ГЕ́ЛЬФМАН Геся Меераўна
(Міронаўна; паміж 1852—55, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 13.2.1882),
рэвалюцыянерка-народніца. У час вучобы на курсах у Кіеве (1874) вяла рэв. прапаганду сярод рабочых. У 1877 зняволена на 2 гады. З 1879 чл. партыі «Народная воля». На канспіратыўных кватэрах Гельфман у Пецярбургу размяшчалася друкарня нарадавольскай «Рабочей газеты», хаваліся выбуховыя рэчывы, рыхтаваўся замах на Аляксандра II. 15.3.1881 арыштавана і разам з інш. арганізатарамі замаху прыгаворана да павешання; выкананне прыгавору адтэрмінавана ў сувязі з яе цяжарнасцю. Шырокая кампанія ў абарону Гельфман у замежным друку прымусіла цара замяніць пакаранне смерцю на пажыццёвую катаргу. Памерла ў турме ў час родаў.
т. 5, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)