Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІ́НІЯ ПЕРАМЕ́НЫ ДА́ТЫ,

умоўная лінія на паверхні зямнога шара для размежавання месцаў, дзе ў адзін і той жа момант часу каляндарныя даты розняцца на адны суткі. Праведзена па Ціхім ак., прыблізна па 180° даўгаты так, што яна не праходзіць па сушы, за выключэннем Антарктыды. На захад ад Л.п.д. каляндарная дата на 1 суткі большая, чым на ўсход.

т. 9, с. 269

ЛІ́НІЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗІ,

лінія сувязі, у якой перадача сігналаў ажыццяўляецца з дапамогай радыёхваль, што распаўсюджваюцца ў атмасферы Зямлі, водным асяроддзі, касм. прасторы.

У радыёсувязі адрозніваюць доўга-, сярэдне-, каротка-, ультракароткахвалевыя Л.р., у якіх для перадачы сігналаў выкарыстоўваюць розныя слаі атмасферы, што адрозніваюцца сваімі эл.-маг. ўласцівасцямі і адпаведна рознымі ўмовамі распаўсюджвання і адбіцця радыёхваль. Найб. пашыраны радыёрэлейныя лініі сувязі, у якіх выкарыстаны асаблівы эфект распаўсюджвання ЗВЧ-радыёхваль. З развіццём касманаўтыкі для сувязі паміж касм. лятальнымі апаратамі і наземнымі пунктамі кіравання створаны розныя касм. і спадарожнікавыя Л.р. (гл. Касмічная сувязь, Спадарожнікавая сувязь).

М.А.Баркун.

т. 9, с. 269

ЛІ́НІЯ СУ́ВЯЗІ,

сукупнасць тэхн. прылад і фіз. асяроддзя, якія забяспечваюць перадачу сігналаў ад перадатчыка да прыёмніка; састаўная частка сістэмы сувязі. Паводле фіз. прыроды сігналаў, якія перадаюцца, адрозніваюць Л.с. эл., аптычныя, акустычныя і інш.

У электрасувязі найб. выкарыстанне знайшлі эл. і аптычныя Л.с. Эл. лініі падзяляюцца на правадныя (паветраныя і кабельныя) і лініі радыёсувязі. У правадных Л.с. сігналы распаўсюджваюцца па стальных, медных або біметал. правадах, падвешаных на апорах з дапамогай ізалятараў. Кабельныя лініі сувязі пракладваюцца ў зямлі, падвешваюцца на апорах і інш. Аптычныя Л.с. бываюць адкрытыя (асяроддзе распаўсюджвання эл.-маг. ваганняў светлавога дыяпазону — паветра, касм. прастора; гл. Аптычная сувязь) і закрытая (штучнае асяроддзе. ізаляванае ад знешняга ўздзеяння). Л.с. з штучным асяроддзем са шклянога валакна наз. валаконна-аптычнымі — ВАЛС (гл. Валаконна-аптычная сувязь). Для адначасовай перадачы сігналаў выкарыстоўваюць ушчыльненне Л.с.: частотнае, пры якім сігналам кожнага канала сувязі адводзіцца пэўная, дакладна абмежаваная частка рабочага дыяпазону частот, і часавая, пры якім кожны канал перыядычна (па чарзе) падключаецца на пэўны час да Л.с. Аснову сучасных сетак электрасувязі складаюць кабельныя Л.с. і ВАЛС.

На Беларусі (1999) працягласць кабельных Л.с. складае больш за 21,5 тыс. км, ВАЛС — больш за 3 тыс. км. Паветраныя Л.с. захаваліся ў мясц. сетках сувязі, яны паступова замяняюцца кабельнымі і валаконна-аптычнымі.

М.А.Баркун.

т. 9, с. 269

ЛІ́НІЯ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ (ЛЭП),

збудаванне з праваднікоў току, дапаможных канструкцый і прыстасаванняў для перадачы электраэнергіі ад электрастанцый да спажыўцоў. Разам з трансфарматарнымі і пераўтваральнымі электрычнымі падстанцыямі складаюць электрычную сетку, з’яўляюцца адным з асн. звёнаў энергетычнай сістэмы Бываюць паветраныя і кабельныя, пераменнага (да 1150 кВ) і пастаяннага (да 1500 кВ) току, нізкага (да 1 кВ) і больш высокіх напружанняў. Першая ў свеце ЛЭП пераменнага трохфазнага току пабудавана ў 1891 М.В. Даліва-Дабравольскім.

