Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫТО́Н (грэч. rhytōn ад rheō цяку),

старажытная рогападобная пасудзіна ці рог для піцця з невял. адтулінай у ніжнім вузкім канцы. Выраблялі з рогу, металу, гліны, слановай косці і шкла, упрыгожвалі рэльефамі і гравіроўкай. Часам Р. мелі на канцы скульптурную выяву. Былі вядомы ў насельніцтва крыта-мікенскай культуры (2-е тыс. да н.э.), пашыраны ў стараж. Грэцыі, Індыі, Персіі, Месапатаміі, Сірыі, Малой Азіі, Рыме, часткова ў Егіпце. У жал. веку знаходкі Р. адзначаны на археал. помніках Польшчы і Літвы.

т. 13, с. 522

РЫТО́РЫКА (ад грэч. rhētorikē),

навука пра аратарскае мастацтва, або красамоўства. Узнікла ў Стараж. Грэцыі ў 5—4 ст. да н.э., склалася ў сістэму ў З—2 ст. да н.э., у Рыме — з 1 ст. да н.э. Дасягнула росквіту ў ант. л-ры (Арыстоцель, Цыцэрон, Квінтыліян). Ант. аўтары ўлічвалі 3 крыніцы красамоўства (прыродны дар, навучанне і практыкаванне) і 3 яго мэты — пераканаць, усхваляваць чытача і прынесці яму эстэт. асалоду. У сярэднія вякі і ў эпоху Адраджэння Р. набыла значэнне навукі пра ўсе віды выказвання (маст. і навук. проза, царк. казанні і дыспуты, судовыя і паліт. прамовы, дзелавая і сяброўская перапіска). Распрацоўвала стыліст. прыёмы маўлення і пісьмовых тэкстаў (іх вобразна-маст. выяўленасць) і была па сутнасці адной з ранніх форм нарматыўнай эстэтыкі і літ.-знаўства. У стараж.-рус. культуру Р. пранікла праз Візантыю, садзейнічала развіццю ва ўсх.-слав. рэгіёне аратарскага мастацтва і аратарскай прозы (творы Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча і інш.). У бел. рэнесансавай культуры вывучалася ў цыкле «сямі вольных мастацтваў», поруч з граматыкай, дыялектыкай, арыфметыкай, геаметрыяй, астраноміяй і музыкай. У канцы 16—17 ст. на Беларусі Р. вывучалі ў брацкіх, езуіцкіх і уніяцкіх школах. У перыяд рэліг. палемікі знайшла ўвасабленне ў творах палемічнай л-ры. Арыгінальныя трактаты па Р. у бел.-літ. рэгіёне стварылі М.​К.​Сарбеўскі, К.​Каяловіч, С.​Лаўксмін, рукапісныя лекцыі якіх сталі асновай курсаў у школах. У эстэтыцы барока Р. разглядалася як універсальная тэорыя ўсіх відаў «славеснага мастацтва», адначасова працягваліся традыцыі школьнай Р. як навукі пра красамоўства (рукапісныя трактаты М.​Цяцерскага «Лекцыі па рыторыцы з прыкладамі», 1734; К.​Нарбута «Кароткія ўводзіны да мастацтва рыторыкі» і інш.). З развіццём маст. прозы (канец 18 — пач. 19 ст.) мяжа паміж Р. і паэтыкай паступова знікала і яны склалі раздзелы літ.-знаўства. У працах Ф.​Н.​Галянскага «Пра красамоўства і паэзію» (1786), Э.​Славацкага «Пра красамоўства» (1809—14, надрук. 1826), Л.​Бароўскага «Заўвагі аб паэзіі і рыторыцы ў сэнсе іх падобнасці і розніцы» (1820) Р. і паэтыка разглядаюцца ў агульнаэстэт. плане як навукі аб прыгожых мастацтвах. У сучаснай тэорыі л-ры тэрмін «рыторыка» не ўжываецца, яе літ.-знаўчыя і лінгвістычныя праблемы сталі прадметам стылістыкі. Р. пакінула ў спадчыну нямала стыліст. прыёмаў, рытарычных і стылістычных фігур.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973.

У.​М.​Конан.

т. 13, с. 522

РЫТУА́Л (ад лац. ritualis абрадавы ад ritus рэліг. абрад, урачыстая цырымонія),

гістарычна сфарміраваная сістэма сімвалічных дзеянняў; састаўная частка традыц, і архаічных культур. Структуру Р. складае строга рэгламентаваная паслядоўнасць актаў, у т. л. вербальных (песнапенні і да т.п.), пазбаўленых утылітарнага сэнсу і накіраваных на ўзнікненне пэўных адчуванняў (рэлігійных, усемагутнасці ўлады, непарушнасці дадзеных абавязацельстваў і інш.). Першапачаткова Р. быў звязаны выключна з рэліг. практыкай; у сучасных грамадствах Р. існуе ў паліт. і сац. практыцы (афіц. ўрачыстасці, дыпламат. цырыманіял і інш.).

т. 13, с. 522

РЫТУА́ЛЫ ВО́ІНСКІЯ, цырыманіялы воінскія,

мерапрыемствы (дзеянні), якія праводзяцца ў час святкаванняў і ў паўсядзённых умовах. Уключаюць цырыманіялы прыняцця прысягі ваеннай, уручэння сцягоў і ўзнагарод, правядзенне парадаў, салютаў, урачыстых маршаў, жалобных мерапрыемстваў і інш. На Беларусі Р.в. адбываюцца пераважна на тэр. вайск. часцей, на месцах баявой і прац. славы народа; парадак іх ажыццяўлення замацаваны ў статутах Узбр. Сіл, настаўленнях і інструкцыях.

