ГУ́САК (Husák) Густаў (10.1.1913, в. Доўбраўда, каля г. Браціслава, Славакія — 1991, славацкі і чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Браціслаўскі ун-т (1937). З 1933 чл. кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ). У 2-ю сусв. вайну адзін з кіраўнікоў славацкага нац. паўстання 1944. Чл. ЦК КПЧ (1945, 1949—51). У 1946—50 старшыня Корпуса ўпаўнаважаных (аўтаномнага ўрада) Славакіі. Абвінавачаны ў «нацыяналіст. ухілах», у 1951 арыштаваны і зняволены, у 1960 вызвалены, у 1963 рэабілітаваны. У перыяд «пражскай вясны» 1-ы сакратар ЦК КП Славакіі, падтрымаў увод войск 5 дзяржаў-удзельніц Варшаўскага дагавора ў Чэхаславакію (жн. 1968). З 1969 1-ы сакратар, з 1971 ген. сакратар ЦК КПЧ. Праводзіў палітыку т.зв. нармалізацыі (адыход ад рэформ «пражскай вясны»). З 1975 прэзідэнт Чэхаславакіі. У 1987 быў вымушаны падаць у адстаўку з пасады ген. сакратара ЦК КПЧ, у 1989 — з пасады прэзідэнта. Аўтар кн. «Сведчанне пра Славацкае нацыянальнае паўстанне» (нап. Ў 1964).
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 541
ГУСА́К Мікалай Адамавіч
(н. 7.1.1940, в. Іванкаўшчына Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1988). Брат А.А.Гусака. Скончыў БДУ (1961). З 1961 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі, з 1987 у Міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі пры БПА (з 1989 праф.). Навук. працы па электраоптыцы і фізіцы паўправаднікоў. Распрацаваў электрааптычныя лінзы з аптычнай сілай, залежнай ад знешняга эл. поля, і электрааптычныя дыфлектары для адхілення лазернага пучка.
Тв.:
Релаксация заряда в анизотропном полупроводнике в квадрупольном электрическом поле // Ковариантные методы в теоретической физике. Оптика и акустика. Мн., 1986.
т. 5, с. 541
ГУСА́К Сяргей Адамавіч
(2.4.1930, в. Іванкаўшчына Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 20.12.1969),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1966). Брат А.А.Гусака і М.А.Гусака. Скончыўшы БДУ (1955), настаўнічаў. З 1960 у НДІ педагогікі, у 1962 у Мін-ве асветы БССР, з 1965 у БДУ. У 1968—69 рэктар Брэсцкага пед. ін-та. Друкаваўся з 1959. Даследаваў праблемы сучаснай бел. прозы (апавяданні В.Адамчыка, Я.Брыля, М.Даніленкі, М.Капыловіча, І.Навуменкі, Б.Сачанкі і інш., раманы І.Шамякіна, М.Лобана і інш.).
Тв.:
Аляксей Кулакоўскі. Мн., 1967;
Пафас праўды. Мн., 1973.
т. 5, с. 541
ГУСАКО́Ў Валянцін Кузьміч
(н. 3.2.1933, в. Ужляціна Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р біял. н. (1975), праф. (1977). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1959). З 1961 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па вывучэнні сакраторна-ферментатыўнай дзейнасці стрававальнага тракту ў розных відаў с.-г. жывёл.
т. 5, с. 541
ГУСАКО́Ў Уладзімір Рыгоравіч
(н. 12.2.1953, в. Батвінава Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1996). Д-р эканам. н. (1994). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1976). У 1979—96 у Беларускім НДІ эканомікі і інфармацыі аграпрамысл. комплексу (з 1994 дырэктар). Навук. працы па метадалогіі эканам. развіцця сельскай гаспадаркі і стратэгіі агр. рэформы, тэорыі гасп. механізму аграпрамысл. комплексу.
Тв.:
Хозрасчет в сельском хозяйстве. Мн., 1990 (у сааўт.);
На пути к рынку. Мн., 1992;
Рынок продовольствия и сырья: тенденции и стратегия. Мн., 1996 (у сааўт.).
т. 5, с. 541
ГУСАКО́ЎСКІ Іосіф Іракліевіч
(25.12.1904, в. Вародзькаў Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.2.1995),
двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), ген. арміі (1968). Скончыў кав. школу (1931), бранятанк. (1932) і штабныя (1934) курсы, Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1928, на камандных і штабных пасадах. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр., 1-м і 2-м Бел. франтах: нач. штаба танк. палка, брыгады. Удзельнік аперацыі пад Ельняй (1941), бітвы пад Масквой, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Польшчы, баёў за Берлін. Вызначыўся ў час Львоўска-Сандамірскай (1944) і Вісла-Одэрскай (1945) аперацый. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі, з 1963 на адказных пасадах у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР (1962—70). У Магілёве ўстаноўлены яго бюст.
т. 5, с. 542
ГУСА́РАЎ Мікалай Іванавіч
(3.8.1905, г. Нікалаеўск, Расія — 17.3.1985),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Маскоўскім авіяц. ін-це (1931—33, 1937—38). У 1922—27 на камсам. рабоце. У 1925 уступіў у Камуніст. партыю. З 1938 1-ы сакратар Пермскага абкома ВКП(б), з 1946 інспектар Сакратарыята ЦК ВКП(б). З 7.3.1947 да 3.6.1950 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б, чл. Бюро ЦК КП(б)Б. Потым на парт. рабоце ў Туле, у ЦК КПСС, у Савеце Міністраў РСФСР. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) у 1939—52. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—50.
т. 5, с. 542
ГУСА́РАЎ Рыгор Андрэевіч
(6.2.1906, в. Алешня Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 23.12.1943),
Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну на фронце з вер. 1941. Камандзір аддзялення сяржант Гусараў вызначыўся ў 1943 у баях у Верхнедняпроўскім р-не Днепрапятроўскай вобл. (Украіна): 28 вер. ў ліку першых фарсіраваў Дняпро, заняў з узводам зручны рубеж, чым садзейнічаў пераправе інш. падраздзяленняў палка.
т. 5, с. 542
ГУСА́РКА,
вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 7 км на ПнУ ад горада і 10 км ад чыг. ст. Клімавічы, 131 км ад Магілёва. 97 ж., 41 двор (1997). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі.
т. 5, с. 542
ГУСА́РЫ
(венг. huszár, адз. л.),
від кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 15 — пач. 20 ст. З’явіліся ў Венгрыі ў 1458 пры каралю Мацьяшы І Корвіне як конныя атрады дваранскага апалчэння, якія камплектаваліся паводле прынцыпу вылучэння аднаго ўзбр. конніка ад кожных 20 дваранскіх двароў (адсюль назва). З 16 ст. гусары вядомы ў Польшчы і Беларусі (у складзе войска ВКЛ, існавалі да канца 18 ст.), з 1634 — у Расіі (пераважна лёгкая кавалерыя, асабліва вызначыліся ў вайну 1812, выкарыстоўваліся да 1917), з канца 17 — пач. 18 ст. — у Францыі, Аўстрыі, Прусіі (лёгкая конніца для дзеянняў у тыле і на флангах праціўніка, вядзення разведкі і праследавання).
Літ.:
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994. С. 39-43.
т. 5, с. 542