ГЕ́ЛЬТМАН

(Heltman) Віктар (23.12.1796, в. Вярховічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.7.1874),

польскі рэвалюцыянер, публіцыст. Скончыў Свіслацкую гімназію. У 1819 заснаваў у Варшаве рэв. студэнцкую арг-цыю «Саюз вольных палякаў», рэдактар яе органа «Dekada Polska» («Польская дэкада»). Адзін са стваральнікаў у 1819 тайнай арг-цыі ў Свіслацкай гімназіі. Удзельнік паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве, падрыхтоўкі Кракаўскага паўстання 1846, рэв. падзей у Галіцыі 1848, кіраўнік абароны Дрэздэна ў час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі. Адзін з аўтараў маніфеста польскага дэмакратычнага таварыства. Лічыў неабходным аб’яднаць барацьбу за незалежнасць Польшчы з барацьбой за ліквідацыю феад.-прыгонніцкіх адносін рэв. шляхам. Памёр у эміграцыі ў Бруселі.

т. 5, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)