Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУРЭ́ВІЧ Міхаіл Іосіфавіч

(12.1.1883, в. Рубаншчына Курскай вобл., Расія — 25.11.1976),

савецкі авіяканструктар. Герой Сац. Працы (1957), д-р тэхн. н. (1964). Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т (1925). З 1929 на прадпрыемствах авіяц. прам-сці. З 1938 нам. гал. канструктара, у 1957—64 гал. канструктар. З А.І.Мікаянам стварыў знішчальнікі МіГ (Міг-1, -3, -9, -15, -19, -21 і інш.), шэраг скорасных рэактыўных самалётаў. Ленінская прэмія 1963, Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1948, 1949, 1952, 1953.

т. 5, с. 540

ГУРЭ́ВІЧ Сямён Шоламавіч

(20.12.1915, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 23.4.1982),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Тамбоўскае кав. вучылішча (1942). У Чырв. Арміі з 1935. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Бранскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах. Камандзір узвода сувязі лейтэнант Гурэвіч вызначыўся ў ноч на 25.9.1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пн ад с. Даматкань Днепрапятроўскай вобл. (Украіна). Пасля вайны працаваў у Мінску на прамысл. прадпрыемствах.

т. 5, с. 540

ГУРЭ́ВІЧ Фрыда Давыдаўна

(1.1.1912, Рыга — 8.9.1988),

археолаг. Канд. гіст. н. (1937). Скончыла Ленінградскі пед. ін-т (1932). З 1937 працавала ў Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры, Ленінградскім аддз. Ін-та археалогіі АН СССР. У выніку вывучэння помнікаў археалогіі Бел. Панямоння выказала меркаванне, што да апошніх стагоддзяў 1-га тыс. н.э. яго засялялі ўсх.-балцкія плямёны. Распрацоўвала пытанні ўзнікнення і развіцця стараж. гарадоў Верх. Панямоння.

Тв.:

Древности Белорусского Понеманья. М.; Л., 1962;

Древний Новогрудок: Посад — окольный город. Л., 1981;

Древние города Белорусского Понеманья. Мн., 1982.

т. 5, с. 540

ГУРЭ́ВІЧ Эсфір Саламонаўна

(н. 22.11.1921, мяст. Татарск Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1973). Скончыла Маскоўскі пед. ін-т (1941). З 1950 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1948. Даследуе гісторыю бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, Я.Маўра, М.Лынькова, В.Віткі, Я.Брыля і інш.), праблемы бел. дзіцячай л-ры («Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967)», 1970; «Дзіцячая літаратура Беларусі», 1982; «Янка Маўр», 1983).

Тв.:

Творчая гісторыя раманаў Мікалая Астроўскага. Мн., 1957;

Пафас гераізму: Сучасная сав. проза аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1979;

Боль и тревога наши: Дети, война, литература. Мн., 1986.

т. 5, с. 540

Гурэвіч Генадзь Львовіч

т. 18, кн. 1, с. 376

ГУРЭ́ЦКІ

(Górecki) Генрык Мікалай (н. 6.12.1933, Чарніца, Катавіцкае ваяв., Польшча),

польскі кампазітар. Чл. Польскай АН (1994). Вучыўся ў Дзярж. вышэйшай школе музыкі ў Катавіцах (1955—60), з 1968 выкладае ў ёй (з 1977 праф., у 1975—79 рэктар). Прымыкаў да авангардысцкіх кірункаў (1-я сімфонія, 1959; вак.-інстр. твор «Генезіс», 1962—63). У канцы 1960-х г. прыйшоў да радыкальнага спрашчэння выразных сродкаў, у т. л. заснаваных на традыцыях хар. поліфаніі. Сярод інш. твораў: вак.-сімф. паэма «Ad matrem» (1971); «Капернікаўская сімфонія» (2-я, 1972), «Сімфонія сумных песень» (3-я, 1976); «Рэфрэн» (1965) і «Старапольская музыка» (1969) для аркестра; канцэрт для клавесіна з аркестрам (1980). 1-я прэмія на Міжнар. трыбуне кампазітараў ЮНЕСКА (1973). Дзярж. прэмія Польшчы 1973.

т. 5, с. 540

ГУР-ЭМІ́Р,

Гуры-Эмір, маўзалей у Самаркандзе, магільны склеп Цімура і Цімурыдаў. Выдатны помнік сярэдневяковай архітэктуры Сярэдняй Азіі. Пабудаваны ў 1403—04 паводле загаду Цімура на тэр. арх. комплексу Мухамед-Султана (канец 14 ст., захаваўся часткова).

