СКРЫ́ПЕНЬ (Epilobium),

род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмерана цёплых абласцях. На Беларусі 11 відаў. Найб. вядомыя С.: балотны (E. palustre), валасісты (E. hirsutum), горны (E. montanum), драбнакветкавы (E. parviflorum), жылкаваты (E. nervosum). Трапляюцца на высечках, лясных палянах, уздоўж дарог.

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Сцёблы густа ўкрытыя лісцем, цыліндрычныя, малагалінастыя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае. Кветкі ружовыя, чырв., белыя, у доўгай канцавой гронцы або ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Дэкар., лек., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Скрыпень: 1 — валасісты; 2 — горны; 3 — балотны.

т. 14, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)