Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКРЫ́ДЛЕВА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Чарнічанка (цячэ праз возера), за 18 км на Пд ад г. Віцебск. Пл. 0,76 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 410 м, найб. глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі каля 6 км. Пл. вадазбору 110 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—6 м, на ПдЗ да 9 м. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пн і Пд забалочаныя, на ПдЗ зліваюцца са схіламі. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, глыбей гліністае. Паласа прыбярэжнай расліннасці шыр. да 50 м. Упадаюць ручай і меліярац. канава.

т. 14, с. 472

СКРЫЖАВА́ННЕ,

аб’яднанне генет. матэрыялу розных клетак у адной клетцы; адзін з метадаў селекцыі. У раздзельнаполых арганізмаў С. адбываецца ў выніку зліцця спецыялізаваных клетак (гамет) і ўтварэння зіготы. У шэрагу аднаклетачных эўкарыётаў і пракарыётаў — шляхам часовай кан’югацыі, пры якім адбываецца ўзаемны ці аднабаковы перанос генет. матэрыялу паміж клеткамі. У культуры клетак і ў некат. аднаклетачных арганізмаў здольныя злівацца неспецыялізаваныя клеткі. Адрозніваюць зваротнае С. (бекрос), аналітычнае, рэцыпрокнае, блізкароднаснае (інбрыдзінг, інцухт), няроднаснае (аўтбрыдзінг), цыклічнае і інш. Формы і сістэма пэўнага С. выкарыстоўваюцца ў генет. аналізе, пры развядзенні і селекцыі жывёл і раслін.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 472

СКРЫЖАВА́ННЕ МОЎ,

тэрмін, якім раней пазначалі адзін з відаў моўнай канвергенцыі.

т. 14, с. 472

СКРЫЖА́ЛІ,

дзве каменныя дошкі, на якіх, згодна з біблейскай міфалогіяй, напісаны 10 запаведзей, перададзеных богам Яхве Маісею на г. Сінай. У пераносным значэнні С. наз. тое, што захоўваецца: занатаваныя памятныя падзеі, даты, імёны, ідэі і інш.

т. 14, с. 472

СКРЫ́НЯ,

1) від мэблі; тое, што куфар. 2) Дашчаная або плеценая ёмістасць для захоўвання збожжа. Мела розныя памеры, часам — некалькі адсекаў. Найчасцей С. ставілі ў свірне, каморы, радзей у сенцах. У ёй захоўвалі жыта, ячмень, гарох, авёс і інш. С. звычайна зверху зачынялі вечкам.

3) У зах. раёнах Беларусі дашчаная ёмістасць, у якой перавозяць бульбу.

т. 14, с. 472

СКРЫ́ПАВА (Ларыса Віктараўна) (н. 30.5.1946, г. Кызыл, Расія),

бел. вучоны ў галіне паразіталогіі. Д-р біял. навук (1997). Скончыла Кызыльскі ун-т (1973). З 1986 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. Навук. працы па пытаннях паразіталогіі і паразітарных хвароб.

Тв.:

Выявление очагов описторхоза в Белоруссии (у сааўт.) // Мед. паразитология и паразитарные болезни. 1991. №3;

Роль системы коммунального водоснабжения в распространении лямблиоза (разам з М.​А.​Раманенкам, Г.​І.​Навасільцавым) // Здравоохранение Беларуси. 1993. №3.

т. 14, с. 472

СКРЫ́ПЕНЬ (Epilobium),

род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмерана цёплых абласцях. На Беларусі 11 відаў. Найб. вядомыя С.: балотны (E. palustre), валасісты (E. hirsutum), горны (E. montanum), драбнакветкавы (E. parviflorum), жылкаваты (E. nervosum). Трапляюцца на высечках, лясных палянах, уздоўж дарог.

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Сцёблы густа ўкрытыя лісцем, цыліндрычныя, малагалінастыя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае. Кветкі ружовыя, чырв., белыя, у доўгай канцавой гронцы або ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Дэкар., лек., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Скрыпень: 1 — валасісты; 2 — горны; 3 — балотны.

