Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРАМО́ГА,

1) баявы поспех, нанясенне паражэння войскам праціўніка, дасягненне мэт, пастаўленых на бой, аперацыю, вайну ў цэлым. У гонар П. праводзяць парады, узводзяць помнікі, трыумфальныя вароты (аркі), называюць плошчы, вуліцы і інш., устанаўліваюць святы, напр., Дзень П. ў Вял. Айч. вайне — 9 мая.

2) Поспех у барацьбе, напр., П. ў спарт. спаборніцтве.

3) П. Пірава (ад імя эпірскага цара Піра) — П., здабытая вял. ахвярамі і таму роўная паражэнню.

т. 12, с. 282

ПЕРАМО́ГІ ПІК,

самая высокая вяршыня Цянь-Шаня — на хр. Какшаал-Тоо, у Кіргізіі. Выш. 7439 м. Ледавікі.

т. 12, с. 282

ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧА ў Віцебску.

Ансамбль плошчы сфарміраваўся ў 1970-я г. (аўтары праекта забудовы арх. А.​Бельскі, В.​Данілаў, З.​Конаш, З.​Озерава, А.​Расейкін, А.​Фрыдман, Ю.​Шпіт, праекта планіроўкі і добраўпарадкавання — А.​Данілава, З.​Даўгяла, Р.​Княжышча, інж.-азеляніцель Л.​Нячай). Прастора прамавугольнай у плане плошчы (380 × 190 м) абмежавана Маскоўскім праспектам, вул. Жасткова і набярэжнай Зах. Дзвіны. Плошча мае функцыян. і арх.-маст. значэнне для грамадскага цэнтра і горада ў цэлым. З’яўляецца цэнтрам вял. новага раёна забудовы, мемар. ансамблем, комплексам абслугоўвання і месцам адпачынку. Своеасаблівае аблічча плошчы ствараецца горадабудаўнічымі і ландшафтнымі ўмовамі, цэласнасцю арх.-маст. задумы, падпарадкаванай тэме Вял. Айч. вайны. Кампазіцыйны цэнтр ансамбля — Помнік вызваліцелям на беразе ракі. У аснове азелянення плошчы ландшафтны прынцып, пераважае зялёны газон з маляўнічымі групамі кустоў і невысокіх дрэў. Ён дапаўняецца «альпійскімі горкамі», групамі натуральнага каменю, дэкар. тэматычнай скульптурай і інш. малымі арх. формамі, у цэнтры — фантан.

А.​А.​Воінаў.

Перамогі плошча ў Віцебску.

т. 12, с. 282

ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧА ў Мінску

(да 1954 Круглая плошча). Знаходзіцца на перакрыжаванні праспекта Ф.​Скарыны з вул. Захарава і Кісялёва. Займае важнае месца ў арх.-кампазіцыйным абліччы горада. Як арх. ансамбль пачала фарміравацца ў 1939, калі ў адпаведнасці з генпланам Мінска 1932—36 (арх. Ю.​Кілаватаў, кансультант В.​Вітман) тут пабудаваны 2 дугападобныя ў плане жылыя дамы (завершаны ў 1947, арх. Р.​Столер),

павернутыя да цэнтра горада. Далей забудова вялася паводле генплана 1946 (арх. М.​Андросаў, Н.​Трахтэнберг і інш.) і праекта плошчы 1950 (арх. М.​Баршч, Л. і Г. Аранаўскасы, карэкціроўка Г.​Заборскага і Л.​Мацкевіча, 1954). Плошча ў плане — прамавугольнік (225 × 175 м), які з аднаго боку завяршаецца паўкружжам. Яе прастора расчлянёна на 2 часткі — круглую і аванплошчу. Кампазіцыйны цэнтр — манумент Перамогі, размешчаны пасярэдзіне круглай часткі плошчы і замыкае перспектыву праспекта Ф.​Скарыны і вул. Захарава і Кісялёва. Абапал праспекта, ніжэй за яго ўзровень паміж вуліцамі Захарава, Кісялёва, Камуністычнай і Фрунзе, разбіты скверы партэрнага тыпу, уздоўж якіх па 3 жылыя дамы (арх. Баршч, Аранаўскасы, 1950—56), увянчаныя 4-граннымі вежачкамі, з паўд. боку злучаныя паміж сабой ажурнай каланадай. Тарцовую частку плошчы з боку вул. Камуністычнай замыкаюць Дом-музей I з’езда РСДРП, мост цераз р. Свіслач (арх. М.​Паруснікаў, Г.​Баданаў, 1951—53), а з боку вул. Фрунзе — манум. вароты — уваход у Цэнтр. дзіцячы парк імя М.​Горкага (арх. Заборскі, 1953). У 1984 у сувязі з увядзеннем у дзеянне 1-й лініі Мінскага метрапалітэна плошча перад манументам перапланавана (арх. Б.​Ларчанка, Б.​Школьнікаў, К.​Вязгін) і стала 2-узроўневай. Пад зямлёй аснова манумента абкружана кальцавой абходнай галерэяй, звязанай са станцыяй метрапалітэна. Галерэя пераходзіць у круглую глядзельную залу, прысвечаную памяці герояў, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. У цэнтры яе вянок, выкананы з маст. шкла з падсветкай знутры (маст. В.​Позняк) — сімвал Вечнага агню. На сцяне бронзавая выява Зоркі Героя Сав. Саюза і пласціны з імёнамі 566 вызваліцеляў Беларусі, удастоеных звання Героя Сав. Саюза. Да манумента вядуць ланцужкі невял. гранітных блокаў (па 6 з кожнага боку) з надпісамі-прысвячэннямі гарадам-героям і выявамі ўзнагарод.

