СКРЫ́ПКА (стараслав. скрыпіца ад скрыпець, рыпець),

4-струнны смычковы муз. інструмент. Найб. высокі па тэсітуры сярод скрыпічных інструментаў, да якіх адносяцца таксама альт і віяланчэль. Агульная даўжыня С. каля 600 мм. Яе авальны корпус з выразамі па баках («талія») складаецца з 2 злёгку выпуклых драўляных пласцін — дэк, замацаваных абечкам. Дыяпазон больш за 4 актавы (g—c​5). Гук здабываецца смыкам, зрэдку шчыпком (pizzicato); ужываюцца і флажалеты (вылучэнне асобных абертонаў лёгкім дакрананнем пальца ў месцы парцыяльнага падзелу струны). Існуюць прыёмы змены тэмбру. С. мае выразны маляўнічы гук, багатыя тэхн. магчымасці, з’яўляецца асновай сімфанічнага аркестра, многіх відаў камерных ансамбляў, адзін з самых папулярных сольных інструментаў.

Як прафес муз. інструмент выкарыстоўваецца з канца 15 ст. Да гэтага часу ў Польшчы закончыўся працэс фарміравання т.зв. «перадкласічнага» тыпу С. На працягу 15—16 ст. з улікам нар. вопыту па вырабе С. і ўдасканалення іх майстрамі Італіі, Польшчы і Францыі выпрацавана класічная С. У 16—18 ст. у розных краінах Еўропы склаліся буйныя школы майстроў па вырабе С.: Дж.​П.​Маджыні, А. і Н. Амаці, Дж.​Гварнеры дэль Джэзу, А.​Страдывары, Дж.​Б.​Гваданьіні, А.​Гальяна ў Італіі; М.​Гробліч, Б.​Данкварт у Польшчы; Я.​Штайнер, сям’я Клоц у Германіі і інш. Канструкцыя С. канчаткова акрэслілася ў творчасці італьян. майстроў. Сярод найб. вядомых майстроў 19 ст.: Ж.​Б.​Вільём у Францыі, браты Хіл у Вялікабрытаніі, І.​А.​Батаў у Расіі. У 20 ст. вылучаюцца інструменты рас. скрыпічных майстроў Я.​Ф.​Вітачака, Г.​А.​Марозава, Ц.​П.​Падгорнага, М.​М.​Фралова, Д.​П.​Тамашова і інш. У 17—18 ст. склаліся скрыпічныя жанры, у т. л. сольныя саната і канцэрт. Сольнае скрыпічнае выканальніцтва паўплывала на фарміраванне нац. школ: італьян. (А.​Вівальдзі, Ф.​Джэмініяні, П.​Лакатэлі, Дж.​Тарціні, Г.​Пуньяні), франц. (Ж.​Б.​Люлі, Ж.​М.​Леклер, П.​Гавінье, Дж.​Б.​Віёці), польскай (А.​Яжэмбскі, Ф.​Дураноўскі, Ф.​Яневіч), чэшскай (Ф.​Бенда, Я.​Стаміц, П. і А. Враніцкія), ням (І.​Вальтэр, І.​Вестгоф), аўстр. (Г.І.​Ф.​Бібер, К.​Дзітэрсдорф). У 19 ст. вял. ролю ў развіцці скрыпічнага выканальніцтва адыграла творчасць італьянца Н.​Паганіні. Сярод вядомых рас. скрыпачоў 20 ст. Л.​Коган, Д.​Ойстрах, В.​Клімаў, В.​Траццякоў і інш.

На Беларусі (паводле даследаванняў В.​Грыгор’ева) ужо ў 14 ст. былі пашыраны 3-струнныя смычковыя інструменты пад назвай «скрыпіца», «скрыпель», настроеныя па квінтах, з многімі прыкметамі С. Першыя ўпамінанні С. ў бел. пісьмовых помніках — найб. раннія ў Еўропе. Сярод бел. майстроў 19 ст. па вырабе С.: Сянкевіч з Рэчыцы, З.​Навіцкі з Мінска; у 20 ст. — А.​Чайкоў, У.​Крайко і інш. Прафес. скрыпічнае выканальніцтва на Беларусі вядома з 18 ст.: Л.​Сітанскі (Гродна), Ф.​Стамплоўскі (Слонім), Я.​Ценціловіч і Мацей з Карэліч (Нясвіж). Сярод бел. скрыпачоў 19 — пач. 20 ст.: І.​Дабравольскі, М.​Ельскі, К.​Кжыжаноўскі, Н.​Рубінштэйн, Я.​Чыжэўскі, Б.​Юзафовіч, у 20 ст. — А.​Амітон, С.​Асновіч, М.​Браценнікаў, А.​Бяссмертны, Л.​Гарэлік, Ю.​Гершовіч, Г.​Клачко, А.​Крамароў, В.​Сарока і інш. Сярод лепшых твораў бел. кампазітараў для С. канцэрты Г.​Гарэлавай, П.​Падкавырава, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса, санаты А.​Багатырова, Э.​Тырманд, мініяцюры Л.​Абеліёвіча, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, М.​Чуркіна і інш. У нар. побыце С. цесна звязана з традыц. земляробчымі і сямейнымі абрадамі, ігрышчамі, вечарынкамі, бяседамі, паказамі нар. т-ра батлейка. С. — адзін з найб. любімых інструментаў беларусаў, пра яе складзены казкі, легенды, загадкі, песні. Выкарыстоўваюцца С. фабрычныя і самаробныя. Нар. тэхніка ігры на С. мае асаблівасці, абумоўленыя спосабам трымання інструмента і вядзення смычка, выкарыстаннем пераважна 3 струн. Сярод скрыпічных майстроў 20 ст.: І.​Дударэвіч (г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), У.​Жукоўскі (в. Пухавічы Мінскай вобл.), В.​Шышко (в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.) і інш.; нар. скрыпачоў — П.​Жаканаў (в. Вярбоўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.), В.​Малыш (пас. Забіяка Гомельскага р-на), М.​Семянчук (в. Гарадзец Столінскага р-на Брэсцкай вобл.), П.​Тупіцын (в. Кашаны Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.), М.​Тысевіч (в. Аброва Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), М.​Шкадун (в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і інш.

Літ.:

Витачек Е.Ф. Очерки по истории изготовления смычковых инструментов. 2 изд. М 1964;

Ямпольский И. Русское скрипичное искусство. Т. 1. М.; Л., 1951;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.

А.​Л.​Капілаў, І.​Дз.​Назіна.

Скрыпка.

т. 14, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)