Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕЛЬМІ́НТЫ

[ад грэч. helmins (helminthos) чарвяк, гліст],

глісты, паразітычныя чэрві, узбуджальнікі глісных хвароб (гельмінтозаў) чалавека, жывёл і раслін. Вядома каля 18 тыс. відаў. Паводле цыкла развіцця падзяляюцца на біягельмінты і геагельмінты. Да гельмінтаў адносяцца чэрві тыпаў плоскія чэрві: трэматоды, або смактуны, і стужачныя чэрві, або цэстоды; з трэматод у чалавека часцей трапляюцца апістархіды, з цэстод — шырокі стужачнік, бычы, свіны і карлікавы цэпні, лічынкі эхінакока і альвеакока; круглыя чэрві, або нематоды, — аскарыды, воласагаловы, вастрыцы, трыхінелы, анкіластаміды і інш.; скрэбні, або акантацэфалы; кольчатыя чэрві, або анеліды. Прадстаўнікі скрэбняў і кольчатых чарвей у чалавека паразітуюць рэдка. Гельмінты паразітуюць практычна ва ўсіх органах і тканках. Звычайна заражаюцца гельмінтамі праз ежу, ваду, скуру, плацэнту, пры паяданні прамежкавага гаспадара. Вывучае гельмінты і выкліканыя імі хваробы гельмінталогія.

т. 5, с. 145

ГЕ́ЛЬСІНГФО́РС

(Helsingfors),

шведская назва г. Хельсінкі, сталіцы Фінляндыі.

т. 5, с. 145

ГЕ́ЛЬТМАН

(Heltman) Віктар (23.12.1796, в. Вярховічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.7.1874),

польскі рэвалюцыянер, публіцыст. Скончыў Свіслацкую гімназію. У 1819 заснаваў у Варшаве рэв. студэнцкую арг-цыю «Саюз вольных палякаў», рэдактар яе органа «Dekada Polska» («Польская дэкада»). Адзін са стваральнікаў у 1819 тайнай арг-цыі ў Свіслацкай гімназіі. Удзельнік паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве, падрыхтоўкі Кракаўскага паўстання 1846, рэв. падзей у Галіцыі 1848, кіраўнік абароны Дрэздэна ў час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі. Адзін з аўтараў маніфеста польскага дэмакратычнага таварыства. Лічыў неабходным аб’яднаць барацьбу за незалежнасць Польшчы з барацьбой за ліквідацыю феад.-прыгонніцкіх адносін рэв. шляхам. Памёр у эміграцыі ў Бруселі.

т. 5, с. 145

ГЕ́ЛЬТМАН Віктар Сцяпанавіч

(9.10.1926, Мінск — 21.8.1985),

бел. геабатанік. Д-р біял. н. (1974). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1954). З 1957 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па лясной геабатаніцы і лясной тыпалогіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Леса Белорусского Полесья: (геоботанические исслед.). Мн., 1977 (разам з І.Д.Юркевічам, М.Ф.Лоўчым);

Географический и типологический анализ лесной растительности Белоруссии. Мн., 1982.

т. 5, с. 145

ГЕ́ЛЬТМАН Стафан Лявонавіч

(4.10.1886, г. Замасць, Польшча — 20.9.1937),

рэвалюцыянер, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1912). У 1903—05 рэдактар час. «Glos» («Голас»). З 1915 у Мінску. Адзін з арганізатараў Польск. сацыяліст. аб’яднання, старшыня праўлення яго мінскай групы, заснавальнік і рэдактар яго органа «Prawda» («Праўда»), Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. бальшавіцкай фракцыі Мінскай гар. думы, камісар па польск. справах Зах. вобласці і фронту. У 1919 нам. наркома земляробства і лясной гаспадаркі Літ.-Бел. ССР, заг. аддзела Мінскага губрэўкома, з 1921 сакратар Польбюро ЦК РКП(б). У 1924—25 нарком земляробства, старшыня Дзяржплана, эканам. савета і нам. старшыні СНК БССР. З 1925 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі ў Мінску, адначасова з 1927 заг. польск. сектара Ін-та бел. культуры. У 1930-я г. ў наркаматах земляробства і зернесаўгасаў СССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1924—29, чл. ЦВК БССР у 1924—29, Прэзідыума ЦВК БССР у 1926—29. Аўтар прац па агр. пытанні Беларусі, пра ўдзел палякаў у Кастр. рэвалюцыі 1917 і інш. У 1937 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. У.М.Міхнюк.

