ГУСАКО́ЎСКІ Іосіф Іракліевіч

(25.12.1904, в. Вародзькаў Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.2.1995),

двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), ген. арміі (1968). Скончыў кав. школу (1931), бранятанк. (1932) і штабныя (1934) курсы, Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1928, на камандных і штабных пасадах. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр., 1-м і 2-м Бел. франтах: нач. штаба танк. палка, брыгады. Удзельнік аперацыі пад Ельняй (1941), бітвы пад Масквой, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Польшчы, баёў за Берлін. Вызначыўся ў час Львоўска-Сандамірскай (1944) і Вісла-Одэрскай (1945) аперацый. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі, з 1963 на адказных пасадах у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР (1962—70). У Магілёве ўстаноўлены яго бюст.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)