СКРЫЖАВА́ННЕ,

аб’яднанне генет. матэрыялу розных клетак у адной клетцы; адзін з метадаў селекцыі. У раздзельнаполых арганізмаў С. адбываецца ў выніку зліцця спецыялізаваных клетак (гамет) і ўтварэння зіготы. У шэрагу аднаклетачных эўкарыётаў і пракарыётаў — шляхам часовай кан’югацыі, пры якім адбываецца ўзаемны ці аднабаковы перанос генет. матэрыялу паміж клеткамі. У культуры клетак і ў некат. аднаклетачных арганізмаў здольныя злівацца неспецыялізаваныя клеткі. Адрозніваюць зваротнае С. (бекрос), аналітычнае, рэцыпрокнае, блізкароднаснае (інбрыдзінг, інцухт), няроднаснае (аўтбрыдзінг), цыклічнае і інш. Формы і сістэма пэўнага С. выкарыстоўваюцца ў генет. аналізе, пры развядзенні і селекцыі жывёл і раслін.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)