т. 14, с. 472

СКРЫПІ́ЦА, млечнік апушаны (Lactarius vellereus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у хвойных і мяшаных лясах (часцей у ельніках).

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка спачатку плоская, потым лейкападобная з загнутым уніз хвалістым краем, дыяметрам 7—20 см, тонкаапушаная, сухая, белая, з бураватым адценнем. Мякаць з млечным сокам, белая, потым жаўтаватая, шчыльная, горкая на смак. Пласцінкі белаватыя, каротка-зыходныя. Ножка цыліндрычная, суцэльная, гладкая, выш. да 7 см. Споры бясколерныя, авальныя. Ядомая. Гл. іл. да арт. Млечнік.

т. 14, с. 473

СКРЫПІ́ЦА,

рака ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 360 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдУ ад в. Лагвошчы, вусце за 2 км на ПнЗ ад в. Перароў. Асн. прытокі Гніліца і Навуць (злева). Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Даліна на ўсім працягу невыразная. Пойма роўная, на невял. участку ў сярэднім цячэнні ўзгорыстая. Рэчышча ад вытоку на працягу амаль 25 км каналізаванае, злучае ланцуг невял. старычных азёр у пойме р. Прыпяць.

т. 14, с. 473

СКРЫ́ПКА (стараслав. скрыпіца ад скрыпець, рыпець),

4-струнны смычковы муз. інструмент. Найб. высокі па тэсітуры сярод скрыпічных інструментаў, да якіх адносяцца таксама альт і віяланчэль. Агульная даўжыня С. каля 600 мм. Яе авальны корпус з выразамі па баках («талія») складаецца з 2 злёгку выпуклых драўляных пласцін — дэк, замацаваных абечкам. Дыяпазон больш за 4 актавы (g—c​5). Гук здабываецца смыкам, зрэдку шчыпком (pizzicato); ужываюцца і флажалеты (вылучэнне асобных абертонаў лёгкім дакрананнем пальца ў месцы парцыяльнага падзелу струны). Існуюць прыёмы змены тэмбру. С. мае выразны маляўнічы гук, багатыя тэхн. магчымасці, з’яўляецца асновай сімфанічнага аркестра, многіх відаў камерных ансамбляў, адзін з самых папулярных сольных інструментаў.

Як прафес муз. інструмент выкарыстоўваецца з канца 15 ст. Да гэтага часу ў Польшчы закончыўся працэс фарміравання т.зв. «перадкласічнага» тыпу С. На працягу 15—16 ст. з улікам нар. вопыту па вырабе С. і ўдасканалення іх майстрамі Італіі, Польшчы і Францыі выпрацавана класічная С. У 16—18 ст. у розных краінах Еўропы склаліся буйныя школы майстроў па вырабе С.: Дж.​П.​Маджыні, А. і Н. Амаці, Дж.​Гварнеры дэль Джэзу, А.​Страдывары, Дж.​Б.​Гваданьіні, А.​Гальяна ў Італіі; М.​Гробліч, Б.​Данкварт у Польшчы; Я.​Штайнер, сям’я Клоц у Германіі і інш. Канструкцыя С. канчаткова акрэслілася ў творчасці італьян. майстроў. Сярод найб. вядомых майстроў 19 ст.: Ж.​Б.​Вільём у Францыі, браты Хіл у Вялікабрытаніі, І.​А.​Батаў у Расіі. У 20 ст. вылучаюцца інструменты рас. скрыпічных майстроў Я.​Ф.​Вітачака, Г.​А.​Марозава, Ц.​П.​Падгорнага, М.​М.​Фралова, Д.​П.​Тамашова і інш. У 17—18 ст. склаліся скрыпічныя жанры, у т. л. сольныя саната і канцэрт. Сольнае скрыпічнае выканальніцтва паўплывала на фарміраванне нац. школ: італьян. (А.​Вівальдзі, Ф.​Джэмініяні, П.​Лакатэлі, Дж.​Тарціні, Г.​Пуньяні), франц. (Ж.​Б.​Люлі, Ж.​М.​Леклер, П.​Гавінье, Дж.​Б.​Віёці), польскай (А.​Яжэмбскі, Ф.​Дураноўскі, Ф.​Яневіч), чэшскай (Ф.​Бенда, Я.​Стаміц, П. і А. Враніцкія), ням (І.​Вальтэр, І.​Вестгоф), аўстр. (Г.І.​Ф.​Бібер, К.​Дзітэрсдорф). У 19 ст. вял. ролю ў развіцці скрыпічнага выканальніцтва адыграла творчасць італьянца Н.​Паганіні. Сярод вядомых рас. скрыпачоў 20 ст. Л.​Коган, Д.​Ойстрах, В.​Клімаў, В.​Траццякоў і інш.

