ДЭНІТРЫФІКА́ЦЫЯ (ад дэ... + нітрыфікацыя),

працэс аднаўлення нітратаў у глебе, вадзе і інш. субстратах да малекулярнага азоту. Адрозніваюць Д. прамую, якая ажыццяўляецца факультатыўна-анаэробнымі мікраарганізмамі — дэнітрыфікатарамі, і ўскосную, пры якой адбываецца хім. ўзаемадзеянне нітратаў з амінійнай соллю, амінамі ці амідамі, што суправаджаецца выдзяленнем газападобнага азоту. Найб. інтэнсіўна Д. ідзе ў глебах з высокай вільготнасцю і дрэннай аэрацыяй, што з’яўляецца адной з асн. прычын страты з глебы мінер. азоту і зніжэння каэфіцыента выкарыстання раслінамі азотных угнаенняў.

т. 6, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)