Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭНДРЫ́Т (ад грэч. dendron дрэва),

крышталічнае ўтварэнне некат. мінералаў, металаў, сплаваў, штучных злучэнняў, якое мае дрэва-, папарце-, моха-, зоркападобную і інш. формы. Утвараецца з расплаву, раствору, пары або газу пры хуткай крышталізацыі рэчыва ва ўмовах сціснутасці росту (напр., у тонкіх трэшчынах, грыфонах — месцах выхаду газавых струменяў), у вязкім, перанасычаным або рыхлым гліністым асяроддзі, пры металургічных працэсах, штучным вырошчванні крышталёў. У прыродзе Д. звычайна — самародная медзь, золата, серабро, таксама лёд, нашатыр, піралюзіт і інш.

Дэндрыты піралюзіту на палявым шпаце.

т. 6, с. 352

ДЭНЕ́Б, α-Лебедзя,

зорка 1-й зорнай велічыні (1,3 візуальнай зорнай велічыні). Свяцільнасць у 51 тыс. разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 500 пс. З Альтаірам і Вегай утварае т. зв. вял. летні трохвугольнік, добра бачны на летнім небе.

т. 6, с. 352

ДЭНЁЎ (Deneuve; сапр. Дарлеак; Dorléac) Катрын

(н. 22.10.1943, Парыж),

французская кінаактрыса. Ў кіно з 1956. Наіўныя, прастадушныя гераіні фільмаў «Шэрбурскія парасоны» (1964), «Дзяўчаты з Рашфора» (1967), «Асліная шкура» (1970) і інш. саступілі месца складаным, драм. вобразам, поўным разбуральных страсцей у фільмах «Дзённая прыгажуня» (1966), «Трыстана» (1970), «Агіда» (1965), «Сука» (1972). У 1980—90-я г. найб. вылучылася выкананнем гал. роляў у фільмах «Апошняе метро» (1980), «Індакітай» (1991), «Мая любімая пара года» (1992).

т. 6, с. 352

ДЭНІ́ (сапр. Дзянісаў) Віктар Мікалаевіч

(8.3.1893, Масква — 3.8.1946),

рускі графік, карыкатурыст. Засл. дз. маст. Расіі (1932). У 1910-я г. працаваў у гумарыстычных часопісах, з 1921 супрацоўнік газ. «Правда». Паліт. плакатам і карыкатурам Д. ўласціва сатыр.-жанравае вырашэнне тэмы, спалучэнне контурнага малюнка з заліўкай лакальнымі колеравымі плямамі (плакат «Антанта», 1919; малюнкі «На барацьбу з беспрытульнасцю», 1926, карыкатуры часоў Вял. Айч. вайны і інш.).

В.Дэні. Карыкатура часоў Вялікай Айчыннай вайны.

т. 6, с. 352

ДЭНІ́ ((Denis) Марыс) (25.11.1870, г. Гранвіль, Францыя — 3.11.1943),

французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1887) і ў Школе прыгожых мастацтваў. Зазнаў уплыў П.​Сезана, П.​Гагена. Адзін з заснавальнікаў і тэарэтык групы «Набі» (1890) і «Майстэрняў рэлігійнага мастацтва» (1919). Лідэр неатрадыцыяналістычнай плыні ў франц. жывапісе. Працаваў у стылях сімвалізму і мадэрну. Для твораў характэрны манум. формы, дэкар. гармонія, рэліг.-містычныя сюжэты, плоскасная стылізацыя, светлы каларыт. Сярод твораў «Музы» (1893), «Марфа і Марыя» (1896), «Партрэт Івоны Лероль» (1897), «У гонар Сезана» (1900), 11 пано «Гісторыя Псіхеі» (1908—09) і інш. Аўтар кніг «Тэорыі» (1912), «Новыя тэорыі» (1921).

М.Дэні. Партрэт Івоны Лероль. 1897.

т. 6, с. 352

ДЭНІКЕ́Р ((Deniker) Жазеф) (Іосіф Ягоравіч; 18.3.1852, г. Астрахань, Расія — 18.3.1918),

французскі антраполаг. З 1888 бібліятэкар Нац. музея прыродазнаўчай гісторыі ў Парыжы. Стварыў класіфікацыю чалавечых рас (1900), у якой упершыню паслядоўна праведзены прынцып вылучэння антрапал. тыпаў выключна па фіз. прыкметах; сур’ёзны недахоп гэтай класіфікацыі — адсутнасць гіст. падыходу, што не дае магчымасці прасачыць працэс узнікнення рас.