Паветраныя ЛЭП складаюцца: з апор ліній электраперадачы (асн. элементы — стойкі, фундаменты, траверсы, тросастойкі, адцяжкі), правадоў (адно- і многадрацяныя медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя), лінейнай ізаляцыі (фарфоравыя або шкляныя штыравыя і падвесныя ізалятары электрычныя): арматуры (падтрымныя і нацяжныя заціскачкі, вушкі, почапкі, клямары, вібрагасільнікі, злучальнікі правадоў), стальных маланкаахоўных тросаў (падвешваюцца на падыходах да падстанцый на ЛЭП 35 кВ і па ўсёй даўжыні на ЛЭП 110 кВ і вышэй з жалезабетоннымі і метал. апорамі). Кабельная лінія электраперадачы складаецца з сілавых кабеляў, кабельных муфтаў, мацавальных дэталяў. Пракладваецца пад зямлёй, пад вадой, на апорах, эстакадах (у гарадах і на буйных прамысл. прадпрыемствах) Распрацоўваюцца ЛЭП з ізаляванымі саманясучымі і з ахоўнымі правадамі, крыярэзістыўныя, звышправодныя і інш. У Беларускай энергетычнай сістэме эксплуатуюцца паветраныя ЛЭП пераменнага току напружаннем 0,38, 0,66, 6, 10, 35, 110, 220, 330, 750 кВ і кабельныя напружаннем 0,38, 6, 10 і 110 кВ.

М.А.Караткевіч.

т. 9, с. 269

ЛІ́НКАЛЬН (Lincoln),

горад у цэнтр. ч. ЗША, на р. Солт-Крык (бас. Місуры). Адм. ц. штата Небраска. Засн. ў 1864 пад назвай Ланкастэр, з 1867 сучасная назва. 192 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: эл.-тэхн., радыёэлектронная, ваенная, харч. (мясная, мукамольная). Вытв-сць дарожна-буд. машын, матацыклаў, вырабаў з пластмас. 2 ун-ты.

т. 9, с. 269

ЛІ́НКАЛЬН (Lincoln),

горад на У Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Лінкальншыр. Засн. ў сярэдзіне 1 ст. Каля 100 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл. цэнтр с.-г. раёна. Прам-сць: маш.-буд., эл.-тэхн., харчовая. Арх. помнікі: стараж.-рым. вароты, дараманскія цэрквы-вежы, раманскія дамы, цэрквы, данжон (12 ст.), гатычныя ратуша і мост (15 ст.), сабор (1075—1380) і інш.

т. 9, с. 269

«ЛІ́НКАЛЬН»

(Lincoln),

назва легкавых аўтамабіляў павышанай камфартабельнасці. Выпускаюцца аднайм. фірмай (ЗША) з 1908 (з 1920 у складзе канцэрна «Форд мотар»). Вырабляюцца ў адпаведнасці з нормамі бяспекі з кузавам седан або купэ. Рабочы аб’ём рухавікоў да 4,6 л, магутнасць да 209 кВт, найб. скорасць да 220 км/гадз.

т. 9, с. 270

ЛІ́НКАЛЬН ((Lincoln) Аўраам) (12.2. 1809, каля г. Ходжэнвіл, ЗША — 15.4.1865),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. З 1836 адвакат. У 1834—41 дэп. ад партыі вігаў у парламенце штата Ілінойс, у 1847—49 дэп. палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША; выступаў за спыненне амер.-мекс. вайны 1846—48. З 1856 чл. Рэспубліканскай партыі ЗША. У 1861—65 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі (адзін з найб. папулярных прэзідэнтаў краіны, пра яго паліт. курс гл. ў арт. Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65). 14.4.1865 смяротна паранены ў т-ры Форда ў Вашынгтоне паліт. праціўнікам акцёрам Дж.Бутсам.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США М., 1988;

Борисовский Б. Что утаил военный трибунал после убийства Авраама Линкольна // Покушение или убийство по политическим мотивам. Мн., 1993.

А.Лінкальн.

т. 9, с. 270

ЛІ́НКАЛЬН-ЦЭНТР (Lincoln Center),

комплекс устаноў мастацтваў у Нью Йорку. Размешчаны на в-ве Манхатан. Пабудаваны ў 1960-я г. пераважна на сродкі прыватных асоб (арх. У.К.Харысан). На тэр. цэнтра размешчаны зала Нью-Йоркскай філармоніі (1962), Т-р штата Нью-Йорк (1964; выступаюць нью-йоркскія гар. балет і гар. опера), Драм. т-р «Вівіян Бомант» (1965), Бібліятэка-музей выканальніцкіх мастацтваў (абодва 1965), «Метраполітэн-опера» (1966), Джульярдская муз. школа (1970). У парку каля Л.-ц. размешчана адкрытая эстрада для выступленняў вял. муз. калектываў.

т. 9, с. 270

ЛІНКЕ́ВІЧ (Вера Раманаўна) (н. 6.12. 1924, в. Юркевічы Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1970), праф. (1971). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1948). З 1963 у Ін-це ўдасканалення ўрачоў (у 1970—90 заг. кафедры). Навук. працы па эмбрыялогіі і інервацыі жаночых палавых органаў.

Тв.:

Развитие нервных связей тазовых органов женщины // Акушерство и гинекология. 1969. №5.

т. 9, с. 270