РЫТУРНЕ́ЛЬ, рытарнель (франц. ritournelle, італьян. ritornello ад ritorno вяртанне),

верш, напісаны трохрадковай страфой, у якой 1-ы і 3-і радкі рыфмуюцца, а 2-і без рыфмы. Звычайна 1-ы радок кароткі — складаецца з аднаго ці некалькіх слоў. Думка, закладзеная ў ім, развіваецца ў двух наступных радках. Узнік у італьян., потым у франц. паэзіі. У рус. л-ры сустракаецца ў паэтаў-сімвалістаў («Тры сімвалы» В.​Брусава). Вядома ў творчасці некаторых сучасных бел. паэтаў (В.​Вабішчэвіча, С.​Кавалёва). Напр., трохстрофны Р.​Э.​Акуліна:

Скруха
загарыцца ў сэрцы і патухне
памяці ссівелай завірухай.
Памяць
азавецца рэхам у тумане
і неразгаданая растане.
Сэрца
на самоту болем азавецца,
ды не скамянее ў паняверцы.

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)