ПЕРАНАСЕ́ЛЕНАСЦЬ экалагічная,
часовы стан экасістэмы, пры якім колькасць асобін пэўнага віду перавышае ёмістасць асяроддзя для гэтага віду і з’яўляецца для яго лімітуючым фактарам.
У прыродных экасістэмах П. узнікае пры асабліва спрыяльных умовах размнажэння ці выжывання асобных відаў раслін ці жывёл. Непазбежна выклікае дэпрэсію колькасці інш. звязаных з імі відаў, а потым (праз самарэгуляванне колькасці папуляцыі) і дэпрэсію колькасці саміх перанаселеных відаў. У выніку П. ўзмацняецца біяцэнатычны адбор, які завяршаецца адноснай стабілізацыяй колькасці. У антрапагенных экасістэмах можа стварацца і падтрымлівацца мэтанакіравана пад кантролем чалавека (напр., на запаведных тэр. часам падтрымліваецца празмерна высокая шчыльнасць капытных з мэтай іх захавання і ўзнаўлення). Пры гэтым можа наносіцца свядомая шкода інш. кампанентам экасістэм (натуральнаму самааднаўленню лесу, пасевам с.-г. культур і інш.).
т. 12, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)