т. 6, с. 352

ДЭНІТРЫФІКА́ЦЫЯ (ад дэ... + нітрыфікацыя),

працэс аднаўлення нітратаў у глебе, вадзе і інш. субстратах да малекулярнага азоту. Адрозніваюць Д. прамую, якая ажыццяўляецца факультатыўна-анаэробнымі мікраарганізмамі — дэнітрыфікатарамі, і ўскосную, пры якой адбываецца хім. ўзаемадзеянне нітратаў з амінійнай соллю, амінамі ці амідамі, што суправаджаецца выдзяленнем газападобнага азоту. Найб. інтэнсіўна Д. ідзе ў глебах з высокай вільготнасцю і дрэннай аэрацыяй, што з’яўляецца адной з асн. прычын страты з глебы мінер. азоту і зніжэння каэфіцыента выкарыстання раслінамі азотных угнаенняў.

т. 6, с. 353

ДЭНСІМЕ́ТРЫЯ [ад лац. densus (densi) шчыльны, густы + ...метрыя],

сукупнасць метадаў вымярэння шчыльнасці цвёрдых і вадкіх цел. Для цвёрдых цел у лабараторнай практыцы выкарыстоўваюць гідрастатычнае ўзважванне; шчыльнасць вадкасцей вызначаюць арэометрамі, пікнометрамі і інш. прыладамі; у прам-сці шчыльнасць вымяраюць з дапамогай розных аўтам. шчыльнамераў, прынцып дзеяння якіх заснаваны на бесперапынным узважванні пэўных аб’ёмаў вадкасці, вымярэнні ціску слупа вадкасці пэўнай вышыні, скорасці распаўсюджвання ультрагуку, рассеянні γ-прамянёў і інш.

т. 6, с. 353

ДЭНСІТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. densitas шчыльнасць + ...метрыя),

раздзел фатаграфічнай сенсітаметрыі, у якім вывучаюцца і распрацоўваюцца метады вымярэння аптычнай шчыльнасці праяўленых фатагр. матэрыялаў. Асобны раздзел Д. складае вымярэнне колерных палёў у мнагаслойных каляровых фатагр. матэрыялах. Прылады Д.: дэнсітометр і мікрафатометр.

Метады Д. дазваляюць па аптычнай шчыльнасці колькасна ацаніць канчатковы фатагр. эфект (напр., канцэнтрацыю серабра ў пачарненні святлоадчувальнага слоя). Аптычная шчыльнасць павялічваецца з ростам дысперснасці зерняў серабра ў пачарненні; ступень аптычна карыснага выкарыстання серабра тым вышэй, чым большая дысперснасць галоіднага серабра ў зыходным фотаслоі і чым большая была экспазіцыя пры здымцы. Паглынанне святла суправаджаецца яго рассейваннем, таму вынік вымярэння залежыць ад геам. будовы (апертуры) і спектральнага складу пучка.

т. 6, с. 353

ДЭНСІТО́МЕТР (ад лац. densitas шчыльнасць + ...метр),

прылада для вымярэння аптычнай шчыльнасці праяўленых фатаграфічных матэрыялаў. Д. адрозніваюць паводле прынцыпу вымярэнняў (прамы адлік і метад параўнання), характару фотапрыёмніка (вока, фотаэлемент ці фотапамнажальнік), характару выхадных даных (нерэгістравальныя і аўтаматызаваныя рэгістравальныя прылады) і па велічыні вымеранага поля (уласна Д. і мікрафатометры).

Прынцып работы Д. заснаваны на Бугера—Ламберта—Бэра законе. У прыладах прамога адліку выкарыстоўваецца 1 светлавы пучок, зыходная інтэнсіўнасць якога параўноўваецца з інтэнсіўнасцю пучка, што прайшоў праз фотаслой. Прылады, якія працуюць на прынцыпе параўнання, маюць 2 пучкі (вымяральны і параўнання) ад адной крыніцы святла, што паступаюць на 2 фотапрыёмнікі (ці па чарзе на 1). Рознасны сігнал даводзяць да нулявога ўзроўню з дапамогай пераменнага аслабляльніка святла, калібраванага па значэннях аптычнай шчыльнасці.

т. 6, с. 353