вушах часам цёмныя плямы. Настрыг з барана да 12 кг, з аўцаматкі да 8 кг.

Авечка пароды лінкольн.

т. 9, с. 270

ЛІНКО́Р,

гл. Лінейны карабель.

т. 9, с. 270

ЛІНКРУ́СТ (ад лац. linum лён, палатно + crusta кара, абліцоўка),

рулонны аддзелачны матэрыял з гладкай або ўзорыстай рэльефнай паверхняй. Гэта папера або тканіна, пакрытая тонкім (0,5—1 мм) слоем пластмасы, атрыманай на аснове алкідных смол. Выкарыстоўваецца для ўнутр. аддзелкі грамадскіх будынкаў і трансп. сродкаў.

т. 9, с. 270

ЛІ́ННІК (Уладзімір Паўлавіч) (6.7.1889, г. Харкаў, Украіна — 9.7.1984),

расійскі фізік. Акад. АН СССР (1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Кіеўскі ун-т (1914). З 1926 у Дзярж. аптычным ін-це (Ленінград), адначасова ў 1933—41 праф. Ленінградскага ун-та. Навук. працы па дастасавальнай оптыцы. Распрацаваў метады даследавання якасці відарысаў у аптычных сістэмах, інтэрферэнцыйныя і інш. аптычныя метады кантролю якасці мех. апрацоўкі паверхняў. Стварыў шэраг оптыка-мех. прылад, якія выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, астраноміі і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950. Залаты медаль імя С.І.Вавілава.

Літ.:

В.П.Линник. М., 1963.

У.П.Ліннік.

т. 9, с. 270

ЛІ́ННІК (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 1.2. 1928, в. Ёдчыцы Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне іхтыяпаталогіі. Д-р вет. н. (1985), праф. (1988). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1953). З 1961 у НДІ эксперым. ветэрынарыі (у 1986—94 заг. аддзела). Навук. працы па інфекцыйных і паразітарных хваробах рыб, распрацоўцы мер барацьбы і прафілактыкі, пошуку біялагічна бяспечных прэпаратаў для лячэння рыб.

Тв.:

Паразиты рыб, опасные для человека и животных. Мн., 1977;

Паразиты рыб. Мн., 1988.

т. 9, с. 270

ЛІ́ННІК (Юрый Уладзіміравіч) (21.1. 1915, г. Белая Царква, Украіна — 30.6. 1972),

расійскі матэматык. Акад. АН СССР (1964), замежны чл. Шведскай каралеўскай АН (1971). Герой Сац. Працы (1969). Сын У.П.Лінніка. Скончыў Ленінградскі ун-т (1938), у якім і працаваў (з 1944 праф.). З 1942 у Ленінградскім аддз. Матэм. ін-та АН СССР. Навук. працы па тэорыі лікаў, тэорыі імавернасцей і матэм. статыстыцы. Сфармуляваў лімітныя тэарэмы для незалежных выпадковых велічынь і неаднародных ланцугоў Маркава, выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў (рашэнне праблемы Варынга, дысперсійны метад у адытыўнай тэорыі лікаў, тэорыя ацэньвання і інш.). Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэмія СССР 1947.

Тв.:

Избр. труды. [Т. 1—2]. Л., 1979—81.

Літ.:

Академик Ю.В. Линник: Биобиблиогр. указ. Л., 1975.

Ю.У.Ліннік.

т. 9, с. 270

ЛІНО́ЛЕВАЯ КІСЛАТА́,

9,12-октадэкадыенавая кіслата, аднаасноўная карбонавая к-та з дзвюма ізаляванымі падвойнымі сувязямі, C17H31COOH; адносіцца да незаменных тлустых кіслот. Бясколерная алеепадобная вадкасць, шчыльн. 903 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе; раствараецца ў этаноле, эфіры. Гліцырыды Л.к. ёсць ва ўсіх алеях, жывёльных тлушчах.

т. 9, с. 270

ЛІНО́ЛЕУМ (ад лац. linum лён, палатно + oleum алей),

палімерны рулонны матэрыял для пакрыцця падлогі.

Паводле зыходнай сыравіны (сувязнага) падзяляюць на полівінілхларыдны, гліфталевы (алкідны Л.), калаксілінавы (нітралінолеум) і гумавы (рэлін). Вырабляюць без асновы (адна- і шматслойны) і на ўмацаванай (тканіннай) або цеплагукаізаляцыйнай аснове. Прамысл. вытв-сць Л. — джутавай тканіны, пакрытай з аднаго боку слоем аксідаванага алею, распачалі ў 1864 у Вялікабрытаніі. Выкарыстоўваюць у буд-ве.

т. 9, с. 270

ЛІНХАВО́ІН (Лхасаран Ладонавіч) (1.1. 1924, с. Ага-Хангіл, Бурація — 10.7. 1980),

бурацкі спявак (бас). Нар. арг. СССР (1959). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1954). З 1954 саліст Бурацкага т-ра оперы і балета (Улан-Удэ; у 1962—66 маст. кіраўнік). Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, выкананне вылучалася драматызмам, вострай характарнасцю. Сярод партый: Бумал-хан («Энхе—Булат-батар» М.Фралова), Васіль, Шона («Цырэмпіл Ранжураў», «Грозныя гады» Б.Ямпілава), Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі).

т. 9, с. 270

ЛІНЦ (Linz),

горад на Пн Аўстрыі, на р. Дунай. Адм. ц. зямлі Верхняя Аўстрыя. 203 тыс. ж. (1991). Буйнейшы ў краіне рачны порт, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: металургічная (камбінат ФЁСТ), суднабуд., эл.-тэхн., хім. (вытв-сць азотных угнаенняў), нафтахім., тэкст., харчасмакавая. Музеі: Верхняй Аўстрыі, Гарадскі, Новая галерэя, Епархіяльны. Арх. помнікі: ландхаўз (16 ст.), палацы і цэрквы (17—18 ст.).

т. 9, с. 271