На Беларусі (паводле даследаванняў В.​Грыгор’ева) ужо ў 14 ст. былі пашыраны 3-струнныя смычковыя інструменты пад назвай «скрыпіца», «скрыпель», настроеныя па квінтах, з многімі прыкметамі С. Першыя ўпамінанні С. ў бел. пісьмовых помніках — найб. раннія ў Еўропе. Сярод бел. майстроў 19 ст. па вырабе С.: Сянкевіч з Рэчыцы, З.​Навіцкі з Мінска; у 20 ст. — А.​Чайкоў, У.​Крайко і інш. Прафес. скрыпічнае выканальніцтва на Беларусі вядома з 18 ст.: Л.​Сітанскі (Гродна), Ф.​Стамплоўскі (Слонім), Я.​Ценціловіч і Мацей з Карэліч (Нясвіж). Сярод бел. скрыпачоў 19 — пач. 20 ст.: І.​Дабравольскі, М.​Ельскі, К.​Кжыжаноўскі, Н.​Рубінштэйн, Я.​Чыжэўскі, Б.​Юзафовіч, у 20 ст. — А.​Амітон, С.​Асновіч, М.​Браценнікаў, А.​Бяссмертны, Л.​Гарэлік, Ю.​Гершовіч, Г.​Клачко, А.​Крамароў, В.​Сарока і інш. Сярод лепшых твораў бел. кампазітараў для С. канцэрты Г.​Гарэлавай, П.​Падкавырава, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса, санаты А.​Багатырова, Э.​Тырманд, мініяцюры Л.​Абеліёвіча, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, М.​Чуркіна і інш. У нар. побыце С. цесна звязана з традыц. земляробчымі і сямейнымі абрадамі, ігрышчамі, вечарынкамі, бяседамі, паказамі нар. т-ра батлейка. С. — адзін з найб. любімых інструментаў беларусаў, пра яе складзены казкі, легенды, загадкі, песні. Выкарыстоўваюцца С. фабрычныя і самаробныя. Нар. тэхніка ігры на С. мае асаблівасці, абумоўленыя спосабам трымання інструмента і вядзення смычка, выкарыстаннем пераважна 3 струн. Сярод скрыпічных майстроў 20 ст.: І.​Дударэвіч (г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), У.​Жукоўскі (в. Пухавічы Мінскай вобл.), В.​Шышко (в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.) і інш.; нар. скрыпачоў — П.​Жаканаў (в. Вярбоўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.), В.​Малыш (пас. Забіяка Гомельскага р-на), М.​Семянчук (в. Гарадзец Столінскага р-на Брэсцкай вобл.), П.​Тупіцын (в. Кашаны Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.), М.​Тысевіч (в. Аброва Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), М.​Шкадун (в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і інш.

Літ.:

Витачек Е.Ф. Очерки по истории изготовления смычковых инструментов. 2 изд. М 1964;

Ямпольский И. Русское скрипичное искусство. Т. 1. М.; Л., 1951;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.

А.​Л.​Капілаў, І.​Дз.​Назіна.

Скрыпка.

т. 14, с. 473