Васьмігранны аб’ём маўзалея ўвянчаны велічным сфераканічным рабрыстым купалам на высокім барабане. Абліцоўка будынка паліхромная. Уваход са двара аформлены порцікам з керамічнымі мазаікамі. У 1420-я г. да маўзалея дабудаваны скляпеніста-купальныя памяшканні. У інтэр’еры панэль з оніксу, паліхромная размалёўка, надмагіллі з мармуру і чорна-зялёнага нефрыту. Рэстаўрыраваны ў 1967.

т. 5, с. 540

ГУС

(Goes) Хуга ван дэр [каля 1435, г. Гент (?),

Бельгія — 1482], нідэрландскі жывапісец эпохі Адраджэння. Працаваў пераважна ў Генце, з 1475 у манастыры Родэндале (каля Бруселя). Творчасці Гуса, які працягваў традыцыі Я. ван Эйка і Р. ван дэр Вэйдэна, характэрна мужная праўдзівасць вобразаў і напружаны драматызм дзеяння. У свае кампазіцыі з некаторай умоўнасцю прасторавай і маштабнай суаднесенасцю фігур уводзіў ярка індывідуальныя па характарыстыцы персанажы, аб’яднаныя агульным перажываннем («Грэхападзенне», каля 1470; трыпціх «Пакланенне пастухоў», або т.зв. алтар Партынары, каля 1474—75). Рысы, уласцівыя жывапісу позняй готыкі (драм. экстатычнасць вобразаў, напружанасць кантрастнага гучнага каларыту), праявіліся ў карціне «Успенне Божай Маці».

т. 5, с. 541

ГУС

(Hus) Ян (1371, мяст. Гусінец, Чэхія — 6.7.1415),

чэшскі мысліцель, пісьменнік, заснавальнік і ідэолаг ранняй чэш. Рэфармацыі, нац. герой чэш. народа. Скончыў Пражскі ун-т (1393), з 1401 дэкан у ім, з 1409 рэктар. З 1402 прапаведнік у Віфлеемскай капліцы ў Празе. Рэфарматарскія погляды Гуса сфарміраваліся пад уплывам вучэння Дж.Уікліфа і выкладзены ім у казаннях і шматлікіх працах (гал. «Трактат аб царкве», 1413). Адмаўляючы царк. аўтарытэты, Гус прызнаваў выключнай крыніцай веры Свяшчэннае пісанне, царкву лічыў містычным целам, галава якога — Хрыстос, а члены — людзі, абраныя Богам. Выкрываў злоўжыванні і маральны заняпад каталіцкага духавенства, патрабаваў секулярызацыі царк. зямель. Ідэалам для Гуса была раннехрысціянская царква. Асн. прынцыпам гуманізму і зброяй грамадскага пераўтварэння лічыў пазнавальны розумам «закон Божы», якім павінен кіравацца кожны чалавек. Выступаў супраць ням. панавання ў Чэхіі. Быў прыхільнікам мірнай тактыкі, лічыў мажлівым рэфармаваць царкву і грамадства з дапамогай каралеўскай улады. Яго асн. патрабаванні сталі лозунгамі гусіцкіх войнаў. Пераклаў на чэш. мову Біблію, удасканаліў сістэму чэш. арфаграфіі («Багемская арфаграфія», 1410). У 1412 адлучаны ад царквы. Выкліканы на царк. сабор у Канстанцу (1414), аб’яўлены ерэтыком і паводле пастановы сабору спалены.

Літ.:

Novotný V., Kybal V. Jan Hus. T. 1—5. Praha, 1919—31;

Vooght P. de L’Hérésie de Jean Huss. Paris, 1960;

Spinka M. Jonn Hus. Princeton, 1979.

т. 5, с. 541

ГУСА́К Аляксей Адамавіч

(н. 1.11.1927, в. Іванкаўшчына Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. матэматык. Канд. фіз.-матэм. н. (1956), праф. (1976). Скончыў БДУ (1952). З 1955 у БДУ. Навук. працы па тэорыі механізмаў, лікавых метадах, методыцы выкладання вышэйшай матэматыкі, гісторыі матэматыкі. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Вышэйшая матэматыка» (т. 1—2, 1976—78), «Задачы і практыкаванні па вышэйшай матэматыцы» (ч. 1—2, 1972—73) і інш.

Тв.:

Ряды и кратные интегралы. Мн., 1970;

Теория приближения функций: Ист. очерк. Мн., 1972.

т. 5, с. 541