С.​М.​Абрамаў.

т. 13, с. 522

РЫТУРНЕ́ЛЬ, рытарнель (франц. ritournelle, італьян. ritornello ад ritorno вяртанне),

верш, напісаны трохрадковай страфой, у якой 1-ы і 3-і радкі рыфмуюцца, а 2-і без рыфмы. Звычайна 1-ы радок кароткі — складаецца з аднаго ці некалькіх слоў. Думка, закладзеная ў ім, развіваецца ў двух наступных радках. Узнік у італьян., потым у франц. паэзіі. У рус. л-ры сустракаецца ў паэтаў-сімвалістаў («Тры сімвалы» В.​Брусава). Вядома ў творчасці некаторых сучасных бел. паэтаў (В.​Вабішчэвіча, С.​Кавалёва). Напр., трохстрофны Р.​Э.​Акуліна:

Скруха
загарыцца ў сэрцы і патухне
памяці ссівелай завірухай.
Памяць
азавецца рэхам у тумане
і неразгаданая растане.
Сэрца
на самоту болем азавецца,
ды не скамянее ў паняверцы.

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 522

РЫТХЭ́Ў (Юрый Сяргеевіч) (н. 8.3.1930, пас. Уэлен Чукоцкай аўт. акр., Расія),

чукоцкі пісьменнік. Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1949—54). Друкуецца з 1947. Піша на чукоцкай і рус. мовах. Трылогія «Час, калі растаюць снягі» (1958—67), раманы «Айвангу» (1964), «Сон у пачатку туману» (1969), «Кідальніца гарпуна» (1971), «Канец вечнай мерзлаты» (1977), «Белыя снягі» (1980), «Магічныя лічбы» (1985), аповесці «Нунівак» (1962), «Блакітныя пясцы» (1963), «Снегапад у чэрвені» (1981), зб-кі аповесцей і апавяд. «Людзі нашага берага» (1953), «Чукоцкая сага» (1956), «Палярны круг» (1983) пра жыццё Чукоткі. Аўтар зб-каў вершаў, нарысаў, літ.-крытычных артыкулаў, кінасцэнарыяў. Піша для дзяцей. На бел. мову апавяданне «Шлюбная папера» пераклаў У.​Грудніцкі.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. Л., 1981;

Повести. Л., 1979;

Айвангу: Романы. М., 1980;

Дорога в Ленинград;

Полярный круг. Л., 1986;

Остров належды: Роман. М., 1987;

Интерконтинентальный мост: Легенда о будущем. Л., 1989;

Путешествие в молодость, или Время красной морошки: Повести и рассказы. М., 1991.

Літ.:

Шпрыгов Ю.М. Ю.​Рытхэу. Магадан, 1979.

т. 13, с. 522

РЫ́ТЭР ((Ritter) Герхард) (6.4.1888, г. Бад-Зодэн-Алендорф, Германія — 1.7.1967),

нямецкі гісторык. Брат усходазнаўца Гельмута Р. (1892—1971) і тэолага Карла Бернгарда Р. (1890—1968).

Вучань Г.Онкена. Праф. Гамбургскага (з 1924) і Фрайбургскага (1925—56) ун-таў. Удзельнік Супраціўлення нацысцкаму рэжыму, у 1944—45 зняволены. Прадстаўнік класічнай нац.-дзярж., прапруска-пратэстанцкай традыцыі герм. гістарыяграфіі. Даследаваў розныя перыяды гісторыі Германіі і метадалогію гісторыі. Аўтар прац «Лютэр» (1925), «Штайн» (т. 1—2, 1931), «Фрыдрых Вялікі» (1936), «Сіла дзяржавы і утопія» (1940, у 1948 перавыдадзена пад назвай «Дэманія ўлады»), «Сусветны ўплыў Рэфармацыі» (1941), «Еўропа і нямецкае пытанне» (1948), «Карл Гёрдэлер і нямецкі рух Супраціўлення» (1954), «Дзяржаўная палітыка і ваеннае рамяство» (т. 1—4, 1954—68), «План Шліфена» (1956) і інш.

т. 13, с. 522

РЫ́ТЭРА ХРЫБЕ́Т У гарах Наньшаня, у Кітаі, гл. Дакэн-Дабан.

т. 13, с. 523

РЫ́У-БРА́НКУ (Rio Branco),

рака ў Бразіліі, левы і самы вял. прыток р. Рыу-Негру (бас. р. Амазонка). Даўж. ад вытоку р. Урарыкуэра 1,3 тыс. км, пл. басейна каля 195 тыс. км². Цячэ па Гвіянскім пласкагор’і і Амазонскай нізіне. Летнія паводкі, зімовая межань. Сярэдні расход вады каля 5,4 тыс. м³/с. Суднаходная да г. Каракараі, пры высокай вадзе — да г. Боа-Віста.

т. 13, с. 523

РЫ́У-ДО́СІ, Досі (Rio Doce),

рака на У Бразіліі. Даўж. каля 600 км, пл. басейна 87 тыс. км². Вытокі на Пд хр. Сера-ду-Эспіньясу, цячэ па Бразільскім пласкагор’і, упадае ў Атлантычны ак. каля г. Рэжэнсія, утварае балоцістую дэльту. У сярэднім цячэнні парожыстая. Сярэдні расход вады каля 1,1 тыс. м³/с. Суднаходная ад г. Айморэс.

т. 13, с. 523