ДЭНСІТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. densitas шчыльнасць + ...метрыя),
раздзел фатаграфічнай сенсітаметрыі, у якім вывучаюцца і распрацоўваюцца метады вымярэння аптычнай шчыльнасці праяўленых фатагр. матэрыялаў. Асобны раздзел Д. складае вымярэнне колерных палёў у мнагаслойных каляровых фатагр. матэрыялах. Прылады Д.: дэнсітометр і мікрафатометр.
Метады Д. дазваляюць па аптычнай шчыльнасці колькасна ацаніць канчатковы фатагр. эфект (напр., канцэнтрацыю серабра ў пачарненні святлоадчувальнага слоя). Аптычная шчыльнасць павялічваецца з ростам дысперснасці зерняў серабра ў пачарненні; ступень аптычна карыснага выкарыстання серабра тым вышэй, чым большая дысперснасць галоіднага серабра ў зыходным фотаслоі і чым большая была экспазіцыя пры здымцы. Паглынанне святла суправаджаецца яго рассейваннем, таму вынік вымярэння залежыць ад геам. будовы (апертуры) і спектральнага складу пучка.
т. 6, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)