т. 5, с. 145

ГЕ́ЛЬФАНД Аляксандр Лазаравіч

(псеўд. Парвус; 1869, г. Беразіно Мінскай вобл. — 1924),

дзеяч рас. і герм. рэв. руху. Скончыў Базельскі ун-т (1891). З 1886 у эміграцыі ў Германіі і Швейцарыі. Прымыкаў да левага крыла герм. сацыял-дэмакратыі, крытыкаваў погляды Э.Бернштэйна. З 1900 прымаў удзел у выданні газ. «Искра». З 1903 меншавік. У 1905 прыбыў у Расію, быў адным з кіраўнікоў Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, асуджаны на 3 гады высылкі. Пасля ўцёкаў жыў у Германіі, Турцыі. У 1-ю сусв. вайну выступаў за перамогу Германіі, падтрымліваў сувязі з герм. Ген. штабам. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 не атрымаў дазволу вярнуцца ў Расію. Пасля 1918 адышоў ад паліт. дзейнасці, арганізаваў у Германіі Ін-т па вывучэнні сусв. вайны. Адзін са стваральнікаў тэорыі «перманентнай рэвалюцыі». Адмоўную характарыстыку Гельфанда як паліт. авантурыста і махінатара даў М.Горкі ў нарысе «У.І.Ленін» і А.І.Салжаніцын у рамане «Ленін у Цюрыху».

Э.А.Ліпецкі.

т. 5, с. 145

ГЕ́ЛЬФАНД Барыс Абрамавіч

(н. 24.7.1968, Мінск),

бел. шахматыст. Міжнар. гросмайстар (1989). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1990). Пераможца Сусв. шахматнай алімпіяды ў складзе каманды СССР (1990), чэмпіён СССР (1985) і Еўропы (1987—88) сярод юнакоў. Пераможца міжзанальных (Маніла, Філіпіны — 1990, Біль, Швейцарыя — 1993) і інш. буйных міжнар. турніраў. У 1-й пал. 1990-х г. уваходзіў у дзесятку мацнейшых шахматыстаў свету.

т. 5, с. 146

ГЕ́ЛЬФАНД Хаім Янкель Шыманавіч

(літ. псеўд. А.І.Літвак; 1877, г. Слуцк Мінскай вобл. — 1932),

палітычны дзеяч і публіцыст. Адзін з кіраўнікоў Бунда, з 1905 чл. яго ЦК. Неаднаразова быў арыштаваны, у 1896—1902 у ссылцы ў Якуцку. У 1915—17 прадстаўнік Бунда ў ЗША. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. Да Кастр. рэвалюцыі 1917 паставіўся адмоўна. На XI канферэнцыі Бунда (1919, Мінск) узначаліў с.-д. крыло. У 1921 арыштаваны органамі ДПУ, пасля вызвалення жыў у Вільні. З 1925 у ЗША.

Тв.:

Мелкобуржуазный социализм на еврейской почве: (Критика «теории» социалистов-сионистов). СПб., 1906;

Поалей сионизм: Новое течение в рус. еврействе — рабочий сионизм: Критический очерк. СПб., 1907.

Э.А.Ліпецкі.

т. 5, с. 146

ГЕ́ЛЬФМАН Геся Меераўна

(Міронаўна; паміж 1852—55, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 13.2.1882),

рэвалюцыянерка-народніца. У час вучобы на курсах у Кіеве (1874) вяла рэв. прапаганду сярод рабочых. У 1877 зняволена на 2 гады. З 1879 чл. партыі «Народная воля». На канспіратыўных кватэрах Гельфман у Пецярбургу размяшчалася друкарня нарадавольскай «Рабочей газеты», хаваліся выбуховыя рэчывы, рыхтаваўся замах на Аляксандра II. 15.3.1881 арыштавана і разам з інш. арганізатарамі замаху прыгаворана да павешання; выкананне прыгавору адтэрмінавана ў сувязі з яе цяжарнасцю. Шырокая кампанія ў абарону Гельфман у замежным друку прымусіла цара замяніць пакаранне смерцю на пажыццёвую катаргу. Памерла ў турме ў час родаў.

т. 5, с. 146

ГЕ́ЛЬЦЭР Кацярына Васілеўна

(14.11.1876, Масква — 12.12.1962),

расійская балерына. Нар. арт. Расіі (1925). Дачка танцоўшчыка В.Ф.Гельцэра. Скончыла Маскоўскую балетную школу (1894). З 1894 і ў 1898—1935 салістка Вял. т-ра ў Маскве, у 1896—98 — Марыінскага т-ра. У Вял. т-ры асн. выканальніца ў балетах А.Горскага. Яркая прадстаўніца рус. школы класічнага танца, у сваім выкананні спалучала лёгкасць, віртуознасць, імклівасць з шырынёй і мяккасцю рухаў. Сярод партый: Саламбо («Саламбо» А.Арэндса), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» Л.Герольда), Медора («Карсар» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.Гліэра). З 1910 гастраліравала за мяжой, у т. л. ў Рускіх сезонах у Парыжы. Дзярж. прэмія СССР 1943.

т. 5, с. 146