А.​А.​Воіна.

Перамогі плошча ў Мінску.

т. 12, с. 282

ПЕРАМО́НТ,

вёска ў Дабрамыслінскім с/с Лёзненскага р-на Віцебскай вобл., на правым беразе р. Чарніца. Цэнтр калгаса. За 14 км на ПдЗ ад гар. пас. і чыг. ст. Лёзна, 54 км ад Віцебска. 312 ж., 75 двароў (2000). Дом культуры, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 12, с. 282

ПЕРАМЯРЗА́ННЕ РЭК,

спыненне рэчышчавага сцёку на асобных мелкаводных участках ракі пры ўтварэнні магутнага ледзянога покрыва. Пры П.р. вада часта разліваецца па паверхні лёду і ўтварае наледзі. На Беларусі ў лютыя зімы раз у 10—15 гадоў могуць прамярзаць на 45—100 сут ручаі і невял. рэкі.

т. 12, с. 282

ПЕРАМЯШЧА́ЛЬНЫ ЗАКО́Н,

гл. Камутатыўнасць.

т. 12, с. 282

ПЕРАМЯШЧЭ́ННЕ ў механіцы, вектар, які характарызуе змену стану матэрыяльнага пункта (часціцы) адносна выбранай сістэмы адліку за пэўны прамежак часу. Вызначаецца прырашчэннем (зменай) радыус-вектара r→ = r→ ( t ) часціцы за пэўны канечны прамежак часу Δt = t2 − t1 : Δr→ = r→2 − r→1 , дзе r1 і r2 — радыус-вектары рухомай часціцы ў момант часу t1 і t2 адпаведна. Элементарнае П. за малы прамежак часу dt вызначаецца формулай dr→1 = v→dt , v→ — скорасць часціцы. Адзінка модуля П. ў СІ — метр.

Элементарнае перамяшчэнне часціцы за малы прамежак часу.

т. 12, с. 282

ПЕРАНАПРУ́ЖАННЕ ў электратэхніцы,

павышэнне напружання электрычнага да значэнняў, небяспечных для электраізаляцыі эл. установак. Бывае ўнутранае (камутацыйнае) і вонкавае (атмасфернае).

Унутраныя П. ўзнікаюць пры рэзкіх зменах работы электраўстановак — выключэнні індуктыўнасцей (напр., ненагружаных трансфарматараў), ёмістасцей (ненагружаных ЛЭП), пры інш. камутацыях, а таксама пры кароткіх замыканнях, рэзанансах эл. сетак і інш. Павышэнне напружання, якое можа дасягаць 3—7 значэнняў фазнага напружання, абумоўлена вызваленнем эл.-магн. ці электрастатычнай энергіі, назапашанай у рэактыўных элементах ланцуга. Памяншаецца ўнутр. П. з дапамогай хуткадзейных эл. выключальнікаў, ва ўстаноўках з ізаляванай нейтраллю — зазямленнем нейтралі праз дугагасільную шпулю індуктыўнасці. Вонкавыя П. выклікаюцца разрадамі маланкі ў токаправодныя часткі або побач з імі ў зямлю (наведзенае П). Ад прамога ўдару П. можа дасягаць мільёнаў вольт, індуктаванае — 400—500 кВ. Ад атмасферных П. эл. ўстаноўкі ахоўваюцца разраднікамі (зніжаюць амплітуду хвалі), маланкаадводамі, ахоўнымі тросамі і інш сродкамі маланкааховы.

Схема аховы ад атмасферных перанапружанняў трансфарматарнай падстанцыі: Т — трансфарматар; ВМ — выключальнік маслены; ХП — хваля перанапружання; РВ — разраднік вентыльны; РТ1, РТ2 — разраднікі трубчастыя; Ш — шыны падстанцыі.

т. 12, с. 283

ПЕРАНАСЕ́ЛЕНАСЦЬ экалагічная,

часовы стан экасістэмы, пры якім колькасць асобін пэўнага віду перавышае ёмістасць асяроддзя для гэтага віду і з’яўляецца для яго лімітуючым фактарам.

У прыродных экасістэмах П. узнікае пры асабліва спрыяльных умовах размнажэння ці выжывання асобных відаў раслін ці жывёл. Непазбежна выклікае дэпрэсію колькасці інш. звязаных з імі відаў, а потым (праз самарэгуляванне колькасці папуляцыі) і дэпрэсію колькасці саміх перанаселеных відаў. У выніку П. ўзмацняецца біяцэнатычны адбор, які завяршаецца адноснай стабілізацыяй колькасці. У антрапагенных экасістэмах можа стварацца і падтрымлівацца мэтанакіравана пад кантролем чалавека (напр., на запаведных тэр. часам падтрымліваецца празмерна высокая шчыльнасць капытных з мэтай іх захавання і ўзнаўлення). Пры гэтым можа наносіцца свядомая шкода інш. кампанентам экасістэм (натуральнаму самааднаўленню лесу, пасевам с.-г. культур і інш.).

т. 12, с. 283